24 января

USD

EUR

Столин

2C

Мы жылі ў Савецкім Саюзе: Заўсёды думаў пра людзей

01.12.2020

265

0

Бадай, многія згадаюць гэтага чалавека на фотаздымку, бо Генадзь Сцямпкоўскі – асоба ў раёне вядомая. Усё сваё жыццё ён прысвяціў развіццю сельскай гаспадаркі, і яго працоўны стаж складае 43 гады.
Нягледзячы на тое, што Генадзь Уладзіміравіч ужо 21 год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, ён да дробязяў узнаўляе падзеі мінулага. Былы старшыня калгасаў «Дружба», «Чырвоны сцяг» – цяперашніх ААТ «Кароцічы» і ААТ «Палессе-АВМ», уладальнік ордэна «Знак Пашаны», а яшчэ настаўнік для многіх кіраўнікоў нашага раёна. Упэўнена, чытачам будзе цікава гісторыя гэтага чалавека.

Будучыня за вучобай
Генадзь Сцямпкоўскі нарадзіўся ў вёсцы Рамель. Яго бацька быў курсантам малодшых камандзіраў Чырвонай Арміі, а маці родам з Дзяржынска Лельчыцкага раёна.
У сям’і было толькі двое дзяцей – ён і брат Яраслаў. Бацькі многа працавалі, трымалі вялікую гаспадарку. А Генадзь цягнуўся да ведаў. Пасля сямі класаў школы ў Рамлі пайшоў у Альшанскую сярэднюю школу. Калі была бездараж – ішоў пешшу, а ў добрае надвор’е ехаў на веласіпедзе за пяць кіламетраў. Прагны да вучобы, ён імкнуўся не прапускаць ніводнага занятку.
– Не перадаць словамі, наколькі мы, тыя дзеці, хацелі вучыцца. Нам не перашкаджаў ні дождж, ні снег. Я гадзінамі мог сядзець за падручнікамі, каб атрымаць добрую адзнаку. Настаўнікі, якія там працавалі, былі ад Бога. Яшчэ тады я зразумеў, што будучыня за навукай.
Пасля школы Генадзь паступіў ў Пінскі сельгастэхнікум, скончыўшы які ў 1961 годзе, вярнуўся дыпламаваным заатэхнікам у родны калгас «Запаветы Леніна» – цяпер ААТ «Палеская ніва». Тады кіраваў гаспадаркай Іван Сямёнавіч Гваздзюкевіч – уладальнік ордэна Леніна, ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Заўважыў ён таленавітага хлопца і даручыў яму адказную справу – узначаліць птушкагадоўчы комплекс, які ўваходзіў у склад Птушкагадоўчай прамысловасці СССР. За год гаспадарка здавала дзяржаве 1300 тон мяса і была лідарам у вобласці. Да слова сказаць, потым птушкагадоўчы комплекс узначаліў родны брат Яраслаў.
А Генадзь пасля года работы адправіўся ў армію. Службу нёс у палку грамадзянскай абароны ў Нагінску, што ў Маскоўскай вобласці.

Маладая сям’я
Яшчэ будучы галоўным заатэхнікам, Генадзь пазнаёміўся з Нінай Кірпічэнка – маладой настаўніцай геаграфіі з Магілёўскай вобласці, якая прыехала працаваць у Рамель. Аднойчы хлопец разам з сябрамі пайшоў у клуб, у якім танчыла Ніна. І так запала ў душу дзяўчына, што ён не стаў марудзіць. Падышоў на танцах і сказаў: «Я вас сёння павяду дадому». Тая ж, пэўна збянтэжыўшыся ад такога нахабства, заспяшалася з сяброўкай дадому. Ды так, што юнак ледзь дагнаў яе каля веснічак. Завязалася размова, а потым і каханне, якое яны пранеслі праз усё жыццё. Ніна стала не толькі яго жонкай, але і верным сябрам, дарадчыкам і, што самае галоўнае, заўсёды падтрымлівала мужа. Пажаніліся ў жніўні 1962 года. Нарадзілася дачка Валянціна, а калі жонка была цяжарнай сынам, Генадзя накіравалі на службу. Ніна паехала да мужа ў армію і цэлы месяц, пакуль былі летнія канікулы, сям’я здымала кватэру і жыла ў Нагінску. Дарэчы, Генадзь і ў арміі праявіў свае лідарскія якасці і быў сакратаром партыйнай арганізацыі батальёна. Калі нарадзіўся сын, якога назвалі ў гонар бацькі, старшага сяржанта камісавалі і ён вярнуўся ў калгас.

Галоўны эканаміст
Генадзь Сцямпкоўскі ўсюды паспяваў. Працуючы ў калгасе, ён не толькі паспеў ажаніцца, але і паступіць у Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава. Пасля арміі аднавіў вучобу і на працягу пяці гадоў атрымліваў эканамічную спецыяльнасць. У гэты час стаў галоўным эканамістам. Справы ў гаспадарцы ў той час шлі ўгару. У першую чаргу гэта стала магчымым дзякуючы Сакавіцкаму пленуму 1965 года, які паклаў пачатак новаму этапу аграрнай палітыкі ва ўмовах развітога сацыялізму.
Была распрацавана комплексная праграма ўздыму сельскагаспадарчай вытворчасці на працяглую перспектыву. Ствараліся спрыяльныя эканамічныя умовы для развіцця калгасаў і саўгасаў, паслядоўна ажыццяўлялася інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, удасканальвалася форма арганізацыі сельгасвытворчасці, павышаўся навуковы ўзровень планавання і кіравання галіной. З мэтай узмацнення матэрыяльнай зацікаўленасці калгасаў, саўгасаў і ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў павелічэнні вытворчасці, паляпшэнні якасці прадукцыі і росце прадукцыйнасці працы былі павышаны закупачныя і здатачныя цэны для калгасаў і саўгасаў на бавоўну, зерне, прадукты жывёлагадоўлі. Быў прыняты закон аб пенсійным забеспячэнні і сацыяльным страхаванні калгаснікаў, укаранёна ў практыку прамое банкаўскае крэдытаванне калгасаў.
«Запаветы Леніна» была адной з лепшых гаспадарак раёна. А Генадзя Уладзіміравіча чакала новая пасада – старшыні калгаса «Дружба» і пераезд у Кароцічы.

Старшыня
На новае месца жыхарства пераязджалі на трактары і грузавым аўтамабілі, які цягнуў гусенічны трактар – такое было бездарожжа. Жонка нават пачала злавацца па дарозе, маўляў, едуць чорт ведае куды. А ў сям’і ужо трое дзяцей было. Дачка Валя ў трэці клас хадзіла, Генадзь – у першы, а малодшы Эдуард, увогуле, у пялёнках быў. Генадзь падбадзёрваў жонку як мог. Пакрысе асталяваліся.
У калгасе «Дружба» справы ішлі не вельмі. Па мясе ён займаў 24-е месца, а па малаку – 26-е з 30-і гаспадарак раёна. У калгасе працаваць не хацелі з-за нізкай заработнай платы. 173 калгаснікі кідалі работу і ехалі на заробкі. Вось такім сустрэў сваё рабочае месца малады кіраўнік. Але не запанікаваў Генадзь Сцямпкоўскі, а рашуча ўзяў справы ў рукі. Трэба было мяняць мысленне людзей, а для гэтага – паказаць, што ў калгасе можна жыць. Будучы талковым эканамістам, Генадзь Уладзіміравіч у першую чаргу падняў заработную плату, каб людзі хацелі працаваць. З’явілася дысцыпліна. А потым узяўся за жывёлагадоўлю. У калгасе была свая свінаферма, таму пачалі нарошчваць вытворчасць мяса, павышаць якасць малака на фермах. Крок за крокам, і справы сталі паляпшацца. Пабачыўшы, як удала спраўляецца малады старшыня, кіраўніцтва раёна ўскладняе задачу і вырашае далучыць да «Дружбы» стратны калгас «Чырвоны сцяг», які быў у Вялікім Малешаве. І зноў давялося Генадзю Сцямпкоўскаму прымаць адказныя рашэнні. Было 10 сакавіка, а кармоў няма. Вырашылі прадаць бычкоў, не гадуючы да 350 кілаграмаў, каб хоць як-небудзь пратрымаць калгас на плаву. З усіх ферм перавезлі хворых кароў у Луткі, каб павялічыць надоі. Усю тэхніку, сродкі і людзей перакінулі з Кароціч у Вялікае Малешава. І павялічылі заработную плату людзям. Людзі спяшаліся на работу ў калгас, цанілі яе, жылі з яе, ганарыліся ёй. Быў падняты прэстыж работніка сельскай гаспадаркі. Калі калгасы раз’ядналі, Генадзь Сцямпкоўскі застаўся старшынёй ужо «Палесся-АВМ».

Настаўнік
«Ведаеце, а я заўсёды хацеў быць настаўнікам», – прызнаўся ў час размовы Генадзь Уладзіміравіч. І ён стаў ім для многіх. Пад яго кіраўніцтвам пачыналі свой шлях Адам Цярэнцьевіч Коваль, Аляксей Васільевіч Мікуліч, Іван Іванавіч Сямейка, Сцяпан Міхайлавіч Хоміч, Мікалай Захаравіч Зельманчук, Адам Пятровіч Кудласевіч…
Генадзь Уладзіміравіч заўсёды быў за людзей, цікавіўся іх праблемамі, вырашаў іх. Ён быў і застаецца душой за сельскую гаспадарку, наракае, што зараз моладзь не спяшаецца ёй займацца, маўляў, не прэстыжна. А як раней людзі да ўборкі рыхтаваліся, як беглі маладыя хлопцы і дзяўчаты на ток! Прыгадвае такі выпадак, як яго сын Эдзік цэлы дзень працаваў на таку, што аж вусны абветрыліся. Тады ён пашкадаваў яго, сам узяў лапату і пачаў разгружаць прычэп са збожжам. Генадзь Сцямпкоўскі многае зрабіў, таму зараз яго імя часта добрым словам згадваюць усе, з кім яму давялося працаваць.

Заслужаны адпачынак
На яго Генадзь Уладзіміравіч пайшоў у 1999 годзе пасля перанесенага інфаркту. Выраслі дзеці, раз’ехаліся. Дарэчы, усе пайшлі па бацькавай сцяжынцы – сталі эканамістамі і закончылі тую ж установу, што і ён. Валянціна – эканаміст раённага аддзела адукацыі у Скідзелі, Генадзь – галоўны бухгалтар аддзела рынку працы і садзейнічання занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, Эдуард – індывідуальны прадпрымальнік у Мінску. На жаль, 12 гадоў, як пайшла з жыцця яго Ніначка, якую ён калісьці дагнаў каля веснічак. Жыве Генадзь Уладзіміравіч у Альгомелі, у дыхтоўным доме, які пабудаваў сам і ў якім адбылася наша сустрэча.
«Героі сярод нас», – падумала я, развітаўшыся з маім суразмоўцам. І жадаю яму здароўя, радасці ў дзецях, унуках, не старэць душой і кожны дзень сустракаць у цудоўным настроі.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Р.S.: Дарэчы, рубрыку, пад якой змешчаны артыкул, прапанаваў сам Генадзь Уладзіміравіч. Усё ж ёсць што ўспомніць, і сярод нашых чытачоў многа тых, хто жыў у Савецкім Саюзе.

Автор публикации

не в сети 2 дня

admin

Комментарии: 1Публикации: 4176Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика