4 декабря

USD

EUR

Столин

2C

Малады чалавек года: Я тут свой

07.02.2020

500

0

Ёсць людзі, якія ўпэўнена крочаць да сваёй мэты і не баяцца цяжкасцяў. Адзін з такіх – Дзмітрый Кудласевіч з аграгарадка Кароцічы. Больш за два гады ён працуе інжынерам па ахове працы і тэхніцы транспартнай і пажарнай бяспекі ААТ «Кароцічы» і па выніках мінулага года з’яўляецца «Маладым чалавекам года» ў галіне сельскай гаспадаркі.
Нягледзячы на параўнальна малы тэрмін работы, Дзмітрый заваяваў давер у калектыве і да яго часта звяртаюцца па парады. Паважаюць старэйшыя калегі за разважлівасць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Ён ведае кожнага работніка ў гаспадарцы і пра тое, што вярнуўся на малую радзіму, ні разу не пашкадаваў. Але ж спачатку Дзмітрый думаў, што застанецца ў сталіцы і менавіта там уладкуе сваё жыццё. З такім намерам ён пасля заканчэння Кароціцкай сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Спецыяльнасць інжынера выбраў сам, бо з тэхнікай сябраваў з дзяцінства.
– Я старанна рыхтаваўся, бо хацеў паступіць толькі на бюджэт. І калі паступіў, быў бясконца рады. З вялікім жаданнем узяўся за вучобу, бо я не з тых студэнтаў, што разлічваюць на выпадковасць, таму да кожнага заліку і іспыту ставіўся з вялікай адказнасцю. Мне пашанцавала выбраць тое, што сапраўды было па душы.
А вось Мінск, як вялікі горад, адразу сустрэў шумам, бясконцым патокам людзей і машын, і мне стала няўтульна ў ім. Тады зразумеў для сябе, што ў вялікім горадзе наўрад ці змагу жыць, – дзеліцца юнак.

Як адзін з лепшых студэнтаў Дзмітрый атрымліваў стыпендыю, але на другім курсе вырашыў падзарабіць. Тым больш хадзіў у другую змену і зранку быў вольны час.
– З малых гадоў я ўсвядоміў, што трэба разлічваць на сябе. І так я лічу правільна. Чым раней чалавек зразумее гэта, тым хутчэй стане на свае ногі. Не падтрымліваю лю-дзей, якія ўвесь час спадзяюцца на бацькоў, на сяброў, на абставіны ці шчаслівы выпадак. Жыццё заўсёды дае магчымасці рэалізавацца і трэба імі карыстацца. І, канешне, трэба мець жаданне працаваць. Згодзен з народнай прымаўкай: хто працуе, таму і шанцуе. Я часта стаўлю перад сабой канкрэтныя мэты, якіх хачу дасягнуць. Аднойчы я захацеў зарабіць чатыры тысячы долараў. Працаваў-працаваў, зарабіў дзве. Спачатку засмуціўся, маўляў, разлічваў на большае. Але каб не было гэтай мэты, то і столькі б не зарабіў. Таму заўсёды стараюся рабіць па максімуму.
Пасля першага года навучання я асвоіўся ў горадзе, знайшоў сяброў. Да слова, большасць маіх аднагрупнікаў была з вёсак ці раённых цэнтраў Брэсцкай вобласці. З імі чаго мы толькі не перарабілі! Працавалі грузчыкамі, прыбіралі паркоўкі і памяшканні пасля рамонтаў, працавалі на будоўлях. Калі горад рыхтаваўся сустрэць Чэмпіянат свету па хакеі, спатрэбілася многа рук. Я ўладкаваўся па дагаворы падраду ў будтрэст і быў заняты на рэканструкцыі аднаго з інтэрнатаў. Працаваў амаль дзевяць месяцаў і зарабіў на сваю першую машыну. Маёй радасці не было мяжы! Цяпер я быў студэнтам з аўтамабілем.
Калі надышоў час размеркавання, Дзмітрый Кудласевіч ужо канчаткова вырашыў вярнуцца ў родны аграгарадок, таму і папрасіў дырэктара гаспадаркі Васіля Кудласевіча даць запыт.
– Усе свае практыкі я праходзіў дома, таму добра ведаў, што да чаго. Ды і хацелася, чэсна сказаць, дадому. Я тут свой. Чаго казаць, прозвішча Кудласевіч толькі ў канторы носяць яшчэ восем чалавек (смяецца). Да таго ж была магчымасць з чым параўнаць. У час вучобы давялося працаваць на Мінскім трактарным заводзе. Я, канешне, звык да ўсякай работы, але тут было рэальна складана. Па-першае, ты нікога не ведаеш і нават па параду не можаш звярнуцца. А па-другое, гэта такая работа, дзе нельга ні на хвіліну адлучыцца – канвеер жа не спыняецца. Я зразумеў, што гэта не маё, тым больш у горадзе не хацеў заставацца.
У ААТ «Кароцічы» адразу прапанавалі пасаду інжынера па ахове працы і тэхніцы транспарт-най і пажарнай бяспекі, на якой працую і зараз. Многа часу праводжу ў майстэрнях, гляджу, каб не парушаліся правілы бяспекі, каб людзі працавалі на будаўніцтве ў сродках засцярогі. Праводжу інструктаж па тэхніцы бяспекі, каб прадухіліць няшчасныя выпадкі на вытворчасці. Мой працоўны дзень пачынаецца з нарады. За дзень бываю на аб’ектах, вяртаюся ў кантору, дзе чакаюць паперы. А яшчэ як аднаму з маладых работнікаў мне даручана настройваць інтэрнэт, падключаць аргтэхніку і разбірацца з новымі камп’ютарнымі праграмамі, – усміхаецца Дзмітрый.
Трэба дадаць, што юнак і дома не адпачывае. Займаецца вырошчваннем агародніны, якую рэалізуе на кірмашах увосень. Для гэтай мэты ёсць невялікі мікрааўтобус, на якім вязе свой тавар у Салігорск. Самастойна зарабіў і купіў сабе новы, больш сучасны аўтамабіль. Калі патрабуецца рамонт, спраўляецца сам. Дапамагае бацька, які з’яўляецца тэлемайстрам. Маці ў Дзмітрыя ўсё жыццё працуе ў школе настаўнікам фізікі. Можна сказаць, тэхнічны склад розуму перадаўся ў спадчыну.
Прызнаюся, Дзмітрый выклікаў вялікую прыхільнасць. За такімі людзьмі, як кажуць у народзе, як за каменнай сцяной. Пакуль малады чалавек – халасцяк. Таму прыгледзьцеся, дзяўчаты!
Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Автор публикации

не в сети 16 часов

admin

Комментарии: 1Публикации: 3890Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика