1 октября

USD

EUR

Столин

14C

Аксану Альгамец з вёскі Сямігосцічы многія ведаюць, як… таленавітага дызайнера і майстра па рамонце

27.08.2020

515

0

Аксану Альгамец з вёскі Сямігосцічы многія ведаюць, як… таленавітага дызайнера і майстра па рамонце. 

З просьбамі аздобіць пакой ці ўпрыгожыць барыльефам сцяну да яе звяртаюцца не толькі аднавяскоўцы, але і жыхары  іншых населеных пунктаў. Валодаючы бездакорным мастацкім густам, Аксана выдатна з гэтым спраўляецца. Яна ведае пра ўсе віды тынкоўкі, разбіраецца ў фарбах і можа адрозніць усе адценні кожнага колеру.
Свой дом яна ператварыла ў міні-музей, у якім кожны пакой непадобны на іншы. Усе сцены і нават столя распісаны майстрам. Але галоўнае, што гэты дом напоўнены дзіцячым смехам, бо Аксана з’яўляецца маці пяцярых дзяцей і літаральна на мінулым тыдні ўдастоена самай галоўнай узнагароды для любой жанчыны – ордэна Маці.
Цікава тое, што Аксана не мясцовая. Нарадзілася ва Украіне ў сяле Высацк. Гадавалася разам з трыма сёстрамі і братам. Аксана малявала з самых малых гадоў, здзіўляючы сваімі здольнасцямі не толькі бацькоў і настаўнікаў. Сшытак па роднай літаратуры, у якім над біяграфіямі паэтаў і пісьменнікаў алоўкам былі намаляваны іх партрэты, пэўна і зараз захоўваецца ў школе як узор афармлення.
Скончыўшы базавую школу, Аксана паступіла ў вучылішча ў Дубровіцы і атрымала спецыяльнасць тынкоўшчыка-маляра самага высокага – чацвёртага разраду. Цяпер Аксана не толькі мела безліч ідэй у галаве, але і ведала, як іх ажыццявіць. Неяк у газеце прачытала аб’яву пра тое, што патрэбны спецыялісты па аздабленні дамоў у Кіеве. Валодаючы смелым характарам, у тую ж хвіліну сабрала рэчы і рушыла ў сталіцу.
Аднойчы з’явілася магчымасць зрабіць рамонт у аднаго  чалавека, які прыехаў з Індыі і набыў тут нерухомасць.
Аксана, нягледзячы на юны ўзрост і адсутнасць вопыту, запэўніла, што справіцца. І справілася. Яе работу высока ацанілі і прапанавалі супрацоўнічаць далей.
Якраз у гэты час дзяўчына прыязджае ў вёску Сямігосцічы да старэйшай сястры Яраславы. І… сустракае свайго будучага мужа Міхаіла.
Жыццё дзяўчыны паварочваецца на 180 градусаў – яна застаецца на Століншчыне. Згулялі  вяселле, на якім былі толькі самыя родныя. У сям’і нарадзіўся першынец Андрэй, які сёлета пойдзе ў 8-ы клас. Потым яшчэ адзін сыночак Аляксей, якому зараз 12 гадоў. Аднойчы Аксана злавіла сябе на думцы, што ў сям’і не хапае дачушкі. І нарадзіўся Арцём. А тры гады таму ў сям’і з’явіўся маленькі анёльчык – дачушка Адэлінка. Сын Мікіта толькі на год меншы за сястру, таму яны цудоўна ладзяць паміж сабой.
Дом, у якім жыве мнагадзетная сям’я, пабудавалі з мужам сваімі сіламі. Узялі ўчастак, выбралі план. Грошы, заробленыя ў парніку, збіралі капейку да капейкі. За адзін удалы сезон набылі амаль усе будаўнічыя матэрыялы.  Справілі наваселле, калі яшчэ не ўсё было падрыхтавана.
Але галоўнае, што гэта СВОЙ дом.  Пакуль дзеці спалі, Аксана чаравала над пакоямі. У ваннай быццам жывы дэльфін, у адным з пакояў красуюцца паўліны, а над ложкам, дзе спіць Андрэй, – цэлая сям’я леапардаў, а на кухні сярэдневяковы замак.
Аксана жартуе, што рамонт – гэта стыль яе жыцця. У час работы яна адпачывае, абстрагуецца, таму ёй патрэбна цішыня. Як сапраўдны мастак яна рэдка бывае задаволена сваімі работамі, бо ўпэўнена – дасканаласці няма межаў.
– Ці пашкадавала калі, што прыехала сюды?
– Канешне, не, наадварот, лічу свой візіт у Беларусь падарункам лёсу. У мяне ёсць каханы муж, сустрэча з якім, упэўнена, мне была наканавана. Мае дзеці – маё ўпрыгажэнне. Андрэй – такі вялікі і дарослы, па характары – копія я. Выконвае ўсю мужчынскую работу, пакуль  бацька на заробках. Займаецца спортам і марыць стаць фізруком. Самастойны і не па гадах разважлівы Аляксей, які сто раз падумае, перш чым скажа. Абажае кулінарыць, падпісаны на многія ютуб-каналы, а бульба-фры ў яго прыгатаванні – проста шэдэўр.  Арцёмка – гэта наша сонейка, бо заўсёды ў добрым настроі. Адэлінка – наша прынцэса. З маленства праяўляе характар, робіць тое, што лічыць патрэбным, і не кожнага адорыць сваёй усмешкай. Ну а нашага Мікітку мы зацалоўваем. У мяне ёсць свой дом, кожны куточак якога я люблю. У мяне ёсць сад – другое па значнасці маё захапленне. У ім расце 35 яблынь, 23 грушы, некалькі гатункаў сліў, вішань, абрыкосы, нектарыны, персікі, чатыры віды вінаграду, грэцкія арэхі, фундук. Я проста абажаю прыводзіць яго ў парадак.
Я столькі ўрокаў перавучыла з дзецьмі, што нават мову беларускую ведаю ўжо лепш, чым украінскую! У мяне ёсць усё, што патрэбна для шчасця. А як гаворыцца, ад дабра дабра не шукаюць.


Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Автор публикации

не в сети 16 минут

admin

Комментарии: 1Публикации: 3573Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика