11 апреля

USD

EUR

Столин

11C

4 красавіка – вялікдзень (па каталіцкім календары): Каталікоў у нас не крыўдзілі ніколі…

02.04.2021

172

0

Вёска Асавая мае вельмі багатую і цікавую гісторыю. Паводле падання, на яе тэрыторыі ў дахрысціянскія часы было язычніцкае капішча.

У пісьмовых крыніцах вёска Асавая ўпершыню згадваецца ў XVI стагоддзі – так, у мясцовых Карповічаў захоўваецца радавод з 1503 года. Тады браты Карповічы атрымалі ва ўласнасць зямлю ў Асаўской пушчы і стварылі тут паселішча. З імі прыехалі сяляне, якія аселі на ўрадлівых землях па суседстве — чатыры браты Лукшы, і называліся яны асаўцамі, а шляхецкі засценак – Асова Палеская. Мясцовая шляхта была каталіцкага веравызнання, таму пабудавала храм якраз каля капішча, якое знішчылі. У сярэдзіне XIX стагоддзя касцёл пераўтварылі ў праваслаўную царкву, пры якой адкрылі царкоўнапрыходскую школу, а ў 1879 годзе ўзвялі званіцу. Званіца, хоць і драўляная, захавалася да нашага часу. Царкву ж у 1967-м разабралі і пабудавалі мясцовы клуб, а арган, званы і абразы зніклі або былі знішчаны. І толькі ў 1995 годзе з дапамогай польскай дыяспары касцёл пачалі будаваць нанова, у стылі сучаснай готыкі. І сёння грама-дзяне Польшчы прыязджаюць да нас на магілы продкаў.
Напярэдадні каталіцкага Вялікадня карэспандэнт «НП» сустрэўся з Валерыянам Карповічам, які прыглядае за касцёлам Узнясення Дзевы Марыі. Падчас сустрэчы Валерыян Адамавіч правёў невялічкую экскурсію па дарозе ад свайго дома, які знаходзіцца зусім побач, да касцёла. У Валерыяна Карповіча ёсць ключы ад касцёла, званіцы.
– Раней невялічкія экскурсіі для гасцей праводзіла мая маці Яніна Станіславаўна. Але яна ўжо старэнькая, сіл няма. Прыходзіцца мне пераймаць яе вопыт. Вось за касцёлам размешчаны могілкі, на якіх пахаваныя адны толькі каталікі з ваколіц, – расказвае Валерыян Карповіч. – Напрыклад, тут знаходзіцца магіла Дамініка Арды, які быў прыхільнікам Напалеона Банапарта. На цвінтары знаходзіцца магіла ўдзельніка Першай сусветнай вайны, кавалера Георгіеўскага крыжа Антона Цэзаравіча Збарашэўскага. Прах ураджэнца Асавой Тадэвуша Наздрын-Платніцкага таксама прывезлі для пахавання каля касцёла – аж з далёкай Аўстраліі…
– Я таксама каталік. Усе мае продкі былі каталікамі. Мае дзеці таксама каталікі. Напрыклад, старэйшы сын Аляксандр сам вывучыўся іграць на аргане і доўгі час менавіта ён іграе ў Асавой на электронным аргане. Пэўны час працаваў настаўнікам у Стахаўскай школе, а зараз жыве ў Пінску і ходзіць у Францысканскі касцёл Успення Дзевы Марыі, дзе знаходзіцца самы вялікі арган у Еўропе – налічвае 1498 труб! І так, на ім таксама іграе мой сын.
Я крыху памятаю стары драўляны касцёл, мне тады было каля 10 гадоў. І на святы там збіралася вельмі многа людзей, не тое што зараз. Сёння адносна шмат людзей збіраецца на вялікія святы – Вялікдзень, Ражаство і іншыя – недзе каля 80-100 чалавек. Ды і то каталікоў – не больш за палову. Астатнія наведвальнікі касцёла – праваслаўныя. Хачу сказаць, што за ўвесь час, што я жыву, ні разу не было такога, каб каталікоў крыўдзілі нейкім чынам. Не скажу як дзе, але ў вёсцы гэта недапушчальна. Усе ж ведаюць адзін аднаго, сябруюць.
Калі вырашылі будаваць новы цагляны касцёл, то ў гэтым дапамагалі ўсе – і мужчыны, і жанчыны. Падавалі будаўнікам цэглу, раствор, ставілі рыштаванні і многае іншае. Дапамагалі будаваць як і тыя, хто нарадзіўся тут, але потым выехаў за мяжу, так і мясцовыя. Так, вялікі ўклад у будаўніцтва ўнёс былы старшыня мясовай гаспадаркі Сяргей Фядосавіч Лахадынаў і іншыя.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара і з архіва
Валерыяна Карповіча

Автор публикации

не в сети 2 часа

admin

Комментарии: 1Публикации: 4767Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика