Вырошчванне ўраджаю залежыць ад капрызаў надвор’я. Галоўныя пагрозы для раслін – вясновыя замаразкі, летняя засуха і рэзкія перапады цяпла. Што, у прынцыпе, і адбываецца апошнія гады – свежыя ў памяці леташнія вясновыя замаразкі і нядаўняя спёка да 39-40 градусаў, якая рэзка змянілася дажджамі і ўсяго 15-17 градусамі цяпла.
Але нашы аграрыі ў чарговы раз паказалі, што ўмеюць працаваць хутка – сабраліся і гуртом у гэтае невялічкае акенца на працягу 4-5 дзён убралі амаль увесь яравы ячмень, які звычайна і распачынае ўборачную кампанію.
Усяго ў раёне было ўбрана 94,4 працэнта плошчаў і намалочана 12,3 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 58,1 ц/га. Калі прааналізаваць, што летась пры не самых добрых прагнозах Століншчына атрымала рэкордны ўраджай, а азімы ячмень пакуль дае на 12,2 цэнтнера з кожнага гектара больш, то здаецца, што і ў гэтым годзе аграрыі могуць замахнуцца на новы рэкорд.
За ходам работ карэспандэнт «НП» азнаёміўся на прыкладзе ААТ «Новая Прыпяць», дзе ўборку пачалі трэцяга ліпеня – як раз на Дзень Незалежнасці. А што? Сельская гаспадарка – гэта тая галіна, дзе амаль няма выхадных. Толькі дазваляе надвор’е – усе ў палях.
– Мы, як ніхто іншы, сочым за прагнозам надвор’я і, такім чынам, плануем сваю работу, – гаворыць галоўны аграном ААТ «Новая Прыпяць» Алёна Карповіч. – Плошча азімага ячменю ў 200 га і наяўнасць 11-ці камбайнаў дазволіла скончыць работу за тры дні. У першы дзень уборкі абыйшлося без дажджу, на другі дзень пад вечар крыху падмачыла, таму ў нядзелю выйшлі ў поле не так рана, як хацелася б.
Але справіліся да вечара, і апошнія зярняткі ўпалі ў бункер камбайна яшчэ да заходу сонца. У выніку атрымаўся «каравай» вагой 1 054 тоны пры ўраджайнасці 52,7 ц/га, – працягвае размову галоўны аграном.
Тое, што жніво – гарачая пара ў прамым і пераносным сэнсе, сведчыць тое, што за ходам уборкі пастаянна сочаць галоўныя спецыялісты, якія ўвесь час побач з камбайнамі, тэхнікай на адвозцы, на зернатаку і сушыльных комплексах. Нягледзячы на тое, што сям-там напярэдадні ішоў невялічкі дождж, збожжа прама з поля было аптымальнай вільготнасці – 13-14 працэнтаў. А гэта азначае, што яго дапрацоўваць даводзілася мінімальна. Як след – менш выдаткаў на паліва і працу.
За тым, якое збожжа адпраўляецца з палёў на зернатакі пільна сачылі два маладыя спецыялісты – аграном Міхаіл Крупкевіч і аграном па ахове раслін Яўген Грыб. Прыемна адзначыць, што хлопцы – мясцовыя з Альшан і выбралі сваёй прафесіяй агранамію.
– Месца ў нас такое – сельскагаспадарчае, – гавораць спецыялісты. – Доўга над выбарам прафесіі не думалі. А вырошчваць цяпер мы можам ўсё – ад збожжавых да агародніны і садавіны.
Пакідаючы ААТ «Новая Прыпяць», у чарговы раз для сябе адзначыў, што нешта мяняецца ў псіхалогіі нашай моладзі і яна ўсё актыўней ідзе ў сельскую гаспадарку. Зразумела – нас ніхто другі не накорміць акрамя сябе. І харчовая бяспека краіны ў нашых руках.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара


















