Аляксандр Міхайлавіч – чалавек, для якога праца на зямлі – прызванне. Ён не ўпершыню носіць ганаровае званне «тысячніка». Кіруючы 20-тонным МАЗам, Аляксандр Некрашэвіч дэманструе не толькі майстэрства кіравання, але і працавітасць.
Калегі адклікаюцца пра яго як пра надзейнага і сціплага чалавека: ён не гоніцца за перамогай і ўзнагародамі, а проста сумленна выконвае сваю працу на карысць роднага краю. У яго асабістай калекцыі ўжо нямала ганаровых грамат і падзячных лістоў за добрасумленную працу ў сельскай гаспадарцы.
Кожная хвіліна ў полі падчас жніва – на вагу золата. Але ў гэты дзень праца была ненадоўга прыпынена дзеля ўрачыстага моманту. Бо павіншаваць перадавіка прыехалі паважаныя госці: старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Жыдзецкі, старшыня райкама прафсаюза аграрыяў Уладзімір Семянюк і дырэктар КСУП «Прыпяць-2009» Рыгор Курган.
– Тысяча тон перавезенага збожжа – гэта выдатны вынік, – падкрэсліў кіраўнік раёна Сяргей Жыдзецкі. – Я ўпэўнены, што гэтая лічба – толькі пачатак. Дзякую ўсім механізатарам, якія ад зары да зары працуюць на нашай хлебнай ніве. Менавіта дзякуючы вашаму прафесіяналізму мы адчуваем сябе ўпэўнена і рухаемся наперад.
Ад імя раённай прафсаюзнай арганізацыі выступіў Уладзімір Семянюк, які таксама павіншаваў перадавіка «Жніва-2026» і пажадаў далейшых поспехаў у працы.
Затым слова ўзяў дырэктар гаспадаркі Рыгор Курган.
– Такія людзі – гонар гаспадаркі і годны прыклад для моладзі. Думаю, што і далей мы будзем паказваць добрыя вынікі. За высокімі вынікамі мы не гонімся, але калі мы першыя – прыемна. Я ўдзячны Аляксандру Міхай-лавічу за яго працу і спадзяюся, што гэтая тысяча тон – не апошняя. У нас яшчэ шмат працы, і я веру, што калектыў здолее парадаваць новымі дасягненнямі.
Калі ў самога Аляксандра Некрашэвіча спыталі, у чым сакрэт яго поспеху, ён адказаў проста і па-мужчынску:
– Усё ў жаданні працаваць. Трэба не скардзіцца. Галоўнае – адказна падыходзіць да сваёй справы.
Віншуем Аляксандра Некрашэвіча з перамогай і жадаем новых рэкордаў на палях Століншчыны!
Вольга ГУСАК
Фота аўтара


















