у аг. Плотніца 16 чэрвеня пачалася ўборка ультраранняй бульбы.
Калі ў мінулыя гады на прылаўках магазінаў або на рынках у прыватнікаў можна было знайсці выключна імпартную раннюю бульбу – у асноўным азербайджанскую – то сёння дасведчаны айчынны спажывец можа справядліва разлічваць на свою родную, вырашчаную з палескай любоўю і каларытам.
За першыя два дні на паліцы беларускіх гандлёвых сетак ужо адправілі больш за 500 тон караняплодаў. У апошнія гады аграрыі занятыя тым, каб максімальна вырасціць і перапрацаваць тое, што можна прадаць. Але спачатку – забяспечыць унутраны рынак. Чым, уласна кажучы, і займаюцца нашы фермеры – браты Грыбы, якія на плотніцкіх і стахаўскіх землях вырошчваюць гародніну, садавіну і ягады – ад пекінскай капусты да яблыкаў і буякоў.
Асобнай лініяй у іх вытворчасці выдзяляецца вырошчванне бульбы.
З ходам збору першага ўраджаю карэспандэнт «НП» азнаёміўся на прыкладзе фермерскай гаспадаркі «Люберт».
Вырасціць ультрараннюю бульбу – справа клапатлівая. Фермеры Грыбы падабралі сорт «Каломба», адаптавалі тэхналогіі пад наш клімат і рызыкнулі.
– Пачыналі мы з 10 гектараў, – кажа кіраўнік фермерскай гаспадаркі Васіль Грыб. – За пяць гадоў плошчы павялічылі ў 20 разоў – да 200 гектараў. Вырошчванне ультраранняга сорта бульбы – гэта вялікая рызыка. Але па першых днях уборкі мы бачым, што гэтая авантура апраўдалася. Першага лютага мы занеслі насенны матэрыял у цяпліцы, адагрэлі, прарасцілі, а потым высадзілі і накрылі спанбондам. Паколькі вясна выдалася засушлівай, то прыйшлося рабіць паліў. Сёння ўраджайнасць складае каля 200-250 цэнтнераў з гектара. Праз два тыдні, у пачатку ліпеня яна будзе каля 400-500 цэнтнераў з гектара. У далейшым мы плануем павялічыць плошчу да 500 гектараў, каб закрыць цалкам увесь аб’ём нашай рэспублікі. Ды яшчэ на экспарт застанецца. Але ў нас пакуль няма такой магчымасці, бо няма дастаткова зямлі.
Зрабіць сельскую гаспадарку прыбытковым бізнесам і поўнасцю замясціць імпарт плодаагародніннай прадукцыі, уключаючы раннія і цяплічныя культуры, – задача, пастаўленая Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. У гэтым годзе плошчы пад бульбу ў краіне павялічылі на 15 працэнтаў. Аграрыі плануюць сабраць не менш за мільён тон ураджаю. Да палескіх зямель увага асаблівая. Павышэнне эфектыўнасці аграрнага сектара – адна з прыярытэтных задач маштабнай праграмы па развіццю Прыпяцкага Палесся. Гэта і ўкараненне лепшых практык працы на зямлі, і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, а ў цэлым – рост дабрабыту і якасці жыцця людзей.
Акрамя бульбы фермерскія гаспадаркі займаюцца вырошчваннем у адкрытым грунце сталовага бурака, морквы. Пад раннюю моркву, якая неўзабаве з’явіцца на прылаўках у гандлёвай сетцы, адведзена 150 га, а пад сталовы бурак – 40 га.
– Акрамя ранняй морквы мы пасеялі 100 га позняй, якая пой-
дзе на захоўванне і будзе радаваць вітамінамі нашых пакупнікоў восенню, зімой і летам, – працягвае Васіль Міхайлавіч. – А вось сталовы бурак вырошчваем толькі ранні.
Як адзначыў Васіль Грыб, ранняя морква і сталовы бурак ужо гатовыя да ўборкі. Але так як асноўныя сілы пакуль накіраваны на ўборку бульбы, задуму ўборкі іншай гародніны вырашылі адкласці на пачатак наступнага тыдня. Таксама фермер дадаў, што іх морква і буракі – адны з першых у краіне, якія трапяць на стол спажыўца.
У галіне агародніцтва важна падтрымліваць высокі ўзровень тэхналогіі на ўсіх этапах вытворчасці, пачынаючы з выкарыстання сучасных сартоў, захавання тэхналогій вырошчвання і ўборкі, прымянення метадаў абароны культуры ад хвароб і шкоднікаў і заканчваючы правільным захоўваннем атрыманага ўраджаю. Сёння ў фермерскіх гаспадарках братоў Грыбоў ёсць сучасныя складскія памяшканні, здольныя змясціць каля 30 тысяч тон будучага ўраджаю гародніны і яблыкаў. Але на гэтым браты Грыбы не спыняюцца, а працягваюць паляпшаць сваю інфраструктуру.
– Калі б мне гадоў нават 10-15 таму сказалі, што мы зможам захоўваць яблыкі да сакавіка, то я б не паверыў, – гаворыць Васіль Грыб. – Але цяпер гэта рэальнасць. Ва ўсіх сховішчах – клімат-кантроль, які пастаянна падтрымлівае аптымальны для кожнай гародніны тэмпературны рэжым. Гэта дазваляе захаваць прадукцыю выдатнай якасці да новага ўраджаю. Маглі б захоўваць яблыкі да красавіка-мая, але для гэтага патрэбны больш перадавыя газавыя камеры. Спадзяёмся, што з дапамогай дзяржавы зможам у будучым пабудаваць і такія сховішчы, каб цалкам пазбегнуць імпарту каштоўнага вітаміннага прадукту.
Што да бульбы «Каломба», то яна літаральна нагадвае ўсім вядомага дэтэктыва з серыяла – караняплод выглядае крыху «кудлатым», таму што не мае шчыльнага пробкавага слоя. Бульба не прызначана для доўгатэрміновага захоўвання, таму яе трэба ўжываць хутка. Але гэтая характарыстыка адыгрывае нязначную ролю. Цяпер яе купляюць людзі не для таго, каб папоўніць зімовыя запасы, а для таго, каб прыгатаваць смачныя і духмяныя стравы.
P. S. Вядома, расказваць аб прадукце, не паспрабаваўшы яго смак асабіста, было б у корні няправільна. Зразумела, што пра густ не спрачаюцца, а перавагі ва ўсіх розныя, але адварная бульба «Каломба» спадабалася. У меру развараная, жаўтаватага колеру, крыху салодкая. Калі вам падабаюцца гэтыя пункты – можаце смела браць, не памыліцеся. А ў выхадныя, калі будзе больш вольнага часу, праверым бульбу на трываласць нашымі беларускімі нацыянальнымі дранікамі! Думаю, што і з гэтай задачай карняплод справіцца. Як казала мая бабуля: «Цёплая бульба і так смачная!»
Злавіў сябе на думцы, што пры ўсіх роўных умовах заўсёды выберу «Зроблена ў Беларусі». Спажывецкі патрыятызм – гэта база. Як кажуць: «Свая кашуля бліжэй да цела». А вы як лічыце?
На момант напісання матэрыялу аптовая адпускная цана
складала 2,5 рубля за адзін кілаграм, а ў гандлёвай сетцы бульба прадавалася па цане каля 3 рублёў.
У далейшым, верагодна, цана будзе памяншацца.
Александр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара
1


















