
Парадак на зямлі
ЗА добраўпарадкаванне!
Нягледзячы на тое, што рэспубліканскі суботнік аб’яўлены толькі на 18 красавіка, жыхары Століншчыны не чакаюць «на пячы», а прыступілі да справы «закатаўшы рукавы» па самыя локці. А што – надвор’е дазваляе.
Райцэнтр і іншыя населеныя пункты ператварыліся ў сапраўдную будаўнічую пляцоўку і арэну добраўпарадкавання. Канешне, не обыходзіцца і без негатыву, але вашай увазе мы прапануем невялікі фотарэпартаж з месцаў.
Белавуша
Так, на гэтым тыдні школьнікі з Белавушы далучыліся да акцыі па добраўпарадкаванні роднага аграгарадка і пасадзілі каля мясцовага Дома культуры алею клёнаў.
– Нядаўна паміж Манькавічамі і Белавушай мы чысцілі тэрыторыю ад акацый, – кажа старшыня Белавушскага сельвыканкама Сяргей Трапец. – І там было шмат клёнаў. Выкідаць шкада, таму мы знайшлі ім прымяненне. Запрасіў школьнікаў і настаўнікаў, каб дапамаглі пасадзіць алею – яны згадзіліся. Дарэчы, менавіта рабяты восенню пачалі закладваць гэтую алею.
У цэлым работа па добраўпарадкаванні на тэрыторыі сельсавета кіпіць – на чарзе добраўпарадкаванне адных з чатырох могілак, а таксама прыбіранне смецця ў сасонніку ля Рыбнікаў.
– Кожны год мы праводзім акцыю па навядзенні парадку ў сасновым бары ў Рыбніках, – дадае Сяргей Трапец. – І адзначу, што з кожным годам смецця ўсё менш. Калі ў першыя гады вывозілі бутэлькі, пластык трактарам, то ў апошні раз сабралі ўсяго некалькі мяхоў. Гэта значыць, што людзі сталі менш выкідваць смецця.
Але гэта не тычыцца цэнтральнай вуліцы, якая да таго ж транзітная. Як адзначыў Сяргей Трапец з таго моманту, як сышоў снег, сіламі грамадскіх работнікаў было сабрана 295 кг шкляных бутэлек і 85 кг рознага пластыку. Усё было адвезена на станцыю сартавання.
Лыжка дзёгцю – скарга адной з маці, што дзяцей «застаўляюць» прыбіраць смецце па вуліцы ад школы да магазіна.
– Я ж бачу, якое смецце па вуліцы ляжыць – гэта бананавыя лупіны, абгорткі ад глазірованых сыркоў і таму падобнае, – разважае Сяргей Трапец. – Усё тое, чым кормяць у школе. І я думаю, што прывучаць дзяцей да працы – гэта нармальная з’ява. Нічога кепскага ў гэтым няма.
Струга
А ў Струзе і Малых Вікаравічах працягваюцца работы па асфальтаванні цэнтральнай вуліцы. Нагадаем, што менавіта ў Струзе ў гэтым годзе пройдуць раённыя «Дажынкі». А гэта значыць, што трэба якасна падрыхтавацца да свята.
Работнікі Столінскага ДРБУ-141 ужо заасфальтавалі амаль тры кіламетры дарогі першым слоем, каб выраўняць яе, а таксама прыступілі да другога слою. Будуць добраўпарадкаваны і аўтобусныя прыпынкі, помнік загінуўшым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны і выкананы іншыя работы.
Столін
Вялікі аб’ём работ у гэтыя дні можна назіраць у райцэнтры. Адзін з буйных аб’ектаў – капітальны рамонт дома
№ 44 па вуліцы Ульянава. Таксама кіпяць работы на аб’екце па бягучым рамонце дваравой тэрыторыі дамоў №№ 16 і 65 па вуліцах Леніна і Дзяржынскага адпаведна і іншае.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара



















