які ўжо больш за 30 гадоў працуе на ферме «Малешава».
Пра Івана Рыгоравіча можна сказаць, што прыгадзіўся там, дзе нарадзіўся, – у аг. Вялікае Малешава. У сельскую гаспадарку прыйшоў са школьнай парты – зарабляў першыя грошы на збожжатаку. Потым была армія, пасля якой вярнуўся ў родны калгас. Тагачасны галоўны заатэхнік Алена Баган накіравала ў жывёлагадоўлю ў аддзяленне для быкоў-вытворнікаў. Многаму даводзілася вучыцца ў старэйшых калег, а праз год Іван Дзямко адправіўся ў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, дзе праходзіў курсы.
– Мне было не толькі карысна, але і цікава, паколькі нідзе дагэтуль не вучыўся, – расказвае мужчына. – Са мной былі людзі старэйшага ўзросту і такія маладыя, як я. Яны дзяліліся вопытам, падказвалі, раілі. Таму вяртаўся дадому не толькі з новымі ведамі, але і з поўнай упэўненасцю, што выбраў правільны шлях.
Іван Рыгоравіч адзначае, што тады – у складаныя перабудовачные 90-я гады – у сельскай гаспадарцы затрымваліся толькі тыя, хто душой прыкіпеў да сваёй работы, бо даводзілася нялёгка. Жывёлагадоўлю таксама напаткалі змены – трэба было хутка вучыцца і асвойваць новыя тэхналогія. У 2004 го-дзе цалкам перайшлі на штучнае асемяненне сельскагаспадарчых жывёл, што выдатна адбілася на ўзнаўленні статка. Паколькі ад эфектыўнасці гэтага працэсу напрамую залежыць прадуктыўнасць фермы і рэнтабельнасць, то справы пачалі паляпшацца.
За гады змянілася і ферма – стала сучаснай і тэхнічнай. Павялічылася пагалоўе, якое зараз складае прыкладна
2 100 галоў, 1 100 з якіх – дойны статак. Нягледзячы на тое, што звесткі пра кожную карову ўнесены ў камп’ютар, Іван Рыгоравіч больш давярае праверанаму спосабу – штодзень асабіста аглядае жывёл.
– Можа, вас здзіўлю, але каровы мяне пазнаюць па голасе і… сустракаюць. Яны ўвогуле вельмі разумныя жывёлы – адчуваюць настрой і вельмі любяць ласку. З некаторымі нават пагутарыць магу (смяецца). Я ж кожны дзень да іх прыходжу, такая спецыфіка работы – няма выхадных і святаў. Але за столькі гадоў звык да такога графіку. Усё ж такі малочнатаварная ферма – гэта асноўная крыніца даходаў для ўсёй гаспадаркі, а значыць, заработнай платы працаўнікоў, у тым ліку маёй.
Прафесіяналізм і вопытнасць Івана Дзямко высока ацэнена не толькі ў межах гаспадаркі. У жніўні мінулага года ён заняў трэцяе месца ў абласным конкурсе майстэрства сярод аператараў па штучным асемяненні жывёл, які праходзіў у г. Іванава.
Акрамя майстэрства журы ўлічвала рэальныя дасягненні аператара за папярэдні год, колькасць пагалоўя, якую ён абслугоўвае, а таксама эфектыўнасць апладняльнасці і паказчык выхаду цялят на 100 кароў.
– Мне давялося сур’ёзна пазмагацца з лепшымі асемянатарамі з усёй вобласці за тое, каб трапіць у прызёры, – кажа мужчына. – Усе былі нацэленыя на перамогу, таму была значная канкурэнцыя. Паеду і ў гэтым годзе, таму рыхтуюся і разлічваю на перамогу.
Пакуль мы гутарылі, і сапраўды, да Івана Рыгоравіча адна за адной пачалі падыходзіць каровы, нават перашкаджалі фатаграфавацца. Той толькі ўсміхаўся, маўляў, пазналі.
Сваю любоў да сельскай гаспадаркі мой суразмоўца перадаў сыну Сяргею, які ў ААТ «Палессе-АВМ» працуе вадзіцелем. Другі сын Дзяніс – фельчар на хуткай дапамозе ў Пінску. А малодшая Дар’я закончыла 10-ы клас, пакуль толькі вызначаецца са сваёй прафесіяй. Жонка Людміла стварае надзейны тыл для свайго мужа.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















