З гэтай падзеяй юбілярку павіншавалі намеснік старшыні Альшанскага сельвыканкама Міхаіл Піваварэвіч, кіраўнік справамі Ганна Васюхневіч.
Аляксандра Сыса – карэнная альшанка. Разам з бацькамі, старэйшай сястрой і малодшым братам жыла на хутары, дзе зараз знаходзіцца аўтазапраўка. Узгадвае, што раней у гэтым месцы была вялікая гара, а на ёй маяк, які дапамагаў падарожнікам.
Сям’я была даволі багатая. У доме панаваў мір, які, на жаль, парушыла вайна.
– Мне тады 10 гадоў было, але ўсё выдатна памятаю, – узгадвае мая суразмоўца. – Мы чулі, што ў вёску зайшлі фашысты і занялі нашу школу, якая была ў цэнтры вёскі (зараз на гэтым месцы знаходзіцца дзіцячы садок № 1). А мы ж малыя былі, цікаўныя, пайшлі паглядзець. Не маглі ж сцяміць, што гэта злодзеі, якія прыйшлі захапіць чужую землю і знішчаць ні ў чым не вінаватых людзей.
На жаль, потым гэта давялося адчуць на сваім прыкладзе.
– Уначы мы чулі аўтаматную чаргу і выбухі. Баяліся спаць, туліліся да маці. Тая малілася, а слёзы вялікімі кроплямі падалі на сукенку. Паколькі мы жылі каля маяка, то заставацца было небяспечна. Бацька павёў нас з маці да суседа, каб схаваць у глыбокім падвале. Прыходзім, а з таго падвала ўжо многа вачэй пазірае. Тады мы рушылі ў цэнтр вёскі, каб укрыцца ў знаёмых. Па дарозе нас спыняе фашыст, пытае, куды мы ідзём. Настаўляе аўтамат. Маці на калены падае, моліць, каб адпусціў нас. Я больш ніколі ў жыцці не бачыла, каб яна так моцна галасіла. Ён прыказаў ёй сціхнуць і ісці ў бок возера Сежка.
Жанчына з дзецьмі падхапілася і пабегла з усяе сілы. Потым аднавяскоўцы перавезлі іх на другі бок возера. А там ужо шмат люду сабралася – бежанцаў з хутароў аколіцы Альшаны. Пайшлі ў Туры, дзе, як казалі, спакайней будзе. Дабіраліся праз лясы і балоты, дарог не было. У асноўным жанчыны з дзецьмі, многія з немаўляткамі на руках. Мужчыны засталіся абараняць свой дом, сваю вёску, сваю Радзіму.
Зараз у цэнтры аграгарадка Альшаны знаходзіцца брацкая магіла салдат, сяржантаў, афіцэраў, матросаў і старшын, якія загінулі ў баі за Альшаны.
Калі баявыя дзеянні спыніліся, маці маёй суразмоўцы разам з дзецьмі вырашыла вярнуцца дадому. Толькі замест яе было папялішча – хату спалілі фашысты. Давялося зноў ісці да аднавяскоўцаў, каб далі дах над галавой.
– Ведаеце, нас адразу ў некалькі сем’яў запрашалі, – узгадвае Аляксандра Міхайлаўна. – Вось у чым сіла нашага народу – у дабрыні і з’яднанасці. Мы з маці жылі ў чужой сям’і, хлеб з ёй дзялілі, пакуль бацька будаваў новую хату. Дзякаваць тым людзям. Яны разумелі, што вайна – гэта наша агульнае гора, гора беларускага народа, Радзімы.
Толькі тады радасць напаткала, калі скончылася вайна. Не ўсім салдатам, якія змагаліся за Радзіму, было наканавана вярнуцца ў вёску. Не ўсе маці дачакаліся сыноў. Не ўсе дзеці пабачылі сваіх бацькоў. Але трэба было жыць далей, аднаўляць краіну.
– Памятаю, як мы дапамагалі адной удаве, у якой трое дзяцей было на руках, – расказвае Аляксандра. – Бо разумелі, што так трэба. Ведаеце, усе разумелі. Такі быў час. І зараз сваім унукам кажу: дапамагайце адзін аднаму, бо ніхто не ведае, што будзе заўтра. А дабро заўсёды вяртаецца.
Сваё жаночае шчасце Аляксандра Міхайлаўна знайшла ў 1953 годзе, калі ажанілася з мясцовым хлопцам Мікалаем. У сям’і нарадзіліся тры сыны і дзве дачкі, адна з якіх – Лідзія – зараз жыве з маці і даглядае яе. Усё сваё жыццё юбілярка працавала ў мясцовым калгасе паляводам, у ліку лепшых значылася. На жаль, даўно няма на гэтым свеце мужа, без пары пайшлі з жыцця сыны. Але працягваюць род 15 праўнукаў Аляксандры Міхайлаўны. Вось і ў юбілей сабраліся яны ў хаце на беразе возера Сежка.
– Як трэба жыць, то трэба, – казала ім юбілярка. – На ўсё божая воля.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















