Мне пашанцавала прыехаць у той момант, калі ягады «пакідалі» свае зялёныя рады і фасаваліся ў спецыяльныя скрынкі для продажу. Разам з бацькамі ўвішна працавалі і пяцёра дзяцей.
– Мы імкнёмся прадаваць толькі той прадукт, у якасці якога ўпэўнены на 100 працэнтаў, – кажа Павел. – Рэпутацыя – вельмі каштоўная рэч у любым бізнэсе. Што тычыцца канкрэтна клубніц, то толькі другі год іх вырошчваем. Канечне, з жонкай доўга абмяркоўвалі, ці варта заводзіцца з гэтай ягадай, бо не сакрэт, што яна вельмі капрызная і патрабуе вялікага догляду. Ды і фінансавыя ўкладанні вялікія, шчыра вам скажу. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», вырашылі пасадзіць яе пакуль толькі на 20 сотках, каб моцна не рызыкаваць. На наша шчасце, у мінулым годзе нам удалося не толькі вярнуць страты, але і зарабіць. Сёлета пакуль яшчэ не падлічвалі канчатковы даход, але ўжо відавочна, што стратаў не будзе. Таму, магчыма, будзем павялічваць тэрыторыю.
У Альшанах, як ведаеце, людзі заўжды шукаюць спосабы, як зарабіць на зямлі. І мы не выключэнне. 20 сотак заняты буякамі, чарга якіх надыдзе ў другой палове лета. Ёсць свой невялікі сад, у якім спеюць яблыкі некалькіх гатункаў. Ну і, канешне, вырошваем традыцыйную гародніну – агуркі, памідоры, буракі, моркву, капусту. Усяго ў нас каля гектара зямлі, таму лета мы праводзім на «зялёным» моры работы.
Зараз падраслі памочнікі, таму спраўней стала. Старэйшаму Івану 13 гадоў – у курсе ўсіх спраў, адказвае за арганізацыю работы, пакуль бацька гандлюе. 11-гадовая Анжаліка з прыгожымі шэра-блакітнымі вачыма дапамагае падрымліваць парадак у доме, у тым ліку гаспадарыць на кухні. Мае выдатны густ і марыць стаць фларыстам. Сяргея, якому 9 гадоў, у сям’і жартоўна называюць загадчык гаспадаркі, бо ён дакладна ведае, дзе што ляжыць.
Скончыла першы клас Софія, у абавязкі якой уваходзіць забаўляць малодшага брата Давіда, які ў свае тры гады ўмудраецца ўсімі кіраваць і з якога не трэба зводзіць вачэй.
Дарэчы, Аліна Скрабейка ў гэтым годзе за нараджэнне і выхаванне пецярых дзяцей была ўзнагароджана ордэнам Маці.
– Я хацела вялікую сям’ю, бо няма большага багацця, чым родныя браты і сёстры, – кажа Аліна. – Прызнаюся, складана даводзілася, калі дзеці былі маленькія, а мы сваімі сіламі будавалі дом. Да таго ж я завочна атрымлівала прафесію настаўніка гісторыі, рускай мовы і літаратуры ў Мазырскім дзяржаўным універсітэце імя
І. Шамякіна. Дапамагалі бабулі, асабліва Праскоўя Міхайлаўна – вельмі мудрая і добрая жанчына. Яна і нам, і дзецям наказ давала, каб прыслухоўваліся да свайго сэрца, не былі ганарлівымі, не лічылі, што грошы – галоўнае на свеце. Безумоўна, неабходна працаваць, старацца дзеля дабрабыту, бо так пабудавана жыццё. Але ў першую чаргу трэба кіравацца такімі каштоўнасцямі, як дабрыня і спагадлівасць, чуласць і нераўнадушша. І я вельмі задаволена, што назіраю гэтыя якасці ў сваіх дзецях.
Павел пацвярджае кожнае слова сваёй каханай. У лістападзе будзе 14 гадоў, як яны крочаць разам і не могуць прыгадаць ніводнай спрэчкі, хоць розныя сітуацыі здараліся на іх сямейным шляху.
– На жаль, калі вучылася ў 10-ым класе, раптоўна пайшоў з жыцця мой бацька, – з сумам расказвае Аліна. – Мы з малодшым на год братам Яўгенам засталіся з матуляй, якой давялося адной падымаць нас на ногі. Вось тады я зразумела, што самае каштоўнае – гэта жыццё. І калі муж, бывае, засмучаецца з-за нейкіх праблем, грашовых у тым ліку, заўсёды кажу: усё гэта справа нажыўная. Трэба дзякаваць Богу за кожны дзень і радавацца нават дробязі, заўважаць прыгажосць вакол і знаходзіць час для блізкіх у штодзённай мітусні. І ён супакойваецца, пакідае сумныя думкі, і мы далей крочым наперад.
Вось як і зараз, калі весела і з ахвотай збірае клубнічны ўраджай сям’я Скрабейка, якая, несумненна, з’яўляецца гонарам нашага Палесся!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















