Фрытата, нагетсы, пельмені, запяканкі, дранікі, катлеты свіныя і рыбныя, шніцаль і біточкі курыныя... Не, гэта не старонкі кнігі кулінарных рэцэптаў, а стравы з рацыёну Хорскай СШ. Харчаванне тут, як і ў іншых школах, наладжана на трох перапынках. Па словах педагогаў, як правіла, дзяжураць старшакласнікі – разносяць талеркі з ежай па сталах. Што даспадобы прыходзіцца дзецям у першую чаргу? У спісе – нагетсы, курыныя катлеты, запяканкі. Навінкі гэтага года – вафлі са згушчаным малаком, пітныя ёгурты. Меншай папулярнасцю ў школьнікаў карыстаюцца салаты з марской капустай.
У Лядзецкай СШ акурат пачыналі прыём ежы навучэнцы пачатковай школы. Іх чакала каша з мандарынамі, белы хлеб з мёдам, какава. Повар Любоў Ляшук расказала, што меню распрацавана на дзесяць дзён, потым змяняецца на іншае. Навучэнцам прапанавана немалая колькасць разнастайных страў, сярод якіх – біточкі курыныя, зразы, салаты, бульбяное пюрэ, розныя віды каш, катлета «Прыгажуня» і іншыя. У «любімчыках» у дзяцей каўбаскі запечаныя, блінчыкі, стравы з бульбы. На жаль, меншы апетыт і цікавасць у школьнікаў выклікаюць вырабы з рыбы і печані.
Размова пра харчаванне вя-дзецца як на класных гадзінах, так і падчас бацькоўскіх сходаў. Педагогі расказваюць, тлумачаць важнасць правільнага харчавання і ўжывання якасных прадуктаў. Аднак нават самае ідэальнае меню можа быць непрывабным, калі дома дзіця харчуецца зусім інакш. Школа дае ўсе магчымасці, але фундамент культуры ўжывання ежы закладваецца менавіта ў сям’і. Мяркуйце самі: калі дома прынята перакусваць на бягу бутэрбродамі ці сухарыкамі, то школьная грэчка з катлетай будзе здавацца дзіцяці нясмачнай у любым выпадку.
Праз колькі хвілін талеркі ў многіх былі чыстыя. Запытала ў школьнікаў, што ім падабаецца больш за ўсё, і ў адказ пачула: «Пельмені, каўбаскі, пюрэ».
У Стружскай СШ абедзены зал абнавіўся да непазнавальнасці. Перад навучальным годам тут быў зроблены рамонт – заменены падлога, столь, вокны. Новы від стварае ўтульную і акуратную абстаноўку, у якой і есці прыемна. У час наведвання школы карэспандэнтам навучэнцы дзявятых класаў якраз накрывалі сталы для прыёму ежы. Старшакласнікам у той дзень прапанаваліся курыныя аладкі, макароны і салат з памідораў. Наогул, разнастайнасць страў даволі вялікая: кашы, салаты, рыбныя аладкі, бульба тушаная, свіныя катлеты, каўбаскі і інш.
Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Алена Ардашэўская, у гэтым навучальным годзе змяніліся падыходы да арганізацыі харчавання школьнікаў па ўсёй краіне, у тым ліку і ва ўстановах адукацыі нашага раёна. Пры аднаразовым харчаванні ўвёўся адзіны від прыёму ежы, які ў першую змену называецца другі сняданак, у другую змену – падвячорак, і складаецца з трох страў (салата, гарачая страва і напітак).
Удасканалены падыходы па прымяненні натуральных норм пры адна- і двухразовым харчаванні, а таксама па складанні і змяненні прыкладных рацыёнаў. Гэты крок даў магчымасць больш дынамічна падбіраць стравы, зыходзячы са смакавых пераваг дзяцей. Новаўвядзеннем з'яўляецца і тое, што навучэнцы падзелены на тры групы па класах – першыя-пятыя, шостыя-восьмыя і дзявятыя-адзінаццатыя класы замест дзвюх узроставых груп, якія былі раней (6-10 гадоў і 11-18 гадоў). Гэта забяспечвае лепшы ўлік патрэб дзяцей, звязаных з іх узростам. З першага верасня памер грашовых норм расходаў на харчаванне павялічыўся на пяць працэнтаў, а далей, штогод, будзе расці «аўтаматычна» з улікам змянення рознічных цэн на прадукты.
Значна пашырыўся пералік прадуктаў для выкарыстання ў харчаванні, у тым ліку за кошт гатовых мясных, рыбных, мучных і іншых паўфабрыкатаў, якія адпавядаюць патрабаванням прадукцыі для дзяцей, зняты абмежаванні па выкарыстанні хлебабулачных вырабаў, сала і мясных паштэтаў.
Увогуле, за апошнія некалькі гадоў праведзена значная работа, каб дзеці атрымалі не толькі карысную і збалансаваную ежу, але і каб гэта было смачна. Для навучэнцаў распрацаваны прыкладныя рацыёны харчавання, дзе прапанаваны новыя і цікавыя стравы. Як паказвае практыка, дзецям прыходзяцца даспадобы стравы з паўфабрыкатаў. Аднак калі тая ці іншая страва не спадабалася і ідзе ў адходы, тэхнолагамі цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэт-ных арганізацый Столінскага раёна на замену прапануецца новая, раўнацэнная па каларыйнасці папярэдняй. Так яны змяняюцца, пакуль рацыёны не будуць скарэкціраваны да максімальна дасканалых з улікам смакавых пераваг дзяцей.
Дарэчы, да пачатку навучальнага года праведзена ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аб'ектаў харчавання ўстаноў адукацыі. Усяго для школ і садоў набыта больш за 30 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання на суму каля 130 тысяч рублёў.
Арганізацыя харчавання ў школах – зладжаны працэс усіх зацікаўленых спецыялістаў сістэмы адукацыі, якія разумеюць яго важнасць для дзяцей і падлеткаў. Выкарыстанне якасных прадуктаў дазваляе зрабіць школьны рацыён збалансаваным і сакавітым, а дзіця выгадаваць здаровым, бадзёрым і моцным.
Святлана МАРОЗ
Фота аўтара


















