Жанчыны ў сельскай гаспадарцы заўжды былі лакаматывам, бо выконвалі самыя складаныя задачы. Адна з іх – Алена Іванаўна Баган з аграгарадка Вялікае Малешава, якая прысвяціла жывёлагадоўлі 45 гадоў свайго жыцця. Даволі значны прамежак часу, але і зараз жанчына не губляе цікавасці да прафесіі, якую выбрала сэрцам у 1976 годзе.
Менавіта тады яна паступіла ў Гродзенскі сельскагаспадарчы ўніверсітэт на дзённае аддзяленне зааінжынернага факультэта. Да гэтага яна год пасля заканчэння школы правацала на ферме ў мясцовым калгасе «Запаветы Леніна», таму ўжо прыкладна ведала, што яе чакае.
Праходзіла практыку маладая студэнтка ў адным з буйнейшых на той час калгасаў у краіне «40 гадоў Кастрычніка» ў Альшанах, куды і планавала вярнуцца. Але пасля заканчэння інстытута яе накіравалі ў Жабінкаўскі раён, дзе ў калгасе «Рассвет» пачала сваю дзейнасць у якасці заатэхніка.
– Вельмі ўдзячна першаму месцу работы, на якім працавала чатыры гады.Там ужо выкарыстоўваліся сучасныя тэхналогіі, таму многаму вучылася на практыцы. Мне было ўсё цікава, з інтарэсам прымала ўдзел ва ўсіх семінарах і конкурсах, і ў будучыні мне вельмі спатрэбіўся гэты вопыт, – узгадвае Алена Іванаўна.
А спатрэбіўся ён ужо на малой радзіме ў калгасе «Дружба», які ўзначальваў малады кіраўнік Генадзь Сцямпкоўскі. Паколькі яна прыйшла пасля аб’яднання дзвюх гаспадарак – Кароціцкай і Вялікамалешаўскай – работы было шмат. А як цяжка даводзілася бедным даяркам? Ім спачатку трэба было прыбраць гной, дагледзець жывёлу і толькі потым даіць. Механізацыя таксама пакутавала, тэхнікі няма, а тая, што ёсць, патанае ў канавах і далінах. Вырашылі сур’ёзна ўзяцца за жывёлагадоўлю, каб яна пачала прыносіць грошы. Зрабілі міліярацыю, увялі ва ўжытак новыя землі. І паступова справы пайшлі ўгору.
– Зацікавіліся і работнікі, якія пачалі атрымліваць значна большую заработную плату і, што самае галоўнае, своечасова, – прыгадвае Алена Іванаўна. – Тады ў гаспадарцы працавала 40 даярак. Прызнацца, спачатку цяжка было знайсці агульную мову – многія з іх мне ў маці падыходзілі. А тут яшчэ і кіраваць імі буду. Давялося праявіць настойлівасць і строгасць, даць зразумець, што яны – гэта частка вялікага механізму, і ад работы кожнай з іх залежыць агульны вынік. І чым лепшы ён будзе – тым больш яны заробяць. Потым, калі ўжо справы выраўняліся, нават дзякавалі мне. Таму раю маладым спецыялістам, якія толькі-толькі прыступілі да работы, не пасуйце перад цяжкасцямі, не паддавайцеся ўплыву абставінаў. Заўсёды прытрымліваюся выказвання: рабі тое, што трэба, а будзе, як будзе. А вось з работнікамі-мужчынамі мне было спраўней. Памятаю, імчу на веласіпедзе на пашу, а пастухі здалёк ужо вітаюцца. Ды і даглядчыкі таксама ў мяне адказна працавалі. Нават цяпер, дзе сустрэнуць, то абавязкова з усмешкай прыгадваюць, як іх трымала ў вожыкавых рукавіцах.
Алена Іванаўна за гады сваёй работы ў жывёлагадоўлі дакладна ведае ўсе тонкасці кожнай спецыяльнасці – ад селекцыянера, з якога пачынала, да брыгадзіра вытворчай брыгады МТФ «Вялікае Малешава» ААТ «Палессе-АВМ», адкуль пайшла на заслужаны адпачынак. Але і зараз Алена Іванаўна тэлефануе ў гаспадарку і цікавіцца справамі.
– Ферма для мяне – як яшчэ адно дзіця. Успамінаючы, з чаго пачыналі і чаго атрымалася дасягнуць, канешне, мяне апаноўвае гонар. Таму вельмі хвалююся, каб справы ішлі добра. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць усім, хто быў на маім жыццёвым шляху, і пажадаць поспехаў тым, хто прыме маю змену. А калі буду патрэбна, то я заўсёды побач,– кажа Алена Баган.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















