Старэйшаму Аляксандру ўжо 16 гадоў, Мікіце – 15, Станіславу – 13, Васіль пойдзе ў пяты клас, а любіміца Злата – у дзіцячы садок.
Вялікая сям’я – вялікі клопат, бо гадаваць дзяцей – задача хоць і ганаровая, толькі нялёгкая. Але бацькі з ёй выдатна спраўляюцца, ды яшчэ паспяваюць шчыраваць на карысць радзіме, з’яўляючыся работнікамі ААТ «Новая Прыпяць». Жывёлаводам на МТФ «Цагельня» працуе Уладзімір, якога за адказнасць і руплівасць паважае кіраўніцтва. А Валянціна не так даўно на раённым конкурсе майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл, узнаўленні статка і племянной рабоце стала лепшым маладым заатэхнікам-селекцыянерам, які працуе ў гаспадарцы ад двух да пяці гадоў. Як удаецца сумяшчаць ролю бацькоў і прафесійныя абавязкі, што самае галоўнае прывіваюць сваім дзецям, і колькі зараз каштуе сабраць сына-падлетка ў школу – гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі падчас нашай сустрэчы.
– Раней, калі дзеці былі маленькія, складаней даводзілася: хату дабудоўвалі, грошы зараблялі, – пачала Валянціна. – Самае галоўнае, што ўсё паспявалі, пэўна, мала-дзейшыя былі (смяецца). Нашы дзеці бачаць, што мы многа працуем, таму таксама імкнуцца быць пры справе. Я нават не прыгадаю, калі даводзілася іх аб чымсьці прасіць двойчы. Бо ведаюць, грошы ў рукі самі не прыходзяць, трэба клапаціцца пра свой дабрабыт.
І сапраўды, лёгкай работу бацькоў не назавеш. Адзін толькі графік чаго варты. У абодвух дзень пачынаецца ў пяць гадзін раніцы. Відавочна, што такі тэмп могуць вытрымаць толькі тыя работнікі, якія любяць сваю справу. Аказваецца, на гэта ёсць прычына, бо любоў да жывёлагадоўлі перадася ім у спадчыну. У Валянціны маці працуе на ферме цялятніцай, а сястра – лабарантам. Маці Уладзіміра таксама ўсё жыццё працавала жывёлаводам, ім жа з’яўляецца і старэйшы брат, а малодшы – кіраўніком вытворчага ўчастка. Вось такі сямейны падрад ёсць у ААТ «Новая Прыпяць». Работа адказная і патрабуе пастаяннага кантролю і канцэнтрацыі, бо жывёлагадоўля – галіна сельскай гаспадаркі, якая прыносіць асноўны прыбытак і выпадковым людзям тут не месца. Пра адказнасць і ўсвядомленнасць бацькі часта размаўляюць са сваімі дзецьмі.
– У гэтым годзе выпускніком будзе наш старэйшы сын, а другі пойдзе ў дзявяты клас, таму, безумоўна, мы падымаем тэму выбару прафесіі і паступлення, – кажа Уладзімір. – Захочуць працягнуць нашу сямейную дынастыю ці выберуць іншую прафесію – выключна іх рашэнне. Мы імкнёмся не толькі слухаць, але і чуць нашых дзяцей, каб зразумець, што ім больш даспадобы. Але пра важнасць атрымаць адукацыю нагадваем пастаянна. Зараз яна патрэбна ўсюды, у тым ліку і ў сельскагаспадарчай галіне. Ад дасведчанасці і прафесіяналізму залежыць не толькі твая рэпутацыя, але і рэнтабельнасць усяго прадпрыемства. Яны ўсё разумеюць, таму ў нас ніколі не было праблем з вучобай. Як гаворыцца, што пасееш, тое і пажнеш.
– Дарэчы, зусім хутка новы навучальны год. Цікава, колькі для вашай сям’і каштуе падрыхтаваць дзяцей да школы?
– Сапраўды, гэта даволі актуальнае пытанне, паколькі мы загадзя плануем гэты расходны артыкул у сямейны бюджэт, – дзеліцца мнагадзетная маці. – У сярэднім на кожнага нашага школьніка неабходна будзе каля 1 000 рублёў, і гэта толькі на першы час. Тым больш у нас сёлета выпускнік, якому спатрэбяцца дадатковыя сродкі. Звычайна мы набываем адзенне і абутак толькі ў канцы лета. Бо адзін вырасце, другі худзейшы стане, а які, наадварот, набярэ вагу. Гэта ж падлеткі, самі разумееце. Нягледзячы, што зараз мноства маркетплэйсаў, асабіста я аддаю перавагу традыцыйным гандлёвым кропкам – магазіну альбо рынку. Каб адразу можна было памераць і бачыць – падыходзіць ці не. Як гаспадыня, вялікую ўвагу надаю якасці адзення і абутку. Лепш аддаць больш грошай і даўжэй насіць. Магу адзначыць, што рэчы нашай айчыннай вытворчасці даволі трывалыя і якасныя, таму магу смела раіць іншым – купляйце беларускае! Што тычыцца дапамогі ад дзяржавы, якая прызначана мнагадзетным сем’ям (159.11 рубля – 30 працэнтаў пражытачнага мінімуму), то яе, канешне, не хапае. Але лыжка дарагая да абеду, таму яны ідуць на вучэбныя сшыткі і іншую канцылярыю. Дарэчы, калі спатрэбяцца грошы на адукацыю, у нас ёсць падстрахоўка – мацярынскі капітал. Гэта выдатна, што дзяржава клапоціцца пра сваіх грамадзян. Толькі ўсё роўна спа-дзявацца трэба толькі на сябе і свае рукі. Калі хочаш штосьці мець, калі ласка, працуй.
Таму сям’я Пінчукоў дадаткова займаецца вырошчваннем агародніны. У невялікіх аб’ёмах, але лішкавымі грошы не бываюць. Тым больш зараз ёсць дапамога ад сыноў. А вось пяцігадовая Злата больш любіць сумесны сямейны адпачынак – пасмажыць сала альбо адправіцца на прыроду.
Пагутарыўшы з Уладзімірам і Валянцінай, заўважыла, як яны дарэчна дапаўняюць адзін аднаго. Відавочна, што ім знаёмыя словы кампраміс, узаемадапамога, клопат. І гэта самае галоўнае.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















