І
Польшча. Сакавік 1945 года.
На вуліцы ўжо сцямнела, калі дабраліся да нейкага замка пад Варшавай. У ім было і вырашана пераначаваць. Камандзір узвода даў загад размясціцца ў пакоях, знайсці сабе ложкі.
Вольга ведала: заўтра жорсткія баі будуць. Таму ёй, як санінструктару, трэба адпачыць. Дзяўчаты, якія служылі разам з ёй, таксама стомлена паваліліся на прыгожыя канапы, якія стаялі ў вялізнай зале. Не было сіл нават гаварыць. Толькі моўчкі разглядалі ўбранне замка, які, відаць, быў пакінуты гаспадарамі ў спешцы.
ІІ
Вольга родам з маленькага хутара на Магілёўшчыне. Жылі ў звычайнай сялянскай хаце, трымалі гаспадарку. Тры браты ў яе было, а яна – адзіная дачка. Таму маці плакала вельмі, калі даведалася, што Вольга надумалася паступаць у медыцынскае вучылішча і ехаць у Магілёў. Але дзяўчына настаяла на сваім і, сабраўшы рэчы, пайшла прасіць суседа, каб на конях да чыгункі давёз. Маці зразумела, што трэба змірыцца, і пайшла праводзіць дачку. Моцна абняла, пацалавала ў галаву, пагладзіла па густых чорных валасах, уздыхнула і перахрысціла Вольгу. Яшчэ не ведала тады, што доўгіх сем гадоў яе не пабачыць.
Медыцынскае вучылішча знаходзілася амаль у цэнтры, таму без праблем знайшла яго.
Усе экзамены Вольга здала на адныя пяцёркі – добра вучылася ў школе. Маці ніколі не замінала вучобе, нават на поле з сабой не брала, бо бачыла, што дзяўчынка кемлівая расце. А вось браты злаваліся, маўляў, чаго яна з імі не працуе. Меншы на два гады Валодзя больш за ўсіх абураўся. А потым і сам сваю фізіку старанна вучыў. Хацеў важнае адкрыццё зрабіць і стаць знакамітым, як Альберт Эйнштэйн. І сястра яго больш за ўсё падтрымлівала. Дасылала яму лісты, расказвала, як гэта цікава – вучыцца. Пра сябровак сваіх расказвала, асабліва пра дзяўчыну з прыгожым імем Бэла. Бойкая, смелая, здавалася, яна нічога не баялася. Нават хлопцы не ўсе такі характар мелі, як яна. Стараста групы, заўсёды прыходзіла на дапамогу, вырашала спрэчкі паміж усімі і гучна смяялася. Вольга абяцала брату абавязкова пазнаёміць яго з Бэлай, калі ў госці прыедуць пасля апошняй сесіі.
Яе, на шчасце, сяброўкі здалі на выдатна і ўжо ўяўлялі, як будуць у белых халатах па бальніцы хадзіць. Дамовіліся адзначыць заканчэнне вучылішча ўсёй сваёй дружнай групай. Вольга з Бэлай усё думалі, якія ж сукенкі ім выбраць. У кафэ ж, пэўна, юнакі будуць. Трэба быць прыгожымі. Вольга захацела апрануць чырвоную, а Бэла вельмі любіла сваю белую з доўгімі рукавамі. Папрасавалі іх, павесілі на шафы, прыгатавалі чаравікі. Дзяўчаты яшчэ доўга шчабяталі, не маглі заснуць, чакаючы радаснай падзеі.
ІІІ
Нарэшце сон змарыў іх. А прачнуліся ад страшнага гулу, які было чуваць адусюль. Спалоханыя сяброўкі не разумелі, што здарылася, таму апранулі, што было пад рукой – свае падрыхтаваныя сукенкі, і выбеглі на вуліцу.
– Вайна пачалася! – крычалі людзі. – Вайна!
Вольга з Бэлай вырашылі дабірацца да вучылішча. Яны ведалі кароткую дарогу, якая ішла праз двары, таму праз хвілін дзесяць былі на месцы. А там ужо ўсе збегліся: і студэнты, і выкладчыкі. І многа людзей у ваеннай форме.
– Башнікава і Хорава, за мной, сядайце ў машыну, – скамандаваў адзін з іх. – Хутчэй! Хутчэй!
Вольга не паспела і слова сказаць, як разам з сяброўкай яны імчалі па вуліцы да чыгункі. Там ужо чакаў поезд.
– Таварыш афіцэр, вось яшчэ медсёстры! – дакладваў ён сівому мужчыну гадоў 50-ці. – Дырэктар вучылішча сказаў, што потым дашле іх дакументы. Сёння павінны былі дыпломы ўручыць у 13.00. Не паспелі.
Вользе стала страшна, вельмі страшна. Вакол мітусня, людзі плачуць, бегаюць туды-сюды. Хто з дзецьмі на руках, хто з чамаданамі, нават з катом адна бабуля была. Слёзы паліліся ручаём. Бэла моцна сціснула руку сяброўкі.
– Хутка сціхла! Ты бачыш, усім страшна! Мы ж з табой медыцынскія сёстры, нам дапамагаць трэба, а не слёзы ліць. Абяцай мне – не плакаць.
Вольга ў адзін момант замоўкла. Толькі камяк падкаціўся да горла. Словы сяброўкі былі для яе загадам. А камандзір тым часам павёў іх да вагона.
Вольга з Бэлай селі і ўсё спадзяваліся, што гэта ўсё хутка скончыцца. Аказалася, гэта быў толькі пачатак вялікага гора ўсяго савецкага народа.
Поезд імчаў на ўсёй хуткасці, а вакол бамбёжка, пажары, самалёты. Першы прыпынак быў у Смаленскай вобласці. У поезд пачалі заносіць параненых. Многа параненых.
– Дзяўчаты, ратуйце, хутчэй, ратуйце, мае мілыя! – камандаваў усё той жа сівы афіцэр і даў ім медыцынскую сумку.
Бэла першая схапіла яе і пайшла за афіцэрам у другі вагон, у якім быў разгорнуты шпіталь. Урач у белым халаце паклікаў іх да сябе і паказаў, каму дапамагаць першаму.
Гэта быў зусім малады хлопец, прыкладна равеснік. Уся нага ў крыві, нічога не відаць. Бэла хутка пачала разрываць калошву, каб дабрацца да раны. Яе белая сукенка рабілася чырвонай, а яна нават не заўважала гэтага. Юнак без прытомнасці ад балявога шоку. Вольга хутка пачала даставаць бінты, сульфаніламідны парашок, ёд. Нагу пераціснулі жгутом. А там яна ўся разарваная ад снарада. Падышоў урач, кажа: «Будзе жыць». І пачаў аперыраваць. А Вольгу з Бэлай зноў адправіў у куток вагона. Там чалавек без рукі ляжаў. Жудасна, але дзяўчаты ўжо не баяліся. Страх быццам бы знік. Яны не прыселі да поздняга вечара. Нават не елі нічога.
Так і паснулі галодныя. Уначы зноў трывога, пад’ём і зноў параненыя. Сукенка Бэлы стала чорна-чырвонай і ўжо нават не гнулася ўнізе ад крыві. Яна абарвала падол, каб не замінаў.
На другі дзень іх выклікае камандзір.
– Дзякуй, дзяўчаты! Разумею, цяжка, вы ж, вунь, якія худыя і кволыя. Але вайна, дзяўчаты, вайна. Вам зараз выдадуць форму і медыцынскія сумкі. Вы будзеце санінструктарамі. Нас чакаюць новыя баі, многа баёў. Будзьце гатовыя. Пакідаць часць нельга. Звяртацца толькі па званні. Загады выконваць хутка. Зразумелі?
– Так точна! – у адзін голас адказалі сяброўкі. Яны зразумелі…
ІV
Форма дзяўчатам падышла выдатна. А тыя шыкоўныя сукенкі спалілі. Без жалю. Бо куды было больш шкада людзей, якія гінуць з-за праклятых фашыстаў.
– Скончыцца вайна – новыя купім. Яшчэ прыгажэйшыя! – паабяцала Бэла.
Вольга ўсміхнулася – верыла сяброўцы.
Далей іх перавялі ў Маскоўскі шпіталь. Ішлі вялікія баі, толькі паспявалі саставы разгружаць. Дзе толькі не былі, і ім заўсёды ўдавалася выйсці жывымі. Радаваліся, калі паспявалі выратаваць салдат. Калі не – проста моўчкі развітваліся. Не плакалі. Ніколі не плакалі. Развучыліся.
Вольга маці лісты дасылала. Казала ў іх, што добра ўсё, хутка перамогуць ворага і яна вернецца дадому. Матуля толькі прасіла, каб жывой вярнулася, каб Бог захаваў.
V
Сталінград. Люты 1943 года. Страшны бой. Вольга выносіць раненага з поля. А нічога не відаць, толькі чуваць, як снарады разрываюцца. Дацягнула да бліндажа, можна ратаваць. А сэрца ўжо не б’ецца. Вольга выцерла твар салдату, а перад ёй брат Валодзя. Меншы, самы любімы. Той, хто хацеў быць знакамітым фізікам. Яна не хацела верыць, пачала шукаць дакументы.
«Башнікаў Уладзімір Трафімавіч, 1924 года нараджэння», – значыцца ў іх… Здаецца, увесь свет застыў і ўжо нічога не было чуваць.
– Ты што сядзіш тут? – Бэла тармашыла сяброўку за плячо.
– Знаёмся, гэта мой брат Валодзя, – як шалёная, адказала Вольга і страціла прытомнасць.
Калі апамяталася, Бэла стаяла над ёй злосная, нібы фурыя.
– Ты што, здурнела, прытомнасць прыдумала губляць, калі бой ідзе. Ты разумееш, колькі братоў, бацькоў, сыноў гіне на вайне? Тысячы, мільёны. Разумееш. Ён адзін з іх. Гэта вайна, нічога не зробіш. Ра-зумееш?
Бэла хадзіла туды-сюды і ўсё казала: «Разумееш». Зайшоў камандзір узвода, і ён быў куды больш ласкавейшы, чым сяброўка.
– Оля, ты – старшына медыцынскай службы, сама бачыш, што робіцца. Мы пахаваем твайго брата, як належыць. Не хвалюйся. Ён – герой. Але ты нам патрэбна, твая дапамога патрэбна, краіне патрэбна. Заўтра зноў бой. Сёння адпачні.
VI
Беларусь. Ліпень 1944 года.
Вольга толькі паела салдацкай кашы і вырашыла напісаць пісьмо. Тым больш на радзіме. Чырвоная армія вытурае ворага з нашай зямлі. Дзесьці загубіла свой аловак, пайшла шукаць Бэлу. У той заўсёды было многа алоўкаў, запаслівая моцна. Разведка далажыла, што вораг знаходзіцца за некалькі дзясяткаў кіламетраў. Значыць, хутка будзе бітва. Чулі, што ў фашыстаў снайпер дзесьці тут на ўзвышшы, таму без патрэбы не вылазілі з акопаў. Вольга пайшла шукаць сваю сяброўку па траншэях. Думала, пачуе яе смех і знойдзе.
– Башнікава, хутчэй! – чуе голас камандзіра і бяжыць у той бок. Праз хвіліну яна стаяла каля плашч-палаткі, на якім ляжала Бэла. Так роўненька ляжала з расплюшчанымі вачыма.
– Снайпер! У патыліцу трапіў. Імгненная смерць. Нават крыві няма. Я ж гаварыў ёй: «Не высоўвайся». Шкада, такі добры санінструктар быў, – з прыкрасцю сказаў камандзір перад усімі, а з яго вачэй пакаціліся слёзы.
Салдаты плакалі амаль усе. Бэла ж была душой кампаніі, вясёлая, з усімі сябравала, падбадзёрвала, дарыла веру, што ўсё закончыцца хутка. Казала, што абавязкова дойдзе да Берліна і пакажа гэтаму Гітлеру дурному, дзе ракі зімуюць.
Шчыра казаць, у яе многія былі закаханыя, употайкі дарылі кветкі. Яна толькі гучна смяялася, маўляў, як жа я адна за вас усіх замуж выйду. Яна не дазваляла сабе кахаць, не хацела потым пакутаваць. Вось якая моцная была – гэтая Бэла.
– Прыгожая была б нявеста, – падумала Вольга, гледзячы на сяброўку на плашч-палатцы.
І нават слязінка не пакацілася з вачэй. Яна ж абяцала – не плакаць. Прыдумала толькі, што калі застанецца жывой і ў яе народзіцца дачка – абавязкова назаве Бэлай. Прыгожае імя.
VI
…Польшча. Сакавік 1945 года.
На вуліцы ўжо сцямнела, калі дабраліся да нейкага замка пад Варшавай. У ім было і вырашана пераначаваць. Камандзір узвода даў загад размясціцца ў пакоях, знайсці сабе ложкі.
Вольга ведала: заўтра жорсткія баі будуць. Таму ёй, як санінструктару, трэба адпачыць…
Ганна МЕЛЬНІК
Фото автора


















