Час для форуму быў абраны няпросты. Беларусь толькі выходзіла з крызісу пачатку 1990-х гадоў і перад краінай стаялі сур’ёзныя задачы: спыніць інфляцыю, скараціць дэфіцыт дзяржбюджэту, пазбегнуць даўгавой ямы. Да таго ж у 1996 годзе абвастрыліся супярэчнасці паміж Прэзідэнтам і Вярхоўным Саветам, і краіна апынулася ў паласе палітычнага крызісу.
Менавіта тады Кіраўнік дзяржавы звярнуўся за падтрымкай народа, склікаўшы Першы ўсебеларускі форум.
Галоўным вынікам якога стала прыняцце першай у гісторыі суверэннай Беларусі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 1996-2000 гады.
У ёй былі вызначаны тры ключавыя прыярытэты: нарошчванне экспарту, будаўніцтва жылля і развіццё аграпрамысловага комплексу.
Таксама Сход падтрымаў ініцыятыву аб правядзенні Рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
24 лістапада 1996 года на рэферэндуме прапановы Прэзідэнта падтрымалі 70,5 % выбаршчыкаў. Тады ж было прынята рашэнне перанесці Дзень Незалежнасці з 27 ліпеня на 3 ліпеня – Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Такім чынам, першы агульнанацыянальны форум вызначыў вектар развіцця дзяржавы на дзесяцігоддзі наперад: сацыяльна арыентаваная эканоміка, канстытуцыйная рэформа, якая прадугледжвае моцнага Прэзідэнта – гаранта суверэнітэту і незалежнасці краіны.
Адразу пасля прыезду на Століншчыну дэлегаты раёна правялі гутаркі ў сваіх калектывах.
Многія сачылі за ходам Сходу па тэлебачанні або слухалі па радыё. Але многае засталося за кадрам: атмасфера, эмоцыі, жывыя дыскусіі. Таму нашы народныя выбраннікі падрабязней расказвалі пра тое, як нараджаліся гістарычныя рашэнні, як гучалі выступленні, як адчуваўся дух адзінства. Людзі з цікавасцю слухалі і задавалі пытанні.
Гэта была першая старонка ў гісторыі палітычнага інстытута, які сёння стаў найважнейшай формай народаўладдзя ў Беларусі. А жыхары Століншчыны з самага пачатку ўпісалі ў яе сваё імя.
(Працяг будзе).
Вольга ГУСАК
Фота з сайта
Усебеларускага
народнага сходу


















