– Вось гэта мае даўнія «сябры», – паказваючыя баксёрскія пальчаткі, кажа Сцяпан Дзмітрыевіч Шут –
інжынер-будаўнік ААТ «Новая Прыпяць».
– Мне іх падарыў камандзір воінскай часці ў час службы. Калі ўнукі прыязджаюць, заўсёды просяць, каб іх надзеў і паказаў пару прыёмаў. Даводзіцца асвяжаць памяць (смяецца). А прыгадаць ёсць што Сцяпану Дзмітрыевічу, які працуе ў гаспадарцы з 18 чэрвеня 1977 года, з’яўляючыся самым вопытным спецыялістам.
Рыбін
Так называўся хутар у ваколіцы вёскі Альшаны, дзе ён нарадзіўся. Зараз тут знаходзіцца аўтамабільная запраўка, але, мінаючы гэтае месца, мой суразмоўца абавязкова прыгадвае сваё дзяцінства.
– Я быў шостым з семярых дзяцей. Хацінка невялікая, толькі два пакоі, а яшчэ вялізная гусіная пярына, якая была цяжкай, але такой цёплай у сцюдзёныя зімовыя ночы. Затое весела было, дружна жылі, усе разам крочылі ў школу, у якой, дарэчы, я вучыўся выдатна. Таму пасля 8-га класа напісаў заяву ў Брэсцкі палітэхнічны тэхнікум. Памятаю, як складалі з бацькам стог, калі паштальён узрадавана абвясціў – мне прыйшоў выклік.
Брэст
Тры з паловай гады Сцяпан Шут атрымліваў спецыяльнасць тэхніка-будаўніка. Разам са студэнтамі едзілі на летнюю практыку ў Малдову збіраць вінаград і іншую садавіну. Павышаў свой культурны ўзровень, наведваючы тэатры, канцэрты і розныя выставы. Паралельна займаўся боксам, якім сур’ёзна захапіўся з першай трэніроўкі.
– Бокс навучыў мяне імгненна прымаць правільныя рашэнні. Крыху замарудзіўся – прайграў. Памыліўся – прайграў. Бокс – не проста тэхніка ўдару, гэта ў першую чаргу галава. Кожная траўма – гэта работа над сабой. Як і ў жыцці, памылка – шлях да поспеху, – па-філасофску тлумачыць мой суразмоўца.
Спыніць трэніроўкі прымусіла толькі напісанне дыпломнай работы. Але, атрымаўшы дыплом, юнак вырашыў спачатку аддаць абавязак Радзіме, а ўжо потым ўладкоўвацца на работу. У лютым яму споўнілася 18 гадоў, а ў маі ён прыбыў у воінскую часць 63152 ў ваенны пасёлак Чэхаў-5.
Чэхаў
Два гады службы ў інжынерна-будаўнічых войсках сталі аднымі з самых яркіх успамінаў у жыцці Сцяпана Дзмітрыевіча. Па-першае, там ён працягнуў займацца боксам і нават выйграў некалькі буйных турніраў. А потым камандзір часці Уладзімір Дурнеў загадаў Сцяпану ўзначаліць клуб пры часці.
– Трэба, значыць, трэба. Гэта ж служба, тут загады не абмяркоўваюцца. У маім падпарадкаванні былі паштальён, фатограф, мастак, кінамеханік, калектывы ансамбля і духавога аркестра. З гонарам адзначу, што я ж таксама быў артыстам. У аркестры іграў на альце, а ў ансамблі – на гітары, на якой самастойна навучыўся брынкаць яшчэ ў тэхнікуме.
Тады яшчэ не ведаў малады салдат, што хутка будзе трымаць гітару самога Уладзіміра Высоцкага.
Высоцкі
Запрасіць знакамітага барда выступіць з канцэртам у часці на Дзень абаронцы Айчыны Сцяпана Шута адправіў усё той жа камандзір Дурнеў.
– Сказаў, што трэба ехаць у тэатр на Таганцы, у якім той служыць. Ну, я і накіраваўся ў Маскву. Узяў з сабой кавалак сала, думаў, што з’ем, калі выпадкова заблукаю. Але ў метро разабраўся хутка. І вось стаю ў фае тэатра ў ваеннай шынелі, аглядаюся, што да чаго. Падыходжу да вахцёркі і прашу запрасіць да мяне Уладзіміра Высоцкага. Шчыра прызнаюся – з яго творчасцю не вельмі быў знаёмы. Таму нават не хваляваўся, калі той падыйшоў і спытаў пра мэту майго візіту. Звычайны мужчына, просты, разважлівы такі. Адзінае, што выдавала ў ім вялікага артыста, – гэта вялікая модная кепі, якую асабіста я бачыў упершыню. Высоцкі адказаў, што 23 лютага ён ужо запрошаны, а вось 28 – зможа. Але паставіў мне два патрабаванні. Першае – прыслаць па яго «Волгу» замест наіўна прапанаванага мной «козліка». А другое – усталяваць у яго кватэры дубовую бібліятэку. Я паабяцаў выканаць і тое, і другое. Ведаў, што наконт «Волгі» разбярэцца камандзір. А з бібліятэкай праблем не павінна быць – сталярны цэх у часці ёсць, выдатныя цесляры меліся на ўвазе, матэрыял ведаў, дзе знайсці.
Высоцкі потым яшчэ не раз прыязджаў у часць з канцэртамі, арганізатарам якіх быў Сцяпан Шут. А ён у сваю чаргу, як дамаўляліся, пачаў займацца бібліятэкай і стаў частым госцем у кватэры барда.
– Усе, хто ведаў артыста, называлі яго Валодзя. Мне таксама загадаў яго так называць і злаваўся, калі я забываў і казаў Уладзімір Сямёнавіч. А вось перад Марынай Владзі мяне прадставіў па-моднаму – Стэфан, як і яшчэ перад адной легендай савецкага кінематографу Барысам Хмяльніцкім, які наведаўся ў той час, калі мы рабілі замеры.
Я не часта бачыў Высоцкага, ён быў моцна заняты. Але пры сустрэчы заўсёды па-сяброўску вітаўся, бы мы знаёмыя сто гадоў. Душэўны чалавек, адным словам.
За тры месяцы яшчэ з двума беларусамі мы зрабілі ўсе кніжныя стэлажы. Палову з іх устанавілі ў кватэры, а другую не паспелі давезці, бо дэмабілізаваліся. Я потым доўга засмучаўся, што падвёў. Апошні раз з кумірам бачыўся 4 мая 1977 года. На памяць у мяне застаўся часопіс з яго аўтографам, здымкі і цёплыя ўспаміны на ўсё жыццё.
40 гадоў Кастрычніка
У гэты калгас Сцяпан Шут вярнуўся адразу пасля службы. Толькі месяц адпачыў і прыступіў да работы брыгадзірам будаўнічай брыгады № 1. Узначальваў гаспадарку тады Герой Сацыялістычнай Працы Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі, які на маладога інжынера-будаўніка ўскладаў вялікія надзеі. Трэба было ўзводзіць новыя памяшканні, рамантаваць тыя, што былі, дарогі і іншую інфраструктуру для гаспадаркі.
Пад кіраўніцтвам 21-гадовага брыгадзіра быў 51 чалавек. Акрамя работы, Сцяпан Дзмітрыевіч вырашыў працягнуць адукацыю на завочным аддзяленні Беларускага політэхнічнага інстытута (цяперашняга БНТУ).
– Калгас тады толькі-толькі выходзіў на свае магутнасці. Пры мне адбылася рэканструкцыя фермы «Лодыч», «Круглае», «Усходняя». Будавалі новыя кароўнікі, цялятнікі, ужо дзейнічала птушкафабрыка, якую планавалася пашырыць. І вось толькі сталі на рэльсы, як раптам распад СССР. Гэта быў пачатак даволі працяглага крызісу, які адчула на сабе сельская гаспадарка ўсяго ўжо былога савецкага саюза. Прыкладна з 1993 па 2003 гады гаспадарка самастойна спрабавала выкарабкацца з гэтай ямы. Асабліва нас цягнула ўніз птушкафабрыка, ад якой мы неслі толькі страты. Найбольш адчуў весь цяжар, калі давялося на некалькі месяцаў узначаліць калгас. Людзі злосныя – зарплаты няма, бо грошай няма. А дзе ўзяць – невядома. Я тады не еў, не спаў – думаў, што зрабіць. Калгас вырашана было аб’ядноўваць з Сямігосціцкім «XVII партз’езд», якім кіраваў тады Іван Мікалаевіч Антановіч. Ён прыняў валявое, а самае галоўнае, адзінае правільнае на той час рашэнне – прадаць птушкафабрыку.
З’явіліся грошы, работнікі нарэшце атрымалі зарплату. Іван Мікалаевіч пачаў закупляць тэхніку, апрацоўваць зямлю, паляпшаць умовы працы на фермах. Ну і пайшло-паехала. Цяпер ААТ «Новая Прыпяць» – адна з вядучых гаспадарак, чым асабіста я вельмі ганаруся, значыць, нездарма амаль 50 гадоў аддаў ёй. І я ўпэўнены, што і далей яна будзе квітнець.
Дагэтуль не адпускае кіраўніцтва гаспадаркі Сцяпана Дзмітрыевіча на заслужаны адпачынак.
– Даюць і даюць мне ўказанні! То моладзь неабходна навучыць, то музей адчыніць, то новы цялятнік пабудаваць. Што ж зробіш, трэба слухацца начальства, – з нязменным пачуццём гумару кажа мой суразмоўца.
Безліч узнагарод сабраў Сцяпан Шут за гады сваёй дзейнасці, а ў 2022 годзе адзначаны нагрудным знакам «За заслугі ў сельскай гаспадарцы».
Сям’я
Але якой бы ні была бліскучай кар’ера, толькі сям’ю Сцяпан Дзмітрыевіч лічыць сваім самым галоўным дасягненнем. З жонкай Вольгай пазнаёміўся, калі іграў у ансамблі альшанскага клуба. Яна знайшла сваё прызначэнне ў медыцыне і ўсё жыццё працавала фельчарам у амбулаторыі. 46 гадоў жывуць у згодзе, бо разумеюць адзін аднаго, падтрымліваюць, паважаюць і шануюць. Маюць дзве дачкі і сына, сем унукаў і ўжо два праўнукі.
Магчыма, хтосьці з іх стане выдатным інжынерам, як дзядуля. А можа знакамітым баксёрам? Час пакажа.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара і
з сямейнага архіву


















