– Мой бацька не любіў гаварыць пра вайну. Заўсёды моцна нерваваўся, потым дрэнна спаў, размаўляў сам з сабой, крычаў штосьці ўначы. Маці і мы вельмі палохаліся, таму не заводзілі гэтую тэму, каб не вяртаць яго ў страшное мінулае, – дзеліцца дачка ветэрана Кацярына Свірыдаўна Карняйчук. – Ды і не прынята было, асабліва ў пасляваенныя гады, гаварыць пра свае подзвігі. Усе рынуліся аднаўляць краіну, узяліся за рукі, каб разам выцягнуць яе з балота. І мой бацька быў адным з першых у гэтай кагорце. Толькі пасталеўшы, калі раны крыху загоіліся, мы зразумелі, што подзвіг нашага народа, нашых бацькоў і дзядоў, не маем права забыць.
І сапраўды, Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне пачалі маштабна адзначаць толькі ў 1965 годзе. Гэты дзень стаў афіцыйна выхадным, масава пачалі ўзводзіць помнікі загінуўшым і абеліскі. Наш народ, які страціў кожнага трэцяга свайго жыхара на полях баёў, таксама ашчадна захоўвае памяць пра сваіх герояў. Адным з якіх быў сапёр Свірыд Іванавіч Дубейка, які прайшоў усю вайну і яшчэ год пасля яе заканчэння размініраваў палі і лясы ва ўкраінскіх Карпатах.
Нарадзіўся Свірыд Дубейка ў вёсцы Сямігосцічы ў 1922 годзе. Калі стаў паўналетнім, пайшоў служыць. У арміі і сустрэў вайну. Яго накіравалі сапёрам у 1073 стралковы Львоўскі полк 316 стралковай дывізіі ІІ Украінскага фронта. І з таго часу аддана ваяваў за сваю Радзіму юнак з беларускага Палесся. Згодна даным сайта «Памяць народа» Свірыд Дубейка ў саставе палка ўдзельнічаў у баях на тэрыторыі Расіі, Беларусі, Украіны, Румыніі, Венгрыі, Славакіі і Чэхіі.
– У бацькі доўгі час заховаўся абраз Божай Маці, – працягвае аповяд Кацярына Свірыдаўна. – Калі ён вызваляў адзін з гарадоў былой Чэхаславакіі, заўважыў у адным з дамоў многа людзей з дзецьмі, якія хаваліся ў падвале. Яны папрасілі бацьку, каб прынёс вады. Рызыкуючы сваім жыццём, бо горад вельмі абстрэльвалі немцы, ён прыносіў ім снег. Моцна дзякавалі тыя людзі, а адна вельмі старая бабуля падарыла яму невялічкі абразок і сказала: «Якія б страшныя баі не былі, ты вернешся дадому».
І словы той жанчына сапраўды сталі прарочымі. Сапёр Свірыд неаднаразова знаходзіўся на валаску ад смерці і нейкім цудам заставаўся жывым.
Аднойчы бамбёжка накрыла іх месца дыслакацыі. Загінуў амаль увесь взвод, быў раненым і Свірыд. Доўга ляжаў без прытомнасці, засыпаны зямлёй, пакуль яго не знайшлі салдаты з 107 запаснога стралковага палка 21 запасной стралковай дывізіі. За гэты час нават пахаванку паспелі на радзіму даслаць.
– Маці майго бацькі, у якой было прыгожае імя Дамініка, памерла вельмі маладой. Дома заставаўся бацька і сястра Ліда. Калі прыйшла пахаванка, то дзед Іван не хацеў верыць, што адзіны сын загінуў. Вельмі маліўся, каб гэта была памылка. На жаль, ён памёр, так і не дачакаўшыся сына.
За гады службы неаднаразова прадстаўляўся да ўзнагароды смелы салдат. 5 лютага 1945 года сапёр сапёрнага ўзвода чырвонаармеец Свірыд Іванавіч Дубейка ў баю на паўднёва-заходняй ускраіне горада Будапешта пад агнём праціўніка зрабіў праходы ў мінных палях і сам першым выйшаў на пярэдні край да праціўніка і вывеў за сабой стралковыя падраздзяленні.
За гэты подзвіг герой быў узнагароджаны медалём «За Адвагу». Таксама Свірыд Дубейка мае медалі «За ўзяцце Будапешта» і «За Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг». Ужо ў мірны час знайшла яго яшчэ адна ўзнагарода. Ад 11 сакавіка 1985 года за стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і ў азнаменаванні 40-годдзя Перамогі Савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Свірыд Іванавіч Дубейка быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
– Бацька вельмі ашчадна захоўваў свае медалі і загадаў, каб мы іх паклалі ў труну, як пакіне гэты свет. Мы так і зрабілі, калі ён памёр у 2002 годзе. А вось пасведчанні засталіся, і я заўсёды паказваю іх унукам і праўнукам, каб памяталі пра подзвіг свайго дзеда.
Вярнуўся Свірыд Іванавіч у родную вёску толькі праз год пасля заканчэння вайны. Перад гэтым імкнуўся дасылаць лісты, каб ведалі, што жывы. У адным з іх быў фота-здымак, на зваротным баку якога было напісана: «На памяць сястры Лідзе ад брата Свірыда прывет з Карпатскай Украіны».
Хутка ажаніўся на дзяўчыне Алене. Нарадзіліся два сыны Іван і Васіль і дачка, якая і расказала пра свайго бацьку.
Як і на фронце, у мірным жыцці праявіў адказнасць і смеласць Свірыд Іванавіч. Быў ездавым у калгасе. За працавітасць і адданасць работе быў неаднаразова адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені, медалём «Ветэран працы», шматразова з’яўляўся пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў. Дарэчы, яму належыць крылатая фраза, якую выкарыстоўваюць у вёсцы дагэтуль: «Калі я не стаміўся, значыць, дзень прайшоў дарэмна».
У час нашай размовы прысутнічалі і праўнучкі героя Дамініка і Даніэла. Усяго ў ветэрана засталося восем унукаў, 18 праўнукаў і сем прапраўнукаў. Дарэчы, адзін з іх – Дзмітрый Дубейка, які працуе хірургам у Пінску, узнавіў увесь гераічны шлях свайго дзядулі. А значыць, не здарма змагаўся за мір адважны сапёр Дубейка.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















