…рэспубліканскага суботніка ў слаўным горадзе над Гарынню – Давыд-Гарадку і навялі парадак загадзя. У гэтым вялікая заслуга як кіраўніцтва горада, так і яго жыхароў. Канешне, было б добра прыехаць сюды, калі горад патанае ў кветках, чым ён знакаміты. Але і тое, што пабачылі ў час нашага візіту ў мінулы аўторак, парадавала.
Як паведаміла кіраўнік справамі Давыд-Гарадоцкага гарадскога выканаўчага камітэта Вікторыя Матусевіч, сёлета яны многа працавалі над знешнім выглядам горада, бо, не сакрэт, што сустракаюць па вопратцы. Таму жыхарам была пастаўлена задача прывесці ў належны стан тэрыторыю ў радыусе 10-ці метраў каля сваёй сядзібы.
– Вось пачаў гаспадар рамантаваць агароджу, а суседу ж не хочацца быць горшым. І атрымаўся такі эфект даміно, калі адзін чалавек матываваў другога. На гэта сапраўды было прыемна гля-дзець, – узрадавана падзялілася Вікторыя Валянцінаўна. – А наконт дзяржаўных будынкаў і тэрыторыі каля іх, то мы ўвогуле не хваляваліся. Бо на чале іх стаяць вопытныя кіраўнікі, якія без напамінаў клапоцяцца пра добраўпарадкаванне.
Упэўніліся ў гэтым і памо-чнікі ўрача-гігіеніста Столінскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Генадзь Палешка і Сяргей Крывалевіч, з якімі мы праехаліся па Давыд-Гарадку. Абедзве сярэднія школы, паліклініка і бальніца, аўтавакзал, хлебазавод, дзіцячыя садкі, лясгас, гандлёвыя кропкі ды і ўсе дзяржаўныя ўстановы заслугоўваюць толькі прыемных водгукаў. Наведалі мы і адзін з самых буйных магазінаў раёна – «Светлафор». Што ўнутры, што знадворку – парадак. Як расказала загадчык гандлёвага аб’екта Ганна Краўцова, для іх проста недапушчальна мець дрэнны выгляд, паколькі сюды прыязджаюць пакупнікі нават з суседніх раёнаў.
– Канешне, добра-ўпарадкаванне працягваецца, бо тэрыторыя вялікая і няма межаў дасканаласці. Але нам не сорамна перад жыхарамі і гасцямі горада. У нас цудоўны калектыў, які разумее, што адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Вы і мяне можаце пабачыць са швабрай, бо галоўнае – гэта вынік, – дадала Ганна Георгіеўна.
А вось да суседняга аб’екта, уладальнікам якога з’яўляецца таварыства з абмежаванай адказнасцю «РиккоБел», пытанні ёсць ды і вялікія. Раней у гэтым вялізным будынку размяшчаўся райаграсэрвіс. Ужо сем гадоў ён належыць прыватнай арганізацыі і столькі ж гадоў няма тут парадку. Прэтэнзіі да такога «гаспадара» маюцца і ў мясцовых уладаў. Таму гэтая праблема на кантролі.
Далей мы адправіліся пагля-дзець, у якім стане помнікі і абеліскі. На закрытых могілках знайшлі магілу камандзіра Якава Іванавіча Юрчанкі, які загінуў 19 верасня 1939 года пры вызваленні нашай краіны ад польскага прыгнёту. Яна дагледжана намаганнямі настаўнікаў і навучэнцаў СШ № 2, якія таксама адказваюць за стан сквера каля помніка воіну-вызваліцелю. Самі могілкі прыбраныя, засталося ўтылізаваць высечаныя хмызнякі і старыя драўляныя крыжы. Гэтым па ўсіх правілах, у тым ліку праваслаўных, займуцца ў бліжэйшы час.
Яшчэ адзін помнік ахвярам генацыду яўрэйскага народа ўстаноўлены на вуліцы Астроўскага. Каля яго прыбрана, высаджаны туі і іншыя вечназялёныя расліны.
Сама вуліца суседнічае з возерам Сежка, таму было важна пабачыць, што робіцца на яго берагах. А там жыхары самастойна паставілі невялікую лавачку, каб любавацца вадзяной гладдзю ў летнюю спёку, і пасадзілі невялікі бярозавы парк. Сапсавала ўражанне сітуацыя паміж дамамі 43А і 43Б, у канаўцы паміж якімі быў зафіксаваны сметнік. На жаль, уладальнікаў гэтых участкаў не знайшлі, каб выпісаць патрэбаванне па ўтрыманні тэрыторыі, але мясцовыя ўлады паабяцалі самастойна вырашыць пытанне.
Ёсць па гэтай вуліцы і стары дом, які з’яўляецца сапраўднай сведкай мінулага, бо амаль урос у зямлю. Радуе, што вакол яго парадак. Як паведамілі ў гарвыканкаме, гэты дом знаходзіцца ў ліку тых, якім накаваны знос. Нічога не зробіш, час ідзе…
А вось па вуліцы Калгаснай дом Наталлі і Аляксея Андрэевых здзіўляе сваёй прыгажосцю. Добраўпарадкавалі і тэрыторыю за агароджай, дзе растуць бярозкі і іншыя дрэўцы. Невялікая гурба старой цэглы, якая знаходзілася з другога боку, па запэўненню гаспадароў, знікне да Вялікадня.
Такая ж заўвага была выпісана і Міхаілу і Наталлі Коўка, якія жывуць непадалёку.
– Мы ўжо ведаем, што зробім з гэтымі будаўнічымі рэшткамі. Крыху не паспелі да свята, бо ўжо не такія маладыя ды спрытныя, – з гумарам адказаў гаспадар.
А гаспадыня прадэманстравала сваё кветкавае багацце.
– Улетку заязджайце, калі фарбамі заззяе мая клумба!
Гэтыя жыхары знаходзяцца на заслужаным адпачынку, таму зараз іх любімым заняткам з’яўляецца добраўпарадкаванне сядзібы, дзе жывуць ужо больш за 40 гадоў. Бядуюць наконт суседа, бо той даўно занядбаў свой дом, які з’яўляецца вуглавым і бачны з усіх бакоў. Агароджы няма, стары хлеў развальваецца, агарод адолелі зараснікі. На жаль, гаспадара, які, аказалася, злоўжывае, мы не знайшлі. А можна было б сапраўдны маёнтак зрабіць – такое месцазнаходжанне ўдалае!
Завіталі і на аўтазапраўку, якая знаходзіцца на аб’яздной дарозе і прылягае да горада. Нараканняў няма, што заслугоўвае павагі, бо аб’ектам такога кшталту трэба трымаць парадак у радыусе 100 метраў.
Усе, з кім давялося сустрэцца ў гэты дзень, добразычліва і з разуменнем ставіліся да патрабаванняў санітарнай службы. А значыць, будзе яшчэ прыгажэй у слаўным горадзе над Гарынню!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
