Прымаўка «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся» дакладна адносіцца да жанчыны, пра якую пойдзе мой аповед. І тут няма і намёку на прыніжэнне, а наадварот. Звычайна хваляць чалавека, які прыехаў аднекуль здалёк, годна працуе ці працаваў на чужыне. Калі ж цябе ведаюць з калыскі, то заваёўваць аўтарытэт прыйдзецца пад пільнай увагай землякоў. Ды што тут доўга гаварыць: вядома, што няма прарока ў сваёй Айчыне.
Марыя Іванаўна Ляшкевіч нарадзілася ў вёсцы Мачуль.
Закончыла дзесяцігодку ў Альшанах, дзе ў той час можна было атрымаць сярэднюю адукацыю. У 1966 годзе стала студэнткай філфака пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Выйшла замуж, пагэтаму завяршыла адукацыю ўжо завочна, уладкаваўшыся на працу ў Мачульскую васьмігадовую школу.
Памятаю, якія цікавыя былі ўрокі рускай і беларускай мовы і літаратуры ў маладой настаўніцы. У вершаванай форме правілы завучваліся лягчэй… Сачыненні пісаліся з натхненнем… Неяк было прапанавана паспрабаваць сябе ў ролі паэта. Мае вершы настаўніца адправіла ў дзіцячы часопіс, радавалася першым публікацыям. Яшчэ бывала: нас, жаўтаротых, Марыя Іванаўна заводзіла ў клас, дзе вучыліся старэйшыя на чатыры гады вучні, каб мы выправілі зробленыя імі на дошцы памылкі. Нашы промахі ў дыктоўках і сачыненнях таксама разбіраліся весела і запамінальна. І праз 45 гадоў памятаю, як у некага з аднакласнікаў у сачыненні «пад сасною ў Белавежскай пушчы сядзеў тыгр». Такія вучнёўскія перлы вызывалі смех, мы з большай увагай адносіліся як да пісьмовых работ, так і да вусных выказванняў.
Трыццаць дзевяць гадоў (з іх трыццаць чатыры намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце) аддала Марыя Іванаўна працы. Навучальная ўстанова неаднаразова зай-мала першыя месцы ў рэйтынгу школ. І ў гэтым, безумоўна, вялікая заслуга намесніка дырэктара, якая дапамагала калегам парадамі, аналізуючы наведаныя ўрокі, мерапрыемствы ці проста ў час асабістай гутаркі.
У 2006 годзе Марыя Іванаўна выйшла на пенсію. Чатырнаццаць гадоў даглядала бацькоў, жыла ў іхняй хаце. У сваю, якая стаіць побач, зрэдку заглядала, каб прыбраць, а зімою вытапіць у грубачцы. Калі б хто раней сказаў, што яна займецца вышыўкай, то, мабыць, ніхто не паверыў бы. Але гэта так. Пасля смерці мамы пачала вышываць. Першая работа – карціна з выявай царквы на фоне восеньскай прыроды. Малюнак узяла з часопіса «Гаспадыня». Пачала выпісваць часопіс «Ксюша». Атрымаўшы чарговы нумар, адразу загарэлася жаданнем пакласці на палатно прыгожы вясковы пейзаж. Колеры нітак падбірала сама, вышывала, пасля парола, калі не падабаліся пераходы колераў. Ніткі, канву прывозіла дачка з Мінска. Часта майстрыха заходзіць на форумы, дзе такія ж людзі з умелымі рукамі дзеляцца вопытам, паказваюць фотаздымкі работ.
Сярод вышывак Марыі Іванаўны вылучаюцца абразы, прысвечаныя Багародзіцы: Іерусалімская Божая маці – ікона вялікага памеру і невялікая ў чорна-белых колерах «Ave Maria». Прыгожы пейзаж адразу здаўся фота-здымкам ці карцінай, але ніяк не вышытым крыжыкам на палатне. Ёсць у рукадзеліцы сурвэткі, выкананыя гладдзю. У нядзелю або ў свята, па словах маёй гераіні, адчувае зуд у пальцах, гэтак хочацца вышываць. Але ж запаветы прашчураў выконваюцца: нельга займацца работай ў святыя дні.
Марыя Іванаўна сабрала фотаздымкі свайго роду, акуратна аформіла ў альбом, дапоўніла подпісамі, звесткамі аб лёсах далёкай і блізкай радні. Цікава расказвае аб першых гаспадарах бацькоўскага дома, сваіх продках. Захаваўся нават дакумент, у якім прадзед перадае свайму ўнуку ў спадчыну дом.
Марыя Іванаўна дапамагае сям’і ўнучкі Вольгі: калі маладыя бацькі заняты працай, прыглядае за дзеткамі. Часта сочыць за выкананнем дамашняга задання праўнучкай Ганначкай. Былых настаўнікаў не бывае. Марыя Іванаўна тлумачыць незразумелыя словы, навучае другакласніцу матэматычным прыёмам.
Мая суразмоўца адзначае: «На пенсіі патрэбна нечым займацца. Часу застаецца мала». Мяркую, што гэтыя словы датычацца не толькі пенсіянераў, але і моладзі. Лепш адарвацца ад канапы або ад тэлефона і заняцца нейкай стваральнай працай. Дарэчы, дактары сведчаць, што праца рукамі садзейнічае развіццю дробнай маторыкі, паляпшэнню работы мозга, маўлення. А гераіні свайго аповеду жадаю многа гадоў у здароўі і радасці ствараць прыгожыя работы і працягваць спіс сваіх любімых заняткаў. У назве тэксту пра яе па гэтай прычыне я і паставіла шматкроп’е.
Галіна
Бабарыка
Фота
аўтара