НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Як толькі вясна зноў вярнулася да сваіх абавязкаў і пачала прыграваць сонейкам зямлю, у ААТ «Новая Прыпяць» прыступілі да сяўбы кукурузы. Ва ўрочышчы Вялікі Сіньгаў ужо зранку было чуваць гул тэхнікі. Туды мы і накіраваліся разам з кіраўніком вытворчага ўчастка № 3 Сяргеем Бруцкім.



– Крыху прымусіла нас пахвалявацца рэзкае пахаладанне, якое было на мінулым тыдні, – кажа Сяргей Уладзіміравіч. – Бо для прарастання кукурузы вельмі важна, каб тэмпература глебы была 16–18 °C. У адваротным выпадку можна не дачакацца добрых узыходаў. Таму для гэтай культуры мы заўсёды выбіраем палі з лёгкімі сугліністымі, супясчанымі і пясчанымі глебамі, якія хутка праграваюцца вясной. Да таго ж, кукуруза патрабуе добра структураванай глебы, бо не пераносіць пераўшчыльнення. Як бачыце, дробязяў у гэтай справе няма, на ўсё трэба звяртаць увагу і строга прытрымлівацца тэхналогіі.
У мінулым годзе мы пачалі сеяць 17 красавіка, сёлета на два дні папярэдзілі графік. Зараз усталявалася стабільнае надвор’е, таму нашы механізатары будуць працаваць на максімальных хуткасцях. Бо толькі на нашым вытворчым участку плануем пасеяць плюс-мінус 500 гектараў гэтай культуры.

Разумеюць адказнасць і работнікі гаспадаркі. На падвозцы насення Андрэй Пыцель, які з’яўляецца адным з самых вопытных механізатараў. У гаспадарку прыйшоў працаваць у 1988 годзе, якая тады яшчэ называлася калгас «XVII партз’езд». Потым была служба ў арміі, пасля якой ён зноў вярнуўся на мехдвор.
– Канешне, у параўнанні з тым часам, сельская гаспадарка рушыла далёка наперад. Сучасная тэхніка здзіўляе сваёй магутнасцю, угоддзі якасна падрыхтаваны, куды ні глянь – парадак, заработная плата годная. Застаецца толькі працаваць, – дзеліцца Андрэй.
Згодны з калегам Іван Ярмакевіч, які таксама ў гаспадарку прыйшоў адразу пасля заканчэння школы. Неаднаразова значыўся ў перадавіках, таму яму заўсёды даюць новую тэхніку. Са сваім цяперашнім «жалезным напарнікам» – трактарам «Беларусам 2121.2» ра-зам ужо дзявяты год. Своечасова рамантуе яго, каб служыў даўжэй.

– А як жа па-іншаму? Мы адзін ад аднаго залежым! – кажа механізатар.
У выдатным стане і сеялка дакладнага высеву «Monosem», нягледзячы на 18-гадовы стаж. Паколькі яна патрэбна толькі ў сезон, то большую частку года «адпачывае». Дарэчы, за адзін раз засяваецца прыкладна пяць гектараў зямлі.

А вось за яе падрыхтоўку адказвае Аляксей Карняйчук, які з’яўляецца адным з самых маладых механізатараў. Прыйшоў у ААТ «Новая Прыпяць» толькі два гады таму, але нават за такі параўнальна кароткі прамежак часу заслужыў павагу кіраўніцтва. Таму яму даверылі адзін з самых магутных сельскагаспадарчых асілкаў у свеце – трактар «Кіравец». Аляксей Ігаравіч віртуозна спраўляецца з такой махінай, што толькі пыл ляціць. Дарэчы, ён працягнуў дынастыю работнікаў сельскай гаспадаркі. Маці ўзначальвае малочнатаварны комплекс «Лодыч», а бацька доўгі час працуе зваршчыкам. Па адукацыі Аляксей – заатэхнік, але, як бачым, любоў да тэхнікі перамагла.
– Магу з гонарам сказаць, што на маім вытворчым участку ўсе заслугоўваюць добрых слоў, – кажа Сяргей Уладзіміравіч. – Паверце, выпадковых людзей не можа быць у сельскай гаспадарцы, бо яна памылак не даруе. Кожны работнік – гэта звяно доўгага ланцуга, і будзе адразу відаць, якое непрыгоднае. Таму ў нас усе знаходзяцца на сваіх месцах. Прыязджайце часцей, і самі ў гэтым упэўніцеся.

Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости