Пяцера прадстаўнікоў Століншчыны пабылі ў міжнароднай навучальна-пазнавальнай паездцы па абмене вопытам у Германіі. Гэта стала магчымым дзякуючы інстытуту Гётэ і яго праграме “Мост”. У выніку наладжаны прафесійныя кантакты ў гарадах Оскабрук і Вестэркап, а таксама ў вёсцы Ледэ.
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, бацькі дзяцей з абмежаванымі магчымасцячмі Міхаіл Скрабейка, Сяргей Волчык, Георгій Пышняк, Андрэй Кавальскі і Сяргей Ляшко вывучалі вопыт работы з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі ў Германіі. У аснове вывучэння стаяў вопыт грамадскай арганізацыі Германіі “Хеілліпедагогокі”, якая аб’ядноўвае 2300 чалавек. Арганізацыя – гэта больш за 1700 рабочых месцаў для людзей з цяжкімі і шматлікімі парушэнямі. На базе яе створаны майстэрні, магазіны, дзіцячыя садкі і іншае.
У планах у нашых прадстаўнікоў пераняць пэўны вопыт па выпуску прадукцыі, арганізацыі рабочых месцаў, а таксама самастойным пражыванні для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Асабліва паўплывала ўбачанае на бацькоў дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Калі да гэтага яны гаварылі, што маё дзіця не можа працаваць па сваіх фізічных даных, то ўбачыўшы, з якімі цяжкімі парушэннямі працуюць у Германіі, былі проста ўзрушаны і здзіўлены.
Мясцовыя прадпрыемствы частку работы, дзе танная праца, аддаюць менавіта арганізацыям інвалідаў. Напрыклад, інваліды пакуюць бутэлечкі з каплямі для вачэй у папяровую ўпакоўку. Яны нават не ўмеюць лічыць, але маюць падстаўку з пэўнай колькасцю дзірачак, якую запаўняюць упакоўкамі. Ці не ведаюць лічбаў, а ўзважваюць корм для трусоў, бо сігнал правільнай вагі – зялёны. А вось жоўты ці чырвоны – патрэбна дакласці ці забраць корм з пакета.
- Галоўнае адносіны да работы, жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — расказвае Сяргей Волчык – ідэйны арганізатар паездкі.
У горадзе Вестэркап наша дэлегацыя пабывала на вуліцы Столінскай, якая некалькі дзясяткаў гадоў назад створана як напамін аб сяброўскіх адносінах са Столінам.
Таццяна СЕГЕН
На здымку: прадстаўнікі Століншчыны на вуліцы Столінскай у Германіі.