У мінулую пятніцу ў аграгарадку Альшаны адбылося выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. У памяшканні сельскага выканаўчага камітэта сабраліся непаўналетнія, якія кіравалі транспартнымі сродкамі без права кіравання. Разглядалася восем спраў.
Добра знаёмы…
… непаўналетні з аграгарадка Вялікае Малешава, які ўжо другі раз на камісіі. На пытанне, як так атрымалася, адказаў: «Трэба было ў магазіне купіць адзенне». Адзенне – рэч неабходная, але ці варта ехаць па яго на матацыкле, на кіраванне якім правоў няма. Юнака мінулы раз папярэджвалі аб меры пакарання, але гэта яго, як бачым, не спыніла. Хлопец з мнагадзетнай сям’і, вучыцца ў сельскагаспадарчым ліцэі на зваршчыка і вадзіцеля катэгорыі «С». І ёсць верагоднасць, што з-за такіх неабдуманых дзеянняў катэгорыю юнак можа не атрымаць.
Усе мы не без граху
Так абгрунтаваў свае неправамерныя паводзіны юнак з аграгарадка Альшаны, які, рухаючыся на мікрааўтобусе, учыніў наезд на машыну міліцыі. І гэта адбылося акурат за тыдзень да паўналецця. Хлопец вучыцца ў політэхнічным кале-джы ў Мінску, удзельнічае ў спартыўным жыцці ўстановы, з’яўляецца членам каманды па футболе. Мае добрую характарыстыку. І вось такое непаразуменне здарылася.
Юнак закончыў аўташколу і меў намер здаваць на правы, але гэты год яму давядзецца прапусціць. Такое рашэнне камісіі не чакаў ні ён, ні яго маці, якая слёзна прасіла лепш даць штраф. Паколькі юнак нідзе не працуе, гэтая мера пакарання да яго не падыходзіць. Пакінулі камісію вельмі засмучанымі маці з сынам. Дык навошта было рызыкаваць?
Дарога – гэта не жарт
Гэтае паняцце даводзілі да чарговага юнака, які выехаў на матацыкле на праезджую частку дарогі. Аказваецца, бацька ведаў, што сын узяў траспартны сродак. Дык хто ж большы правапарушальнік: сын ці бацька?
На кон – будучыня
У гэтага ўраджэнца аграгарадка Альшаны ў час камісіі вырашалася будучае жыццё. Ён вучыцца ў такой установе, што яму пагражала выключэнне, калі там даведаюцца пра яго паездку без права кіравання. Цяжкі выбар стаяў перад членамі камісіі, але яны вырашылі даць юнаку шанс і закрыць справу. Дай Бог, каб ён зрабіў высновы і больш у такія перапетыі не трапляў.
Аматар паездзіць без праў
Юнак быў пад уздзеяннем алкаголю, калі знаходзіўся ў машыне за рулём. Хлопца выгадавала бабуля, якая хварэе. Таму ён, закончыўшы ў гэтым годзе школу, застаўся дома і дапамагае ёй і дзядулі. Пэўна, гэтыя абставіны і дазволілі яму адчуваць сябе занадта дарослым. Але ці такім спосабам даказваць сваю самастойнасць?
Паехаў на машыне ў кафэ
Згадзіцеся, аўтарытэт бацькоў – гэта вялікая справа. Калі яны сказалі «не», значыць «не». А калі сын без дазволу бярэ аўтамабіль з гаража і едзе ў кафэ з сябрамі, пакуль бацькі спяць, то што атрымліваецца? Ці бацькі дазваляюць, ці іх слова не мае значэння. Было прынята рашэнне абмежаваць вольны час тэрмінам на месяц. Цяпер нават пешшу ў кафэ пасля 20.00 не зможа схадзіць юнак.
Я не я і хата не мая
А вось гэтая гісторыя асабіста мне нагадала дэтэктыў. Прыходзіць юнак на камісію разам з бацькам, і яны запэўніваюць дарослых людзей, што ўсё гэта – падстава. А супрацоўнік міліцыі, які складаў пратакол, – злосны ашуканец. І фотаздымак, на якім юнак на матацыкле, гэта фотамантаж. Ну і гэтак далей. Шчыра прызнаюся, нават я спачатку паверыла, што гэты юнак невінаваты. У збянтэжанасці былі ўсе члены камісіі.
Але ж не здарма яшчэ Сакрат сказаў, што ўсё тайнае рана ці позна становіцца яўным. Як аказалася, бацька ЗАГАДАЎ сыну хлусіць членам камісіі. Такое рашэнне абгрунтаваў тым, што супрацоўнік міліцыі не пагаварыў з ім, а адразу склаў пратакол. Маўляў, так не чэсна. Трэба спачатку было ўсё высветліць, а затым ужо справу заводзіць. Пэўна, бацька не ў курсе, што зараз для папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх відэа- і фотафіксацыя прынята як яшчэ адзін доказ парушэння. Гэта значыць, неабавязкова, каб ДАІ затрымлівала і ганялася за непаўналетнім па розных вулачках. Фотаздымак – таксама істотны доказ правапарушэння.
Няма ўяўлення небяспекі
Яшчэ адзін выпадак язды без права кіравання і зноў альшанец. Бацька ведаў, што сын узяў матацыкл і паехаў пакатацца на дарогу грамадскага карыстання, а значыць стаў паўнапраўным удзельнікам дарожнага руху, не маючы на тое права. А не дай Божа, нявопытны вадзіцель не справіўся б з кіраваннем і трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне. Хто б тады быў вінаваты?
Ад аўтара: У час пасяджэння ўсім членам камісіі стала зразумела, адкуль ногі растуць у дадзенай праблемы – непаўналетнія за рулём. Бацькі ВЕДАЮЦЬ, што іх сын ці дачка можа сесці за руль матацыкла ці машыны. Значыць, яны самі ставяць пад небяспеку жыццё самых дарагіх людзей. І якія б прафілактычныя меры ні праводзіліся, калі ў сям’і будзе дазволена, то, як паказвае і гэтае пасяджэнне, нічога немагчыма змяніць. Вось самі ўявіце сітуацыю.
Прыходзіць сын пасля школы і расказвае бацькам, што нельга садзіцца за руль аўтамабіля ці матацыкла без права кіравання. А ў адказ яны кажуць, што трэба ў парнік ехаць, там агуркі сарваць, каб прадаць і грошы атрымаць. Каго паслухае дзіця? Адказ відавочны. І гэты прыклад я не прыдумала.
Альшаны – гэта гонар нашага раёна, бо тут жывуць сапраўдныя гаспадары зямлі. Прыгожыя дыхтоўныя дамы і шыкоўныя аўтамабілі – нярэдкасць. Ганарымся мнагадзетнымі сем’ямі, якіх тут абсалютная большасць. Спартыўнымі дасягненнямі, асабліва футбалістамі, таксама ганарымся. Ну навошта псаваць рэпутацыю? У першую чаргу адрасую пытанне бацькам…
Ганна
МЕЛЬНІК