На Дзень Перамогі жыхары Церабліч сабраліся каля новага помніка ўсім загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны! Ён быў усталяваны літаральна за некалькі дзён да 9 Мая. Стары помнік, аўтарам якога з’яўляецца скульптар, разьбар па дрэве, мастак, народны майстар Беларусі Іван Супрунчык, з’явіўся ў цэнтры вёскі ў далёкім 1985 годзе. Пасля ўрачыстага ўскладання кветак павіншавалі жыхароў старшыня Рамельскага выканаўчага камітэта Пётр Шчучка, настаўнік гісторыі Фёдар Шпакевіч і Іван Супрунчык.
На помніку высечаны імёны 35 жыхароў вёскі, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. 35 імёнаў герояў, якія аддалі свае жыцці за Вялікую Перамогу. 35 сем’яў кранула гора і боль страты. Мабілізацыя мужчын з Церабліч праходзіла ўжо пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. У многіх загінуўшых воінаў былі сем’і, якія разбурыла вайна. Удовамі засталіся жонкі, сіратамі засталіся дзеці…
Іван Піліпавіч таксама сірата. Яму быў толькі гадочак, калі бацька забралі на фронт. Загінуў ён 23 кастрычніка 1944 года і быў пахаваны ў польскім горадзе Зелена-Гура. На жаль, так і не давялося пабываць на магіле бацькі.
Маці Аксіння сама падымала на ногі сваіх чацвярых дзяцей. Праз усё жыццё пранесла горыч страты ўдава…
Ды і не адна яна такая была. У мінулым годзе не стала ўдавы загінуўшага ў 1945 годзе Адама Вяргуна. Аляксандра Філімонаўна не ваявала, але яе таксама можна назваць гераіняй. Са сваім мужам яна пражыла толькі два гады. Нарадзілася дачушка Кацярына — і страшная звестка: мужа забіраюць на фронт. Гэта быў 1944 год, перамога была блізка. Здавалася, зусім трохі, і зноў пабачыць сваю жонку і дачку малады салдат. Дзень і ноч чакала Аляксандра свайго каханага. Дачакалася… пахаванку. Доўгі час не ведалі, дзе пахаваны герой і толькі, калі пачала стварацца кніга “Памяць” даведаліся, што Адам апошні прытулак знайшоў у Латвіі. Сёння да помніка прышла яго ўнучка Надзея разам ужо са сваёй унучкай Надзеяй.
Радавы Павел Кашэўскі памёр ад ран у 1945 годзе і пахаваны ў Польшчы. Мальцевіч Васіль загінуў 23 лістапада 1944 года і пахаваны у Латвіі. Толькі 23 гады было хлопцу. Цярэнцій Петрусевіч 1912 года нараджэння прапаў без вестак.
Аляксей Шпакевіч загінуў перад самай перамогай 30 красавіка 1945 года. Пахаваны ў Брандэбургу.
Там жа знайшоў свой апошні прытулак Аляксандр Шпакевіч. Сержант Фядось Колбік забіты ў красавіку 1945 года і пахаваны ў Польшчы. Яфрэйтар Якаў Наскевіч пахаваны ў Калінінскай вобласці. Міхаіл Мякота загінуў у лагеры для ваеннапалонных Дулаг-202 і пахаваны ў Будапешце. І такіх месцаў пахавання загінуўшых солдат тысячы… На жаль, помнік загінуўшым ёсць амаль у кожным населенным пункце нашай краіны.
Дзякуй вам, героі! Дзякуй за мір! Мы ніколі не забудзем пра ваш подзвіг і памяць будзе жыць у сэрцах вашых дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Ганна МЕЛЬНІК