2 чэрвеня ў Мінску ў Палацы Рэспублікі
гала-канцэрт «Мы створаны нашай зямлёй» у рамках рэспубліканскага фестывалю «Беларусь – мая песня» прэзентавала наша родная Брэстчына. Прыемна, што Першы рэгіён адкрыў серыю падобных канцэртаў.
Для гасцей падрыхтавалі мноства сюрпрызаў. У фае Палаца Рэспублікі гасцей сустракаў сімвал Брэстчыны – паменшаная копія скульптуры зубра, якая размешчана паблізу трасы М1 на мяжы Брэсцкай і Мінскай абласцей. Таксама ўсе жадаючыя маглі пагутарыць і сфатаграфавацца з Брэсцкім ліхтаршчыкам.
Выстава «1 рэгіён – 85…» складалася з 12 лакацый, дзе наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з гістарычнай і культурнай спадчынай Брэстчыны, яе турыстычнымі брэндамі.
У гала-канцэрце прынялі ўдзел каля 1,5 тысячы чалавек – больш за 50 творчых калектываў, каля 30 вакалістаў і інструменталістаў, у тым ліку і прадстаўнікі Століншчыны – Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі «Выцінанка» Столінскага ГДК і народны ансамбль танца «Рэха» Столінскага раённага дома культуры.
Канцэртная праграма атрымалася разнастайнай па тэматыцы і жанравых кірунках.
Так, на сцэне Палаца Рэспублікі ўпершыню прагучаў музычны твор да 85-годдзя Брэсцкай вобласці. Яркім стала і выступленне вялікага зводнага духавога аркестра, які аб’яднаў пяць калектываў.
Кожны госць стаў уладальнікам паштоўкі, выкананай навучэнцамі дзіцячых школ мастацтваў вобласці ў рамках акцыі «Брэстчына вачыма дзяцей». Акрамя таго, гледачы, выкарыстоўваючы QR-код на сваіх запрашальных квітках, змаглі адкрыць і паглядзець прэзентацыйны ролік аб Брэсцкай вобласці і пагрузіцца ў свет прыгажосці і гісторыі нашага любімага рэгіёну.
У завяршэнні гала-канцэрту да прысутных у зале звярнуўся старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка:
– Мы рады, што мы сёння разам. Я доўга думаў, што сказаць, і пачну з таго – хто такія палешукі. Гэта храбрыя, смелыя, культурныя і вельмі працавітыя людзі. Наш Прэзідэнт назваў іх асаблівымі – людзьмі са Знакам якасці. І я ганаруся гэтым, таму што працую тут. І як вынік нашай сумеснай працы – Дошка гонару рэспублікі, дзе знайшлося месца Першаму рэгіёну. І гэта дарагога каштуе для людзей, якія сёння сабраліся ў гэтай зале і куюць эканамічную перамогу нашай краіны разам з нашым Прэзідэнтам.
Выказваю вялікую падзяку арганізатарам, артыстам за гэты цудоўны канцэрт. А мы будзем і далей рабіць наш рэгіён ПЕРШЫМ! Калі мы шчаслівыя?! Мы шчаслівыя – калі мы разам!
Завершыцца фестываль маштабным музычным шоу ўсіх рэгіёнаў у Дзень Незалежнасці на галоўнай святочнай сцэне сталіцы.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара