НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

З прыходам цяпла ў лясніцтвах Столінскага раёна з сярэдзіны мінулага тыдня пачалася нарыхтоўка бярозавіку. Аднымі з першых да нарыхтоўкі прыступілі ў Церабяжоўскім лясніцтве, дзе давялося пабываць у мінулую нядзелю і паназіраць непасрэдна за працэсам збору карыснага напою.
Трыгерам да дзеяння паслужыла, што знаёмы пацікавіўся, ці можна купіць бярозавік у нядзелю. Самому стала цікава, таму адразу ж патэлефанаваў ляснічаму Церабяжоўскага лясніцтва Івану Дзяжурку.



– Вядома можна купіць, хай прыязджаюць. Тым больш у нас дзяжурны ў лясніцтве пастаянна, бо наступіў пажаранебяспечны перыяд, – адказаў Іван.
Цудоўнае надвор’е, выхадны, лясніцтва працуе – усё складваецца. Таму без роздумаў адправіўся ў лясніцтва з надзеяй пабачыць сам працэс. Як кажуць – ваўка ногі кормяць. Ды і нічога так не цешыць вока, як назіраць за працай іншых. Так, жартаў хопіць – прыступаем да справы. Бліжэй да поўдня каля лясніцтва было досыць ажыўлена. Літаральна хвілін 20 таму прыязджалі людзі з райцэнтра і забралі апошнія літры бярозавіку. Самы час адпраўляцца ў лес за новай партыяй.
– Летась купілі еўракуб, аб’ёму якога цалкам дастаткова для нашых нарыхтовак, – кажа Іван. – Па меры напаўнення пакетаў у лесе мы збіраем каманду з ліку добраахвотнікаў і едзем у лес. Апошні збор быў у пятніцу пад вечар. Тое, што памяняўся крыху фармат рэалізацыі бярозавіку (цяпер яго прасцей купіць прама на тэрыторыі лясніцтва) – гэта толькі плюс, так як менш людзей у гэты небяспечны перыяд наведвае лес. Ды і машыну ганяць даводзіцца радзей. А гэта ўсё выдаткі на паліва.


Тым часам памочнікаў работнікам лесу сабралася дастаткова. Мы адправіліся ў лес. Па дарозе на ўзлеску ў маляўнічым месцы заўважылі статак казуль, якія мірна пасвіліся на лузе. Пабачыўшы здалёк аўтамабіль, важак закамандаваў, і ўсім гуртам яны паскакалі ў лес. Нягледзячы на выхадны дзень, лесаводы лясніцтва занятыя пасадкай дрэў. Таму ў ролі памочнікаў на грамадскіх пачатках часта выступаюць сваякі і сябры. Аднымі з такіх былі бацька ляснічага Анатоль Дзяжурка, а таксама даўні сябар і калега – ляснічы Каладнянскага лясніцтва Міхаіл Пак.
– Моцныя мужчынскія рукі ніколі не перашкодзяць, – кажа Міхаіл. – У маім лясніцтве бярозавік не нарыхтоўваецца, а вось сябру дапамога патрэбна. Тым больш я цяпер у адпачынку, але без справы сядзець не прывык.

Міхаіл як сапраўдны прафесіянал не толькі прасочыць за зборам, прынясе поўныя вёдры, але і, калі трэба, асінавы падсочнік падправіць сякеркай, без якой у лес ісці, як без пашпарта на мяжу.
Іван узяў з сабой у лес і пляменніка Мікалая, які толькі быў гэтаму рады, – усё ж у лесе цікавей.
– Так бы мовіць, прафарыентацыя з ранніх гадоў, – кажа Іван, забіраючы ў пляменніка поўныя вёдры з бярозавікам. – Лес – наш здабытак, трэба з ранніх гадоў прывіваць да яго любоў. І нават калі ён не стане работнікам лесу, у чым я ўжо сумняваюся, то навучыцца хоць беражліва да яго ставіцца. Заўсёды кажу нашым людзям – стаўцеся да лесу так, быццам гэта ваш бацька ці маці, сын ці дачка. Як ты будзеш ставіцца да лесу, так і ён адплаціць. Усё ў гэтым свеце ўзаемазвязана.
Тым часам еўракуб паступова напаўняўся. Вялікі аб’ём працы выконвалі Анатоль Дзяжурка і майстар лесу Уладзімір Ліпскі, які з лёгкасцю прамяняў працу ў гандлі на працу ў лесе.
– Тут спакайней і цікавей, – кажа Уладзімір. – Можна ў адзіноце падумаць аб добрым, раскласці па палічках свае думкі і абдумаць план дзеянняў на бліжэйшую будучыню. У адрозненне ад гандлю, дзе я быў эканамістам, тут даводзіцца часта працаваць рукамі. Калі для кагосьці можа здацца гэта нераўнацэнным абменам, то я, наадварот, шукаў менавіта такі занятак. Калі ты ў руху пастаянна, то і настрой лепшы. Ды і папяровай цяганіны ў разы менш.
Яшчэ два тыдні таму спецыялісты Церабяжоўскага лясніцтва падбіралі ўчасткі для падсочкі, выраблялі неабходныя падлікі, каб быць гатовымі да збору.
– Падабралі мы некалькі ўчасткаў, – кажа Іван Дзяжурка. – Гэта спелыя насаджэнні. Дрэвы, якія мы падсочваем, праз пэўны час будзем высякаць. Пасля падсочкі замазваюцца ўсе ранкі спецыяльным растворам, усе пашкоджанні выдаляюцца, што зберажэ бярозу ад хвароб і гібелі.
У працэсе нарыхтоўкі бярозавіку ёсць шмат нюансаў. Напрыклад, надрэз робіцца на пэўнай вышыні – ад 30 да 40 см. Для збору выбіраюцца дрэвы не менш за 20 см у дыяметры, якія дасягнулі ўзросту спеласці. Такая бяроза ў сярэднім за суткі можа даць 20-30 літраў соку. У сезон з такой можна сабраць да 300 літраў.

– Сёлета праз суровую зіму мы разлічвалі пачаць працэс нарыхтоўкі бярозавіку ў канцы сакавіка – пачатку красавіка. Але пачалі раней. Пачатак руху бярозавіку падказала сама прырода. Вось мурашнік. Калі яго жыхары пачалі актыўнічаць, то і нам час пачынаць падсочку. Разлічваць на тое, колькі працягнецца рух бярозавіку, цяжка – тут усё залежыць ад надвор’я. Калі ноччу падмарожвае, значыць, і падсочка будзе даўжэй. Былі гады, што літаральна ты-дзень, і падсочка спынялася.
Сёлета ў Церабяжоўскім лясніцтве даведзены план па нарыхтоўцы бярозавіку ў аб’ёме дзвюх тон. Калі атрымаецца больш, а так і будзе, – гэтаму будуць толькі рады.
– Попыт на бярозавік у апошнія гады вялікі, – падсумаваў наш невялікі рэпартаж Іван Дзяжурка.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости