НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post
Наведаць Таццяну Пашкевіч з аграгарадка Рубель была прыемная нагода – 21 студзеня яна адзначыла свой 60-гадовы юбілей. Калі я зайшла ў яе ўтульны дом, гаспадыня завіхалася на кухні.  
– Чакаю дачку з зяцем у госці, – патлумачыла яна. –  Сёння ў нас з дачкой імяніны. Яна разам з мужам Iаанам – настаяцелем царквы ў Вялікім Малешаве – на службе былі. А зараз з хвіліны на хвіліну павінны пад’ехаць.
Гледзячы на гэтую сімпатычную ўвішную жанчыну, ніколі не дала б ёй столькі год. А сустрэла яна свой юбілей у коле дзяцей і ўнукаў: шмат падарункаў,  вялізны торт, а прыгожы букет хрызантэм і зараз радуе вока юбіляркі.
– Яшчэ адзін букет занесла ў царкву, бо мяне там таксама павіншавалі, – расказвае жанчына. – Я вельмі ўдзячна Богу за тое, што маю. І кожны дзень малюся, каб у маіх блізкіх усё добра было. А самае галоўнае, каб здароўе не падводзіла.
Радзіма Таццяны Пашкевіч – Рубель, дзе жыве і зараз. Пасля школы хацела паступіць вучыцца, але маці не пусціла, баялася, што дачка назаўсёды пакіне родны кут.
У хуткім часе пазнаёмілася са сваім будучым мужам Іванам. Маладыя пажаніліся акурат на дзень нараджэння Таццяны.  У 1979 годзе нарадзілася першая дачка Люба. А потым праз кожныя два гады ў сям’і з’явіліся яшчэ тры дачкі – Марыя, Таццяна і Вольга.
– Муж вельмі хлопчыка хацеў, хоць і ў дочках душы не чуў. Але казаў, што яшчэ марыць пра дзяцей. І ў 1988 годзе ў нас нарадзіліся двайняты – Мікалай і Іван. Хоць і многа работы было, але разам з мужам выдатна спраўляліся. Памятаю, як садзімся вячэраць, а дзеці нашы шчабечуць наперабой. Расказваюць, як у школе справы. Такое шчасце…
На жаль, у 32-гадовым узросце муж раптоўна памёр. У яго была язва страўніка. Аднойчы вельмі нарабіўся, мяхі з бульбай цягаў, і старая хвароба дала пра сябе ведаць. За тыдзень не стала бацькі шасцярых дзяцей, малодшым з якіх было толькі адзін год і тры месяцы. А Таццяна ў 28 гадоў засталася ўдавой…
– Здавалася, быццам увесь мой свет абваліўся. Калі мы яго хавалі, плакала ўся вёска. Потым яе жыхары мне дапамагалі. Збіралі грошы, падтрымлівалі словам і справай. Асабліва з удзячнасцю ўспамінаю тагачаснага настаяцеля храма – бацюшку Пятра. Ён разумеў маё гора, многа са мной гаварыў. Тады пачала хадзіць у царкву і дагэтуль не мінаю яе. Глядзела на сваіх дзяцей і разумела, што не маю права ўпасці ў роспач. Трэба было іх падымаць на ногі, дабудоўваць дом. Гэта зараз мнагадзетным сем’ям гарантавана дзяржаўная падтрымка, а тады выпісаць лес ці цэглу – вялікая праблема. Я абівала парогі сельвыканкама, калгаса ў пошуках дапамогі. І мне дапамагалі, дзякаваць усім. Спачатку ўладкавалася паляводам, потым за любую работу бралася, каб забяспечыць дзяцей. Каму-каму, а ім ніколі не паказвала, як мне было цяжка. Памятаю, пакладу ўсіх спаць, а сама плачу ў сваім пакоі. Ноч плачу. А зранку зноў бягу на работу. Маці мая, якая пераехала жыць да мяне, каб дапамагаць з малымі, казала: «Бог дае чалавеку столькі, колькі ён можа вытрымаць». Яна вельмі мудрая жанчына, сама засталася рана ўдавой, таму ра-зумела мяне.
Дзеці падраслі, сталі дапамагаць. Пасталелі, стварылі свае сем’і. Люба жыве ў Рублі, бліжэй за ўсіх да маці. Марыя ў Брэсце, Таццяна і Вольга – у Вялікім Малешаве. Сыны ў горадзе Высокае. Самаму старэйшаму ўнуку Дзянісу – 16 гадоў, а малодшай Алісе – два гадочкі.
На жаль, у мінулым годзе вялікую і дружную сям’ю зноў напаткала гора – загінуў у аварыі муж Вольгі. Яна ў 35 гадоў засталася ўдавой, трое дзяцей на руках.
Да размовы падключаецца дачка Таццяны Мікалаеўны:
– Чалавек моцны тады, калі за ім стаіць яго род, калі ён не адзін змагаецца з выпрабаваннямі. І прыклад – наша маці. Мы бязмерна ўдзячны ёй за ўсё, што яна дала. Хоць і без бацькі гадаваліся, але не адчувалі недахопу ўвагі.  Маці дарыла нам яе за дваіх. Вяселлі, праводзіны ў армію братам, выпускныя вечары і іншыя прычыны ладзіла не горш, чым у іншых. І заўсёды з усмешкай, ніколі не жалілася на сваё жыццё. Яна навучыла нас верыць у сябе, не скарацца перад цяжкасцямі, дапамагаць іншым. Нізкі паклон нашай маці.  І зараз без справы не сядзіць, бо хоча кожнаму дапамагчы. Трымае гаспадарку, жывёл свойскіх, агарод. Вельмі любяць праводзіць лета ў маці нашы дзеці, асабліва гарадскія. Нават адсутнасць інтэрнэту іх не палохае, а карміць курэй і бульбу палоць – ім за шчасце.  Наша маці ўмее да кожнага знайсці падыход, унукі ёй давяраюць свае сакрэты. А як яна гатуе! Кожнаму дагодзіць. Часта заказваюць амлет і блінчыкі, якія найсмачнейшыя ў свеце. Мы часта збіраемся ў бацькоўскім доме  на розныя святы. Вось і на юбілей усе прыехалі, пакінуўшы свае справы.
Таццяна Мікалаеўна на развітанне частуе мяне фаршыраванай рыбай. Кажа, што з яе хаты ніводзін чалавек галодны не выходзіў. Я дзякую і жадаю гаспадыні ўсяго лепшага. І яшчэ раз захапляюся беларускімі жанчынамі. А колькі такіх, як юбілярка, засталіся ўдовамі пасля вайны, колькі дзяцей гадаваліся без бацькоў. І выстаяў беларускі народ, бо моцныя духам яго людзі. Такія, як Таццяна Пашкевіч з Рубля.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Окончание отопительного сезона
Белавиа рейсы

Белавиа рейсы

15 апреля, 2025
Блюда на Пасху 2025

Блюда на Пасху 2025

15 апреля, 2025

Оставить комментарий

Похожие новости