Заўважыўшы юнака з блакнотам на малочнатаварнай ферме «Малешава» ААТ «Палессе-АВМ» спачатку падумала, можа, які калега. Але памылілася, бо Павел Ракавец з’яўляецца брыгадзірам вытворчай брыгады. У свае 23 гады ён узначальвае ферму, з’яўляючыся самым маладым кіраўніком у гаспадарцы.
Павел Ракавец спатрэбіўся там, дзе нарадзіўся – у аграгарадку Вялікае Малешава. Яшчэ ў 10-ым класе вызначыўся з будучай прафесіяй – пойдзе ў жывёлаводства, з якім знаёмы з самага дзяцінства. Бабуля Вольга даглядала кароў, а маці Наталля зараз з’яўляецца аператарам машыннага даення.
У школе юнак пачаў паглыблена вывучаць хімію і біялогію. Паклапаціўся і пра мэтавае накіраванне, якое з вялікім задавальненнем выдала кіраўніцтва гаспадаркі – былі патрэбны маладыя кадры. Таму Павел без асаблівых цяжкасцей стаў студэнтам біятэхналагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
– Вучоба была складанай, але разам з тым цікавай, – успамінае юнак. – Многае я разумеў, паколькі бачыў усе працэсы, якія адбываюцца на ферме. Ва ўніверсітэце больш дэталёва вывучалі іх спецыфіку. Усю практыку, а гэта чатыры месяцы за ўсе гады вучобы, праходзіў на гэтай жа ферме.
Але на яе трапіў не адразу пасля заканчэння ўніверсітэта. Спачатку была служба ў арміі. Яе Павел Ракавец праходзіў у Баранавічах у 120-й Яраслаўскай зенітнай ракетнай брыгадзе. Армію лічыць важным этапам свайго жыцця, паколькі тут развіваюцца такія якасці, як вынослівасць, адказнасць, дысцыплінавасць і ўменне правільна кіраваць сваім часам. А яшчэ ў арміі Павел праявіў свае спартыўныя здольнасці, з’яўляючыся членам каманды воінскай часці па футболе.
– Звычайна пасля дэмабілізацыі даецца месяц для адпачынку, – кажа мой суразмоўца. – Але я хацеў працаваць. 18 лістапада быў ужо афіцыйна ўладкаваны ў ААТ «Палессе-АВМ».
– Як цябе сустрэў калектыў у якасці кіраўніка? – пытаю.
– Выдатна! Яны ведалі, што прыйду сюды. Яшчэ ў час практыкі пазнаёміўся з усімі работнікамі, таму маё прызначэнне не было, як снег на галаву. Мае патрабаваннi, каб людзі выконвалі свае абавязкі якасна і добрасумленна, бо, калі што не так, будзе спагнанне з мяне. Таму вось і хаджу з блакнотам, у якім пазначаю ўсе пытанні, задачы, недахопы. Уважліва прыслухоўваюся да старэйшых калег, не саромеюся перапытаць, калі не зразумеў. Люблю, каб усё па паліцах было разложана. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць дырэктару ААТ «Палессе-АВМ» Івану Цярэнцьевічу Кадолічу, які даверыў мне ўзначаліць такі вялікі жывёлагадоўчы комплекс. Казаў, каб тэлефанаваў адразу, калі ўзнікнуць пытанні, і ён дапаможа іх вырашыць.
Таму я не маю права падвесці гаспадарку. Дарэчы, на ферме зараз утрымліваецца 1 600 галоў усяго статка – ад цялят да дойных кароў. Работы многа, але і сіл у мяне многа. Задачу ра-зумею, а значыць, буду рухацца наперад.
Паколькі Павел шмат часу праводзіць на ферме, адпачынак выкарыстоўвае з карысцю. Займаецца спортам, лічыць, што ён дапамагае не толькі цела трымаць у форме, але і парадак у галаве. Сустракаецца з роднымі і сябрамі, бо аддае перавагу жывым адносінам. Дарэчы, у Паўла ёсць два браты і дзве сястры, з якімі ён вельмі блізкі.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
