НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Столінская дзяржаўная гімназія славіцца высокім узроўнем адукацыі і выхавання. Чарговы доказ таго – навучэнцы гэтай установы вызначаюцца пераможцамі штогадовага раённага конкурсу «Малады чалавек года». Так, па выніках мінулага года пераможцам у намінацыі «Малады чалавек – адкрыццё 2019 года» ў галіне адукацыі і навукі прызнаны выпускнік гімназіі Уладзіслаў Грэчка.
Уладзіслаў нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў ў Церабяжове, але большую частку жыцця правёў у Століне. Сям’я пераехала жыць у райцэнтр, калі хлопчыку было чатыры гады. Так супала, што яны сталі жыць на вуліцы Абадоўскага, названай у гонар першага дырэктара гімназіі. Выхаванне ў настаўніцкай сям’і не магло не адбіцца на хлопчыку – ён з пачатковых класаў меў здольнасці літаральна да ўсіх прадметаў.
– Мой тата Аляксандр – настаўнік хіміі і біялогіі, а маці Ларыса – па спецыяльнасці гісторык, але выкладае геаграфію, – расказвае Уладзіслаў. – Яны ўвесь час працуюць у Церабяжоўскай сярэдняй школе. Недзе да дзявятага класа ў мяне былі два профільныя прадметы – геаграфія і беларуская мова. Але потым для сябе вызначыў, што мова больш спатрэбіцца, і пераключыўся на родную мову для далейшага ўдзелу ў прадметных алімпіядах. У дзясятым класе стаў пераможцам раённай алімпіяды і быў трэцім на абласным этапе. У гэтым годзе таксама перамог на раённай алімпіядзе, а на абласным этапе стаў ужо другім. Трэба было ехаць на рэспубліканскую алімпіяду ў Маладзечна 11 мая, але з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі мы адмовіліся ад паездкі. Вельмі шкада, што так выйшла. Але гэта не пройдзе міма, таму што праз месяц трэба будзе прыняць удзел у цэнтралізаваным тэсціраванні. Акрамя беларускай мовы буду здаваць матэматыку і англійскую мову. Чаму матэматыку? Хачу паступіць у БНТУ на архітэктурны факультэт. Што тычыцца дасягненняў у геаграфіі, то ў дзявятым класе стаў трэцім у вобласці.
– Давай адразу: сталіца Бангладэш?
– Дака.
Гэтак жа лёгка адразу Улад адказаў на некалькі іншых пытанняў па геаграфіі.
– А чаму не хочаш працягнуць бацькоўскую настаўніцкую дынастыю, а выбіраеш архітэктуру?

– Я, канешне, вельмі паважаю прафесію настаўніка. Лічу яе адной з самых важных у свеце. Але мне здаецца, што архітэктура ў пэўнай ступені таксама настаўніцтва – праз архітэктуру можна выхоўваць у людзях культуру да прыгожага, новага, цікавага. Чаму выбіраю гэтую спецыяльнасць? Мажліва, глядзеў у інтэрнэце артыкулы ці па тэлебачанні перадачы пра падарожжы і трапілася іспанская Барселона з яе асаблівай архітэктурай. У першую чаргу ўразіла творчасць славутага архітэктара Антоніа Гаудзі і яго знакаміты Збавіцельны храм Святога Сямейства, які пачалі будаваць у 1882 годзе і на сёння яшчэ не скончылі. Таму для мяне ў перспектыве падарожжа ў Барселону на першым месцы.
– Улад, у цябе такі цікавы і неардынарны выбар – беларуская мова і матэматыка. Патлумач, калі ласка.
– Па-першае, беларуская мова – гэта родная мова. Дзякуй настаўніку беларускай мовы і літаратуры Святлане Вабішчэвіч, якая прывівае любоў да роднай мовы. Я яшчэ наведваў факультатывы і стымулюючыя заняткі. Для мяне ўвогуле лінгвістыка – гэта своеасаблівая матэматыка ў гуманітарнай галіне. Як ні дзіўна, матэматыка дапамагае мне ў вывучэнні беларускай мовы.
Улад таксама вельмі любіць чытаць.
– Апошні прачытаны твор – «Палеская хроніка» Івана Мележа, – гаворыць хлопец. – Гэтая трылогія ў школьнай праграме не ўся – толькі «Людзі на балоце». Астатнія дзве часткі «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань» чытаў сам. Таксама вельмі падабаецца Уладзімір Караткевіч, а яго твор «Каласы пад сярпом тваім» пакуль лепшы прачытаны для мяне. Адзначу ў спісе лепшых, на мой погляд, Івана Шамякіна, Максіма Багдановіча. Зусім нядаўна перачытаў яго зборнік вершаў «Вянок». З сусветнай літаратуры вылучу Жуля Верна.
Аб тым, што хлопец эрудзіраваны і стараецца развівацца ў розных галінах, сведчаць яго заняткі ў школе мастацтваў, дзе ён вучыўся маляванню. І зараз юнак дома бывае малюе для душы, а таксама складае вершы.
– Раней вершаў было больш, але потым іх паменшала. Зараз нешта закруціцца ў галаве, пакручу словы і так, і гэтак – можа нарадзіцца чатырохрадкоўе.
– Якія ў цябе яшчэ ёсць захапленні?
– Раней займаўся філатэліяй. Сабраў шмат марак розных краін, але пакуль гэтае захапленне паставіў на паўзу. Таксама паралельна займаюся нумізматыкай. Канешне, дарагіх і рэдкіх манет у маёй калекцыі няма, але ёсць даволі памятныя для мяне – гэта самыя першыя. Ёсць манеты з розных краін свету – Казахстана, Фінляндыі, Чэхіі, Літвы і іншых. Самыя старыя – гэта царскія манеты. А з папяровых грошай у калекцыі ёсць першыя беларускія «зайчыкі», польскія злотые, царскія рублі і іншыя.
На канікулы Улад любіць ездзіць у госці да бабуль і дзядуль у Церабяжоў і Беражное. А цікавыя гісторыі дзеда Рыгора Лазнухі натхнілі юнака зрабіць генеалагічнае дрэва свайго роду. Было гэта, калі хлопец вучыўся ў дзявятым класе. Потым з настаўнікам яны аформілі гэтае дрэва ў даследчую работу, з якой на раённай канферэнцыі «Адкрываючы сусвет – адкрываеш сябе» заняў другое месца.
Хлопец заўсёды гатовы дапамагчы малодшай сястры Паліне, якая сёлета заканчвае пяты клас гімназіі, у падрыхтоўцы дамашняга задання па розных прадметах.
– Аднойчы прыходзіць да мяне з падручнікам па матэматыцы, паказвае мне прыклады з дзесятковымі дробамі. А я разумею, што яны гэта яшчэ не праходзілі, а ёй цікава. Прыйшлося рас-тлумачваць. Яна ў мяне вельмі цікаўная і гэта добра. Толькі не падумайце, што я нейкі там «батанік» (усміхаецца). Так, увесь вольны час у мяне зараз заняты падрыхтоўкай да тэсціравання, але бывае гадзіна-другая, калі магу пасядзець у камп’ютарнай гульні. Падабаюцца стратэгіі. Напрыклад «Цывілізацыя», дзе трэба будаваць гарады, наладжваць эканоміку і многа іншага.
Таксама хлопец актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця, любіць катацца з сябрамі на веласіпедзе, раней любіў пагуляць у настольны тэніс і наведаць басейн.
Уладзіслаў з сумам адзначыў, што ў гэтым годзе ў яго аднагодкаў не будзе звычайнага і такога чаканага апошняга званка, не будзе звычнага за апошнія гады гарадскога балю выпускнікоў, калі на плошчы Леніна ў райцэнтры збіраецца народ і глядзіць на іх, маладых і прыгожых выпускнікоў, якія танцуюць вальс.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября

Оставить комментарий

Похожие новости