НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Котава Паўліна Ільінічна на Купалле будзе сустракаць свой дзевяноста восьмы год нараджэння. Многа цяжкасцяў, бед выпала на долю гэтай жанчыны. Якую толькі працу не выконвалі яе рукі!

У час размовы нас атакавалі цэлыя раі камароў: хата прымасцілася каля ракі. Паўліна Ільінічна кажа, што гэта прывычна ёй з дзяцінства, бо нарадзілася і жыла з бацькамі, братам і сястрой на хутары. З усіх бакоў да ўрочышча Ніжняе падступаюць балоты. Сям’я Масла мела многа зямлі і займалася вырошчваннем зерня, агародніны, гадавала жывёлу. Пра хутар зараз напамінае толькі старая груша ды ўзвышэнне, дзе стаяла хаціна. Мясціны багатыя на ягады. Паўліна Ільінічна ўспамінае, што збірала чарніцы і насіла прадаваць у Давыд-Гарадок. Маладая суседка Лена здзіўляецца: «Зараз нам вельмі цяжка па балоце вынесці ягады да матацыкла, а бабуля Паўлінка з Ніжняга да Давыд-Гарадка кіламетраў сямнаццаць пехатой па бездаражы ішла з гэтакім грузам».
Чорнай бурай наляцела вайна… Моладзь забіралі на работы ў Германію. Не абмінула бяда і дзяўчыну-паляшучку. Брат прапанаваў: «Давай я за цябе паеду». Але сястра адказала: «Забяруць цябе, а пасля ўсё роўна і мяне». Трапіла да баўэра, ферма якога знаходзілася на ўскраіне горада Нользальца. Спачатку са здзіўленнем назірала, як прадукты, што засталіся ў яе пасля дарогі, за некалькі хвілін былі з’едзены тымі людзьмі, якія раней трапілі ў фашысцкае рабства. Пазней прывезлі рускую жанчыну з сынам. Хлопец быў вельмі знясілены, худы. Ён узяў без дазволу памідор. За гэта падлетка моцна збілі, адправілі ў паліцэйскі ўчастак. Бульбу давалі толькі на святы. Асноўнай ежай была рэпа. Даводзілася працаваць у цяпліцах, нарыхтоўваць сена, даіць кароў і коз. Побач была вузлавая чыгуначная станцыя, на якую здзяйсняліся налёты. Аб гэтым засталіся самыя жудасныя ўспаміны. Не ведалі куды кінуцца, каб уберагчыся. Як кажа Паўліна Ільінічна: «Бог убярог. І снарады рваліся, і бомбы падалі, але Гасподзь даў пажыць. Пабачыла за сваё жыццё і добрага, і дрэннага».
Пасля вызвалення працавала ў сталовай, дзе кармілі савецкіх афіцэраў. Нават тры месяцы была на ахове завода. Паўліна ніколі не трымала ў руках зброю. А тут правяралі, хто зможа страляць. Патрэбна было пацэліць у дрэва. Дзяўчына выстралам збіла некалькі галінак. Вось так мініяцюрная Паўлінка стала ахоўнікам аб’екта.
Нарэшце восенню 1945 года вярнулася дадому. Праз некаторы час людзей з хутароў вывезлі ў вёскі. Сям’я пасялілася ў Велямічах. Паўлінка пазнаёмілася з будучым мужам, які да вайны жыў у Тураве. Цяжкі час прымусіў яго з маці перабрацца да радні ў вёску Мачуль. Муж быў маладзейшы за яе, але хварэў і затрымаўся на гэтым свеце нядоўга. Паўліна падымала дваіх сыноў і дачку сама. Працавала паляводам, а потым на птушкаферме.
Дачка Людміла жыве ў Баранавічах, але часта наведваецца на радзіму. Паўліна Ільінічна тройчы бабуля і прабабуля: мае тры ўнучкі і тры праўнучкі. Канешне, яна жадае, каб яе родныя і ўсе людзі не ведалі жахаў вайны.
Некаторыя зайздросцяць, калі былым вязням выплачваюць нейкія грошы. Мой бацька перад Вялікаднем выказаў такую думку: «Хіба гэта пост!? Хапае ўсяго. Вось у Германіі было: дадуць кавалачак хлеба на ўвесь дзень, і глядзіш – ці то адразу з’есці, ці пакінуць крышку на потым». А мама аднойчы ўспамінала вывезеных у фашысцкае рабства: з сямейкі з чатырох чалавек вярнулася жанчына з параненай дачкою, а гаспадар з другой дачкой загінуў пад бомбамі… Галодны хлопец з’еў нешта і атруціўся…
Такіх прыкладаў многа. Палова аднавяскоўцаў не вярнулася з фашысцкага палону. І гэтак было не толькі з жыхарамі нашай вёскі. Не дай, Божа, трапіць у бязлітасныя жорны вайны!
Галіна
Бабарыка

Оставить комментарий

Похожие новости