НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post
З ляснічым Альшанскага лясніцтва Палескага лясгаса Аляксеем Кадолічам сустрэліся падчас адной з рэспубліканскіх акцый па ахове лесафонду. 
Тады звярнула ўвагу, наколькі ён ашчадна «лячыў» зламаную бярозку, якой дасталося ад ветру. І як тлумачыў вучням – удзельнікам той акцыі – па якой прычыне ўзнікаюць пажары і чаму з імі так цяжка змагацца. Адразу стала зразумела, што для чалавека прафесія з’яўляецца яго ж прызначэннем. І я не памылілася.
Разгаварыўшыся па дарозе, даведалася,  што любоў да лесу перадалася ў спадчыну ад дзеда Івана Кудласевіча. Ён быў лесніком Рычоўскага лясніцтва і часта браў з сабой на работу цікаўнага ўнука Лёшку. Той хлапчук пакрысе вырас у сапраўднага аматара лесу, ведаў, як лёгка знайсці грыбныя месцы і дзе растуць вялікія журавіны. Дзед таксама займаўся бортніцтвам. Некалькі борцей, як напамін, і дагэтуль захоўвае яго ўнук і працягвае дзедаву справу – пчалярства.
А пасля заканчэння школы пайшоў у армію і службу нёс… у лесе. Тады ў Давыд-Гарадку размяшчалася вайсковая часць, задача якой – абслугоўванне палігона. Чым уласна і займаўся салдат Аляксей Кадоліч. Як жартаваў сам, ад лёсу не ўцячэш. Таму пасля дэмабілізацыі ў 1999 годзе звярнуўся ў Палескі лясгас з мэтай уладкавацца на работу. Спачатку быў лесніком, потым майстрам лесу ў Кароціцкім лясніцтве, а два гады таму перайшоў у Альшанскае. Паралельна завочна скончыў Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны каледж.
Агульная плошча лясніцтва складае 16926 гектараў, таму работы хапае заўжды.
–  У гэтым годзе, цьфу-цьфу, нас мінулі лясныя пажары. У 2019 годзе і днявалі, і начавалі, ратуючы лес. Наша першапачатковая задача – засцерагчы лес ад пажараў, якія ў сваёй большасці здараюцца з-за чалавечага фактару. Каб зменшыць рызыку, перыядычна лясгас устанаўлівае забарону на наведванне лесу. На шчасце, вось пайшоў дождж, таму апошняя з іх была знята, але меры перасцярогі павінен захоўваць кожны.
– А ці часта даводзіцца сустракацца з браканьерамі і парушальнікамі?
– Не, зараз паляваць без спецыяльнага дазволу ці нарыхтоўваць драўніну без білета – сабе даражэй, паколькі штрафы і меры пакарання вельмі сур’ёзныя. Да таго ж не губляе пільнасці Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якая і нас, работнікаў лесу, можа праверыць. Дарэчы, я – таксама аматар палявання, і першае ружжо купіў і зарэгістраваў, як толькі прыйшоў у лясгас. Але займаюся сваім хобі, калі на адпачынку.
– Значыць, і вольны ад работы час вы праводзіце ў лесе?
–  Вы здагадаліся, –  усміхаецца ляснічы. – У гэтым годзе водпуск якраз летам атрымаў, і мы ўсёй сям’ёй ездзілі ў лес па чарніцы. Заўзятыя ягадныя бізнесмены прагназуюць і ўраджай журавін добры. Пабачым. А я спадзяюся, што грыбы парадуюць. Увогуле, лес – маё месца сілы.
Цікава, што не толькі Аляксей Кадоліч з сям’і выбраў для сябе лясную прафесію. Родны дзядзька і тры яго сыны працуюць у суседнім Жыткавіцкім лясгасе. Бацька таксама меў дачыненне – быў вадзіцелем у Сцвігскім лясніцтве.
А марыць Аляксей Паўлавіч калі-небудзь трапіць на Урал, пабываць у лясах Сібіры, пабачыць тайгу. А я ўжо не здзіўляюся, што ў ляснічага і мары лясныя.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября

Оставить комментарий

Похожие новости