НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Сустрэцца з настаяцелем храма свяціцеля Лукі Крымскага, што будуецца ў Століне, давялося днямі па ўважлівай прычыне. Лявонцію Паўлавічу Дабрынцу днямі споўнілася 50 гадоў.

Наканавана лёсам
У час яго маладосці такі шлях служэння Богу юнакі звычайна не выбіралі. А што паўплывала на рашэнне юнака? На гэта пытанне быў адказ-успамін.
Па-першае, хатняе выхаванне. Малы Лявонка рос у сям’і святара. Яго бацька айцец Павел, чалавек веруючы, быў настаяцелем 15 гадоў у Дубаі, а потым узначальваў клір у Глінцы. Родам са Століна, без прафесійнай тэалагічнай адукацыі ён быў пасвечаны ў духоўны сан у той час, калі былі ганенні на царкву, калі не хапала адукаваных святароў. Аднак чалавек гэты меў аўтарытэт сярод вяскоўцаў не толькі за сваю веру, але і за чыста грамадзянскія якасці. Яго паважалі за справядлівасць, увагу да бліжняга, працавітасць і імкненне тварыць дабро.
У сям’і свяшчэнніка дзяцей выхоўвалі не толькі ў праваслаўных традыцыях, але і строгасці, калі малыя не чулі дрэнных слоў, а пачуццё павагі да бліжняга было з маленства, як і малітва, і пасты. У такой атмасферы рос Лявонка і меў перад сабою прыклад бацькі.
Па-другое, пасля першага класа ў Століне хлопчык з сям’ёю паехаў у Пачаеў ва Украіну, каб пакланіцца цудадзейнай іконе Божай Маці Пачаеўскай. Калі ўжо збіраліся дахаты, сустрэлі двух манахаў і схімніка. Маці Лявонція падышла да іх па благаславенне. Схімнік усіх благаславіў, а паказаўшы на першакласніка, сказаў, што гэта будучы бацюшка. Словы гэтыя запалі ў душу хлопчыка і служылі пуцяводнай зоркай на працягу многіх гадоў, калі ён вучыўся ў школе, спяваў у царкоўным хоры, служыў потым у арміі ў Ленінградскай ваеннай акрузе ў часцях грамадзянскай абароны. Рашэнне вучыцца ў Мінскай духоўнай семінарыі прыйшло не спантанна, а свядома.

Вучоба і праца
Пачатак вучобы ў семінарыі супаў з часам перабудовы ў краіне.
Гэта сёння Жыровічы – комплекс храмаў для паломнікаў, а ў той час нават Святапакроўскі сабор не быў добраўпарадкаваны. Семінарысты дзялілі тэрыторыю з навучэнцамі аграрнага тэхнікума. Даводзілася падзяляць час паміж вучобай і работай па аднаўленні матэрыяльнай базы духоўнай навучальнай установы.
Пасля першага курса Лявонцій Дабрынец жэніцца з выпускніцай Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута Аленай, сваёй зямлячкай. Міне яшчэ год – і 9 ліпеня 1994 года ён будзе пасвечаны ў духоўны сан.
Тут трэба зрабіць адступленне, каб сказаць, як вучыўся семінарыст. Калі ў школе ён быў «сераднячком», то ў Жыровічах за паўгода ён здаваў праграму года навучання. Прычым, пераважна на «выдатна». І прычыну такога поспеху бацюшка сёння тлумачыць проста:
– Мне было цікава вучыцца. Гэта было маё, хацелася ведаць больш і глыбей.
Была і яшчэ адна прычына паскоранага навучання. У рабочым пасёлку Рэчыца актывісты будавалі праваслаўны храм. Стаяла ўжо каробка, якая патрабавала аддзелкі і начыння. Патрэбен быў храму настаяцель, які б і службу вёў, і работамі кіраваў. У снежні 1994 года да завяршэння вучобы ў семінарыі бацюшка Лявонцій правёў першую службу ў новым храме.
Ці было хваляванне перад такой масай вернікаў? Было. Справіцца з ім дапамагаў бацька, у храме якога пачынаючы святар на працягу месяца праходзіў практыку. І не ведаў малады настаяцель, што служыць у першым сваім храме будзе на працягу чвэрці стагоддзя, а потым яму даручаць будаваць саборны храм свяціцеля Лукі ў Століне. І на апошняй сваёй службе ў Рэчыцы ён будзе дзякаваць прыхаджанам за іх веру і службу, за сумесную работу, а многія жанчыны будуць плакаць ад развітання з бацюшкам, з якім дзялілі і радасці, і горыч.
Толькі айцец Лявонцій пакінуў ім надзейную змену – свайго сына Паўла, які скончыў Мінскую духоўную семінарыю і Мінскую духоўную акадэмію.

Радасці і цяжкасці
Наша размова з бацюшкам тычылася не толькі жыццёвых вех, але і самой службы свяшчэнніка.
У храм людзі ідуць па розных прычынах. Адны – каб знайсці заспакаенне, другія – за верай, трэція – каб захаваць бацькоўскую традыцыю.
– Наша служба падобная да работы ўрачоў, – кажа айцец Лявонцій. – Розніца толькі ў тым, што доктар лечыць цела, а мы – душу. На споведзі бачыш, як пакутуе чалавек ад нанесеных яму абраз, як крыўдуе, як перажывае і не бачыць вый-сця. І ці толькі адзін вернік! А выслухаеш яго, параіш, што зрабіць – і выходзіць з храма іншы чалавек. У вачах надзея, жаданне жыць. Гэта для нас галоўнае. Гэта надае сілы, як і надзея на тое, што нашы малыя, якія прыходзяць да прычасця, стануць з цягам часу добрымі праваслаўнымі вернікамі.
Што засмучае? Што жывём мы ў такі крытычны час, калі папіраюцца праваслаўныя традыцыі. Нават сям’я на Захадзе – гэта не муж і жонка, а якога полу дзеці – невядома. Выступаеш з пропаведдзю і бачыш, што далёка не да ўсіх даходзіць тое, пра што кажаш, што грахоўнае ў розных праявах часта заступае дарогу дабру. А гэтага не павінна быць.
Мы гаварылі яшчэ і пра груз гадоў. Бацюшка пакуль не адчувае яго. Ён поўны планаў аб будаўніцтве храма, дзе нядаўна ўстанавілі велічныя купалы, а на чарзе пакрыццё даху і добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Мы гаварылі і пра дзяцей айца Лявонція. Сын Павел служыць у царкве р. п. Рэчыца, дачка Валерыя пасля заканчэння лінгвістычнага ўніверсітэта жыве і працуе ў Мінску, а малодшая Людміла толькі скончыла першы курс універсітэта нашай сталіцы. Ёсць у сям’і Дабрынцоў адзіная пакуль уручка, якая радуе дзядулю і бабулю.
Так у клопатах і радасцях і ідуць дні. Няхай іх будзе шмат на жыццёвым шляху святара! Няхай нясуць яны больш дабра і міру, шчасця і надзеі!
Валянціна МІРАНОВІЧ
Фота Алены КЛІМУШКА
і Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Опасная продукция

Опасная продукция

22 января, 2025
Дети борются за возможность видеть, ходить, стоять на ногах! Важно помочь!
Птица Феникс

Птица Феникс

22 января, 2025

Оставить комментарий

Похожие новости