Падведзены вынікі праекта “Роўныя магчымасці”, ініцыятарам якога выступіў Цэнтр падтрымкі маладых інвалідаў. На працягу дзесяці месяцаў ў яго рамках рэалізавана тры міні-праекты, якія ўжо маюць свой працяг.
На сустрэчы па падвядзенні вынікаў работы гэтых 10 месяцаў было паказана і расказана аб мерапрыемствах, набытым абсталяванні, адкрыцці майстэрань – усё гэта задзейнічана і зараз. Вынікамі работы дзяліліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый — Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам, Цэнтра падтрымкі маладых інвалідаў, а таксама дзяржаўных – Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама аддзяленняў дзённага знаходжання маладых інвалідаў.
Самы першы напрамак – спартыўны. Для спартыўнага мерапрыемства да Дня інвалідаў была набыта добрая колькасць неабходнага абсталявання. Значная яго частка перададзена дзіцяча-спартыўнай школе (на базе “Аквамарына”) для арганізацыі іншых мерапрыемстваў. Частка засталася на базе Цэнтра падтрымкі маладых інвалідаў і ў бліжэйшы час будзе ўстаноўлена ў вёсцы Лука. Там плануецца праводзіць летнія лагеры, арганізоўваць адпачынак як для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, так і для дзяцей з сацыяльнанебяспечных сем’яў. У будучыні на базе былой школы у гэтай вёсцы плануецца адкрыць будынак для незалежнага пражывання людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Другі напрамак праектнай дзейнасці – гэта непасрэдна незалежнае пражыванне. Людзей з інваліднасцю патрэбна вучыць жыць самастойна. Таму для класаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання, аддзяленняў дзённага знаходжання ў Альшанах і Століне было набыта пэўнае абсталяванне – гэта тостэры, чайнікі, посуд. Дзеці, маладыя людзі маюць магчымасць самастойна гатаваць сабе некаторыя віды ежы. Таксама набыта абсталяванне для пернікавай майстэрні. Дарэчы, гэтая майстэрня працягвае работу і кожны жадаючы можа набыць смачныя пернікі, пячэнне дамашняга прыгатавання.
У гэтым міні-праекце былі цікавыя сустрэчы і мерапрыемствы. Адно з іх кафэ, у якім адпачываючых абслугоўвалі людзі з інваліднасцю. Патрэбна было бачыць, як гарэлі вочы афіцыянтаў, калі яны атрымлівалі заказ, а пасля важна яго дастаўлялі. У іх ёсць жаданне і магчымасць працаваць – а гэта важна і патрэбна.
Трэці – мастацкая майстэрня. Яна ўжо на працягу некалькіх месяцаў штонядзелі збірае людзей з інваліднасцю, якім цікава маляваць. Для гэтага набыты прылады і інструменты. Таксама ў рамках гэтага напрамку куплена вышывальная машына. Гэта будзе яшчэ адна дзейнасць, якой зоймуцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі.
На рэалізацыю праекта затрачана 7880 долараў, якія вылучаны з бюджэту Еўрасаюза.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара