НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)
Пра гэта добра ведае настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 аграгарадка Альшаны Вольга Іванаўна Лемяза, якая ў гэтым годзе адзначыла 30-годдзе прафесійнай дзейнасці. Знаёмячыся з першакласнікамі, вопытны педагог адразу бачыць, якім патэнцыялам валодае кожны з іх.  І ў навучальным працэсе толькі раскрывае яго. 
Прызнаецца, што на работу заўсёды ідзе з радасцю, а калі, бывае, і не вельмі настрой, то яго мігам падымуць дзеці. І сама часта вучыцца ў іх жыццярадаснасці. Таму вельмі задаволена, што калісьці выбрала спецыяльнасць менавіта настаўніцы пачатковых класаў. Добрым словам і з вялікай павагай успамінае сваю першую настаўніцу Ванду Адамаўну Серадзіну. Мудрая і добрая, яна ніколі не павышала голас, таму вучні ўважлівала лавілі кожнае яе слова.
Вучоба ў Баранавіцкім педагагічным вучылішчы давалася лёгка, а пасля яго Вольга ў 1992 годзе вярнулася ў родныя Альшаны, і ў родную школу, дзе сустрэлі вельмі цёпла.
– Пачатак сваёй працоўнай дзейнасці ўспамінаю з настальгіяй, хоць тады быў няпросты час. Да нас – маладых педагогаў – тагачаснае кіраўніцтва ставілася вельмі ўважліва, унікала ў нашы праблемы і сур’ёзна разглядала нашы прапановы. А калі цябе шануюць, то гэта дарагога каштуе, нават грошы адыходзяць на другі план. Я добра памятаю, як атрымала сваю першую заработную плату. Колькі радасці было! Нягледзячы на тое, што яна была ў параўнанні з іншымі зусім невысокая, заўсёды ганарылася тым, што я настаўнік.
– Вольга Іванаўна, але на вас ускладзена вельмі адказная місія – выхаванне новых пакаленняў беларусаў. Менавіта ў пачатковай школе закладваецца падмурак дома пад назвай дарослае жыццё. Як Вы лічыце, што неабходна данесці да вучняў, каб яны сталі годнымі грамадзянамі нашай краіны.
– Дзецям трэба гаварыць, што ад кожнага з іх залежыць будучыня нашай краіны, яе росквіт і дабрабыт. І што трэба працаваць, у тым ліку, над сабой. Спачатку ў школе каля дошкі, потым ва ўніверсітэце, на зямлі, на сваёй пасадзе. А не сядзець на месцы і чакаць, калі хтосьці дасць, прынясе, падорыць. Што трэба браць адказнасць за сваё жыццё і не думаць, што дзесьці далёка неба блакітнейшае, і птушкі спяваюць званчэй.
Мне пашанцавала, паколькі ў Альшанах гэтыя прынцыпы, акрамя настаўнікаў, прывіваюць і бацькі. Многія з іх працуюць на зямлі, і дзеці з маленства разумеюць кошт працы.
– Але ж разам з тым, некаторыя абясцэньваюць вучобу, маўляў, грошы важнейшыя за веды. Колькі гадоў запар школа ў Альшанах была «антылідарам» па паступлення. Ды што казаць, нават мясцовыя фермеры ў свой час аддавалі перавагу зусім не вучобе…
– Ведаеце, на мой погляд, чалавек павінен рэалізоўваць тыя здольнасці, якія ў яго ёсць. Не кожны стане дзеячам навукі, як і не кожнаму дадзена ўменне кіраваць. Калі чалавек на сваім месцы працуе бездакорна, яму гэта падабаецца і, што не менш важна, прыносіць прыбытак – значыць ён зрабіў правільны выбар.
Яго зрабіла і Вольга Іванаўна. Бо адразу відавочна, што вучні любяць сваю настаўніцу. А яшчэ яны мне па сакрэту расказалі, што яна вельмі добрая і ніколі не сварыцца. Ды і сваімі таямніцамі ахвотна дзеляцца, бо ведаюць, што настаўніца ніколі нікому не раскажа.
Падчас нашай размовы заўважаю, наколькі бездакорна размаўляе Вольга Іванаўна на беларускай мове.
–  Я вельмі люблю нашу мову, нават думаю на ёй. Калі паступала ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Пушкіна, без разваг выбрала аддзяленне беларускай мовы і літаратуры. Дарэчы, у нас усе настаўнікі размаўляюць па-беларуску, у тым ліку і дырэктар Міхаіл Ільіч. Добра было б, каб мова гучала не толькі ў школе, але і ў іншых месцах, бо яна – наш скарб. Безумоўна, чым больш чалавек ведае моў, тым лепш, але сваю ён ведаць павінен абавязкова.
 Адбылася мая суразмоўца і як маці. Разам з мужам Генадзем, які забяспечвае надзейны тыл, выгадавалі чатырох дзяцей. Старэйшы Іван – галоўны інжынер ААТ «Новая Прыпяць», пра якога, як пра маладога спецыяліста, я таксама раней пісала артыкул. Памятаю, што мяне па-добраму здзівіла, наколькі мэтанакіраваны юнак у свае гады, і не памылілася: праз колькі часу ён стаў вядучым спецыялістам адной з лепшых гаспадарак раёна. Мае сям’ю і ў гэтым годзе стаў бацькам.
А вось дачка Ганна працягнула дынастыю маці і таксама з’яўляецца настаўніцай пачатковых класаў. Зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і выхоўвае дачку Вольгу.
Яшчэ адзін сын Аляксандр ходзіць у 10-ы, а дачка Ірына – у 9-ы класы. Зараз вызначаюцца наконт будучай прафесіі.
– Як і ў выпадку са старэйшымі дзецьмі, я цалкам даю свабоду выбару, каб потым не было нараканняў, –  кажа жанчына. – Яны ў мяне з дзяцінства самастойныя. Можа ў гэта складана паверыць, але мае дзеці амаль не звярталіся да мяне за дапамогай з урокамі. Яны ведалі, што ўсё роўна я прымушу іх думаць, а не дам гатовыя адказы. Веды, як і любую рэч, трэба зарабіць сваёй працай.
 Пазначаю ў сваім блакноце яшчэ адно выказванне, якіх многа пачула ў час размовы. Яшчэ даведалася, што днямі – а дакладней 23 лістапада – Вольга Іванаўна адзначыла 50-годдзе. З чым яе віншую і зычу здароўя, прыемных падзей і заўсёды заставацца для сваіх вучняў самай лепшай настаўніцай.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября

Оставить комментарий

Похожие новости