Сёння многія лічаць, што прафесія бібліятэкара не вельмі распаўсюджаная і не надта запатрабаваная, калі ўсё шырэй і шырэй развіваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.
Зусім іншага меркавання прытрымліваецца мая сённяшняя суразмоўца – бібліятэкар Асаўской сельскай бібліятэкі Вольга Цупа, якая любімай справе аддала ўжо 36 гадоў.
Дзяцінства і маладосць Вольгі прайшлі ў родным Вялікім Малешаве. У школьныя гады яна любіла наведваць мясцовую бібліятэку, з задавальненнем чытаць кнігі, і гэта так яе захапіла, што пасля заканчэння школы паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.
Пасля малады спецыяліст вярнулася ў родныя мясціны і працаўладкавалася ў Відзі-борскую сельскую бібліятэку. На той час, у 1987 годзе, гэта быў даволі вялікі населены пункт.
– Вы не ўяўляеце, як мне там спадабалася, – адзначае Вольга Іванаўна. – Людзі былі вельмі добрыя, ветлівыя. Я са ўсімі хутка пасябравала. На работу штодня ішла як на свята. Як на крылах ляцела! Але лёс вырашыў інакш: пазнаёмілася з хлопцам з Юнішча, можна сказаць, што на рабоце. Неяк пайшлі з сябрамі ў кіно ў мясцовы Дом культуры, там і сустрэлі адзін аднаго. Пасля аказалася, што на ўсё жыцце.
Маладыя ўзялі шлюб, жылі ў в. Юнішча. У хуткім часе Вольга пайшла ў дэкрэтны водпуск, а пасля ёй прапанавалі пасаду бібліятэкара па месцы жыхарства. Да 2020 года працавала там, а пасля закрыцця бібліятэкі ўжо трэці год працуе ў Асавой.
– Прызнаюся, што першапачаткова крыху хвалявалася, – дзеліцца Вольга Цупа. – Усё-такі новая вёска, незнаёмыя людзі, але вы не ўяўляеце, якія яны ўсе цудоўныя, проста слоў няма. Настолькі адкрытыя, настолькі добрыя і душэўныя, што працаваць адно задавальненне. Мы адразу знайшлі агульную мову з дзіцячым садком і школай, разам правялі безліч мерапрыемстваў. Выдатны калектыў культработнікаў – Жанна Квятка і Мікалай Кавалёў – такія шчырыя. Можна сказаць, што яны мяне тут «сагрэлі». Работнікі ўсіх устаноў, усе жыхары без выключэння ішлі і ідуць на кантакт, я запрашала і запрашаю ўсіх у бібліятэку, таму мае чытачы ніколі не абмінаюць бібліятэку ўвагай. Бывае і наадварот: чалавеку патрэбна падтрымка, таму ён заходзіць, каб проста выгаварыцца. Я стараюся кожнага сустрэць усмешкай і добрым словам, а пасля ён пакідае гэтыя сцены з прыемнай усмешкай. Я лічу, што ў кожную справу трэба ўкладваць душу, праяўляць зацікаўленасць, шукаць новыя формы работы, упэўнена крочыць да рэалізацыі пастаўленай мэты і тады ўсё атрымаецца.
Вольга Іванаўна упэўнена, што сёння працаваць у бібліятэцы значна прасцей, чым раней. Ёсць тэлефон, камп’ютар, інтэрнэт, таму можна знайсці любую распрацоўку мерапрыемства, каб сустрэча з чытачамі спадабалася і запомнілася ім. Яна задаволена тым, што многіх бацькоў непакоіць лёс іх дзяцей, таму яны кантралююць іх вучобу і вольны час. У дапамогу Вайбер. Толькі дзеці атрымалі спіс дадатковай літаратуры, як яны дасылаюць яго бібліятэкару, а Вольга Іванаўна падбірае неабходныя творы і кнігі. Жанчыне прыемна такое супрацоўніцтва: проста і зручна ўсім.
Заўжды падтрымліваюць бібліятэкараў метадысты – гэта Ірына Грэчка, Надзея Стахавец, Таццяна Карчэўская і Наталля Лісавец. Яны ў любы час гатовы аказаць дапамогу, падказаць штосьці. Такое ўзаемапаразуменне і яднанне кіраўніцтва, работнікаў і чытачоў даюць магчымасць усім атрымліваць асалоду ад зносін з кнігай.
– Я не ўяўляю сябе без кнігі, – разважае Вольга Іванаўна. – Кніга развівае мысленне. Здаецца, што бярэш у рукі тэлефон і няма ўпэўненасці, што тое ці іншае слова напісана правільна, а з кнігай усё інакш, бо гэта эталон правапісання. Хто многа чытае, той павышае ўзровень сваёй пісьменнасці. Мне здаецца, што кніга была, ёсць і будзе. Кніга – гэта першыя літары, першыя веды. І яе ніколі не зможа замяніць электронны варыянт. Я лічу, что яны павінны ісці разам – новыя тэхналогіі і добрыя нашы сябры – кнігі.
У Вольгі Іванаўны і Алега Мікалаевіча трое дзяцей. Бацькі заўжды імкнуліся выхоўваць любоў да кнігі, цiкавасць да новых ведаў. Уся сям’я любіць чытаць літаратуру, асабліва дачка Алёна. Яна цалкам раздзяляе захапленні маці, ведае ўсе навінкі літаратуры, удзельнічае ў разнастайных мерапрыемствах і вельмі шануе кнігі.
Усе дзеці Вольгі Іванаўны атрымалі вышэйшую адукацыю. З бацькамі жыве толькі сын Ігар, які працуе ў райцэнтры. А вось малодшая дачка Іна жыве ў Лунінцы. Яна звязала сваё жыццё з медыцынай. Дачка Алёна жыве ў Баранавічах, працуе ў гандлі, вольны час праводзіць за літаратурай ці разам з сям’ёй падарожнічае. Любяць бываць на малой радзіме. Асабліва гэта даспадобы ўнуку Вольгі Іванаўны Аляксею, які часта бавіць час у бібліятэцы.
Вольга Цупа ўдзячна ўсім сваім чытачам, з якімі склаліся цёплыя ўзаемаадносіны. А іх у бібліятэкара больш за 250 чалавек, бо і зона абслугоўвання даволі вялікая – гэта населеныя пункты Церабішча, Асаўцы, Асавая, Відзіборац, Камарнікі. Фонд літаратуры дазваляе забяспечыць усе запатрабаванні чытачоў. У дататак можна карыстацца паслугамі абменнага фонда райцэнтра, калі ўзнікне такая неабходнасць. Карыстаецца попытам праваслаўная літаратура, якой у бібліятэцы дастаткова. Даволі часта наведваюць бібліятэку чытачы «са стажам» Лілія Шаламіцкая, Міхаіл Шпакоўскі, Ніна Неўдах, Марыя Малей, Святлана Валчковіч, Вольга Яворская і інш.
Дзеці прыходзяць у біблія-тэку не толькі, каб узяць новыя кнігі, але і адклікаюцца на запрашэнні да ўдзелу ў мерапрыемствах, самі прапануюць штосьці правесці. Часта ў інтэрнэце знаходзяць нешта цікавае, а пасля забягаюць, каб знайсці адпаведную інфармацыю ў літаратуры і пашырыць свае веды. Самымі частымі гасцямі ў бібліятэцы з’яўляюцца браты Мацвей і Ілья Вярэнічы, сястрычкі Вікторыя і Паліна Аляшкевіч, Валерыя Пашкевіч, Аляксандр Вастравухаў і інш.
– Я вельмі ўдзячна сваім чытачам за іх дабрыню, спа-гадлівасць, – падкрэслівае бібліятэкар. – Хацелася б згадаць кожнага, бо мае чытачы самыя лепшыя. Вы нават не ўяўляеце, якое ў нас адзінства і паразуменне. Я не магу без іх і адчуваю, што гэта ўзаемна.
Вольга Іванаўна проста «жыве» любімай справай. У вольны час мая суразмоўца займаецца развядзеннем хатняй птушкі і кветак.
Вольга Цупа віншуе калег з Днём бібліятэк і жадае ўсім прадстаўнікам гэтай прафесіі цярпення, натхнення, рэалізацыі творчых планаў і задумак, дабрабыту, шчасця, усмешак і радасці, дабра, моцнага здароўя і мірнага неба.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара