Мне заўсёды было цікава, як бачаць навакольны свет мастакі. Той жа захад сонца, снегапад, птушак, што ляцяць у вырай, рознакаляровае лісце пад нагамі і ажыўленую вуліцу. І як потым атрымоўваецца перанесці гэта на палатно, падкрэсліваючы кожную дробязь? Праўда, што мастакі ўмеюць бачыць скрозь час і прастору? І ці ёсць шанс у
штучнага інтэлекту перасягнуць людзей? Магчымасць задаць гэтыя і іншыя пытанні з’явілася пры знаёмстве з мастаком, настаўнікам выяўленчага мастацтва Давыд-Гарадоцкай дзіцячай школы мастацтваў Міхаілам Сысам.
Гэты таленавіты чалавек – паляшук. Нягледзячы на альшанскае прозвішча, нарадзіўся, дзе і жыве дагэтуль, у аграгарадку Беражное. Мастацкі талент перадаўся ад бацькі Паўла Андрэевіча, які доўгі час працаваў мастаком-афарміцелем у мясцовым калгасе. Трэба нагадаць, што раней такая пасада была нароўні з брыгадзірам ці механізатарам у кожнай гаспадарцы. Агітацыйныя плакаты, насценныя газеты, афішы, партрэты лепшых работнікаў і выявы працоўных будняў – усё гэта справа рук мастака-афарміцеля. Больш таго, у яго абавязкі ўваходзіла афармленне залаў, кабінетаў, тэматычных куткоў. Цяпер на змену жывым рукам прыйшлі камп’ютарныя тэхналогіі, такі час…
А тады маленькім хлопчыкам пасля школы Міхаіл стрымгалоў бег на работу да бацькі, каб патрымаць фарбы і пэндзаль, а калі дазволяць, то і дапамагчы. Таму пытанняў наконт будучай прафесіі не было, і пасля заканчэння Беражноўскай сярэдняй школы паступіў у цяперашні Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. І ў майстэрню да бацькі вярнуўся ўжо дыпламаваным спецыялістам.
Прыйшоў у школу мастацтваў у 2008 годзе, дзе працуе і зараз. Карціны піша радзей. Нядаўна праходзіла выстаўка ў Століне, на якой сярод іншых былі і работы майго суразмоўцы. Любімы накірунак – жывапіс, асабліва пейзажы. Натхняецца творчасцю Ісака Левітана, Канстанціна Каровіна, Васіля Паленава, з арыгіналамі работ якіх знаёміўся ў Трэццякоўскай галерэі, Эрмітажы, Дзяржаўным Рускім музеі. Упэўнены, што лепшы фотаапарат – гэта вочы, таму часта піша па памяці, хоць і пленэры толькі вітае. Сярод землякоў лічыць вялікімі мастакамі Аляксандра Харашуна і Сяргея Місюна. Сцвярджае, што прырода беларускага Палесся прыгожая ў любую пару года, галоўнае, знаходзіць магчымасць назіраць за ёй. Работы аўтарства Міхаіла Сысы знаходзяцца ў ЗША, Канадзе, Нідэрландах, Францыі і іншых еўрапейскіх краінах.
– Цікава, хто ж з’яўляецца пакупніком вашых шэдэўраў?
– Большасць – нашы землякі ці іх знаёмыя, – адказвае Міхаіл Паўлавіч. – Карціны для такіх людзей – часцінка радзімы. Памятаю, як мяне прасілі перанесці на палатно бярозы ў жытнім полі. Вось сапраўды складана ўстроены чалавек: спачатку з’язджае, а потым сумуе ўсё жыццё. Дзіўна, але ў цяжкія 90-ыя гады, нягледзячы на тое, што вакол дэфіцыт, недахоп рабочых месцаў і іншыя вынікі распаду савецкага саюза, людзі мелі патрэбу ў мастацтве. Карціна павінна размаўляць з тым, хто на яе глядзіць, бо яна жывая. Гэта імкнуся і вучням сваім данесці.
– Значыць, вы не згодны, што сучасныя тэхналогіі возьмуць верх?
– Канешне, не. Вось давайце возьмем работы знакамітых мастакоў, якія захоўваюцца ў галерэях усяго свету. Яны ж з гадамі толькі даражэйшымі становяцца, бо мастацтва – бессмяротнае. Аб’ядноўвае, збірае вакол сябе, лечыць і вучыць. Гэта і ёсць яго місія.
– Міхаіл Паўлавіч, як вы лічыце – можна навучыцца быць мастаком альбо ім трэба нарадзіцца?
– Як настаўнік адкажу, што кожнае дзіця ўнікальнае і мае здольнасці. Проста іх трэба своечасова разгледзіць і паступова развіваць. І, канешне, працавітасць неабходна, цярпенне і настойлівасць. Мяне асабліва радуе, калі вучань незадаволены сваёй работай, значыць, ёсць да чаго імкнуцца. Нездарма ж знакаміты Сальвадор Далі трапна прыкмеціў: «Не бойцеся дасканаласці, вам яе ніколі не дасягнуць». Сваіх вучняў не крытыкую, толькі падказваю, бо знішчыць жаданне тварыць можа адно непрыемнае слова. А вось зноў запаліць сэрца – задача з зорачкай.
І Міхаіл Паўлавіч ведае, пра што гаворыць. Вучні школы мастацтваў пад яго кіраўніцтвам неаднаразова займалі прызавыя месцы раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. І на гэты навучальны год многа планаў і задач. Так што ў добры шлях!
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара