НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Калі ўспомніць, то ў дзяцінстве мы заўсёды з бабуляй фарбавалі яйкі, пяклі ў печы кулічы і пірагі.
Рабілі ўсяго столькі, каб хапіла на ўсіх, бо сям’я была вялікая. А прыехаць да бабулі з дзядулем у госці напярэдадні Вялікадня – гэта было ўжо традыцыяй..

– Саша, Дзіма, Андрэй! Уставайце хутчэй! Булачкі гатовыя! – часта будзіла нас бабуля Саня (як мы ўсе міла яе называлі). У доме панаваў водар дражджавых булачак, падмацаваны пахам дроўнай печы. – Толькі не спяшайцеся есці, хай астынуць.
Булачак было настолькі шмат, што хапала на тыдзень як мінімум. І хай бабуліны булкі былі не самымі прыгожымі, але самымі смачнымі – гэта дакладна. І я цяпер аддаў бы ўсё, каб хоць разок убачыць сваю бабулю Саню і паспрабаваць яе пірагі. Усё ж трапяткое і душэўнае гэта свята – такім Вялікдзень заўсёды быў і застаецца для нас, хрысціян.



У гэтым годзе праваслаўныя хрысціяне адзначаюць светлае свята Вялікадня 12 красавіка. Спакон веку нашы продкі сустракалі яго з кулічамі. Паводле падання, пасля ўваскрасення Ісус Хрыстос прыходзіў да апосталаў на трапезу, дзе яму пакідалі хлеб. Так з’явілася традыцыя прыносіць артос у храмы, а затым і ў сем’і. Кулічы ўвасаблялі прысутнасць Госпада ў доме.
Ідуць гады, многае ў нашым жыцці змянілася. Нешта спрасцілася, а нешта наадварот – стала цяжэйшым.

Знайсці сёння чалавека, які выпякае булкі і кулічы не толькі напярэдадні Вялікадня, але і на пастаяннай аснове – справа не з простых. Прыйшлося падключаць знаёмых у раёне, якія па абавязку сваёй службы бываюць у цесным кантакце з мясцовымі людзьмі.
Так у маёй запісной кніжцы і з’явіўся адрас Алены Васечка з Беражнога, які ласкава падала кіраўнік справамі Беражноўскага сельвыканкама Таццяна Дземка. Атрымалася, што Алена не толькі выпякае смачныя пірагі, але таксама і па-старому фарбуе яйкі ў цыбульным шалупінні. Увогуле тое, што трэба!
За святымі рэцэптамі мы адправіліся да Алены ў госці, якая захоўвае бабуліны і матуліны сакрэты і замешвае цеста толькі на пазітыве. Загадзя па тэлефоне дамовіліся засняць увесь працэс падрыхтоўкі з нуля. Толькі цеста Алена прыгатавала напярэдадні, бо гэты працэс – адзін з самых доўгіх. І сакрэтных!

– Калі куліч падымаецца высока, нават можа вылезці за краёчак формы – гэта дастатак, багацце, грошыкі сёлета. Малако павінна быць цёплае, пакаёвай тэмпературы. Вось я сёння буду выпякаць на 1,5 літра малака
У малако Алена дадае дрожджы, цукар і яйкі. Усё старанна змешвае і бярэ толькі цёплыя яйкі, інакш куліч можа атрымацца «збітым». Калі цеста падышло, яго трэба абмяць і дадаць астатнія інгрэдыенты.
– Звычайна ў булкі я дадаю толькі карыцу, – кажа Алена. – Заўважыла, што гэтае начынка найбольш любяць мае дзеці і ўнукі. Можна ўзяць любую дабаўку па жаданні – разынкі, мак, цукаты, мармелад. Усё, што душы заўгодна.

Важны момант у любой справе – гэта паслядоўнасць дзеянняў, каб усё атрымалася без лішніх нерваў і з відавочным поспехам.
– Калі цеста гатова, я падзяляю яго на часткі, узважваю і адпраўляю па формах. Пакуль яно будзе падыходзіць, распальваю печ і чакаю, пакуль усё выгарыць. Прыбіраю вуголле і адпраўляю формы ў печ. З майго шматгадовага вопыту я вызначыла, што праз 45-50 хвілін булкі і кулічы можна даставаць і змазваць яечным жаўтком з цукрам, каб скарыначка атрымалася румяная.
Як толькі дзверцы ў печ былі зачынены, Алена падзялілася яшчэ адным сакрэтам:
– Трэба ўсім, хто знаходзіцца на кухні ў гэты момант, як мага хутчэй прысесці на крэсла, на падлогу – што каму дастанецца. Гэта такое ў нас павер’е, што трэба перахітрыць цеста, каб яно не змагло прысесці першым. Так булкі атрымліваюцца пышнейшыя.
А пакуль выпечка знаходзіцца ў печы, Алена дастала загадзя прыгатаваны адвар цыбульнага шалупіння і паставіла на агонь. Як толькі вадкасць пачынае закіпаць, яна кладзе акуратна яйкі ў каструлю і варыць іх як звычайна.

– Працэс нічым не адрозніваецца ад звычайнага адварвання яек, толькі не ў звычайнай вадзе, а ў шалупінні, – кажа Алена. – Раней, калі дзеці былі маленькія, мы іх фарбавалі ў розных фарбавальніках, наляплялі налепкі. Але для мяне самымі прыгожымі былі тыя, што фарбаваны старадаўнім народным спосабам.
Тым часам прыйшла пара даставаць выпечку з печы. Па хаце адразу ж з хуткасцю святла разляцеўся водар свежай гарачай выпечкі, не параўнальны ні з чым.
– Сёлета дзеці і ўнукі не змогуць прыехаць у госці, таму я вырашыла, што паеду да іх сама. Паеду да старэйшага сына ў г. Астравец і вядома ж вазьму з сабой свае булкі і яйкі. Мае дзеці кажуць, што яны ў мяне фірмовыя!

Для Алены Васечка, якая ўсё жыццё працавала ў сельгаспрадпрыемствах бухгалтарам, а цяпер працуе агентам страхавым у Белдзяржстраху, выпечка – гэта не проста хобі, а сапраўдная аддушына. У працэсе падрыхтоўкі ўсе трывогі і хваляванні як рукой здымае. А асабліва – напярэдадні Вялікадня!

Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости