НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Шчырая і радасная атмасфера панавала ў мінулую нядзелю ў Давыд-Гарадоцкім Доме культуры. Тут адбылася прэзентацыя кнігі “Кветкавы край Беларусі”, аўтарамі якой сталі знакаміты гарадчук – пісьменнік і паэт Леанід Дранько-Майсюк і яго добры сябар адзін з лепшых фатографаў краіны Анатоль Кляшчук.

Кніга атрымалася сапраўды на славу. Прыгожая, з вялікай колькасцю фотаздымкаў, цяпер яна з’явіцца на паліцах многіх жыхароў горада і школьных бібліятэках. Трэба дадаць, што над гэтай кнігай аўтары працавалі крыху больш за 20 гадоў, бо хацелі зрабіць усё так, як было задумана.

Ідэя стварыць выданне, прысвечанае Давыд-Гарадку, з’явілася ў аўтараў у далёкім 1999 годзе ў час аднаго з візітаў у старажытны горад на Палессі. Потым Анатоль Кляшчук з фатаапаратам на працягу некалькіх гадоў прайшоў амаль па ўсіх вуліцах у пошуках патрэбных кадраў, якія ў выніку сталі фотаілюстрацыямі кнігі. Змешчаны і архіўныя фотаздымкі, якія расказваюць пра мінулае горада.

Леанід Дранько-Майсюк занатаваў у кнізе многа ўспамінаў з дзяцінства. Ён ашчадна ставіцца да свайго роднага краю, таму першы раздзел мае назву “Зберагчы роднае”.

“Мэта нашай творчай работы – маіх вершаў і прозы, і фотаздымкаў Анатоля Кляшчука – паказаць вялікаму свету невядомую прыгажосць Беларусі, а менавіта хараство Давыд-Гарадка. Паказаць і сказаць: усё трэба зрабіць, каб не згубіць сваё”, — звяртаецца аўтар да чытачоў.

У раздзеле “Давыд Ігаравіч, Бона Сфорца” – гісторыя ўзнікнення горада. Пісьменнік не адну гадзіну правёў у бібліятэках і архівах, каб дакладна ўзнавіць перыяды развіцця Давд-Гарадка. Без сумнення, кніга стала сапраўдным падарункам на 920-годдзе горада.

Пра спрадвечны занятак гарадчукоў гаворыцца ў раздзеле “Вясняніцтва. Гандаль”.

“Вясновы продаж кветкавага насення вёў да большай заможнасці і задавальнення сабой, таму гэты від сезоннага гандлю (назаву яго вясняніцтвам!) стаў у Давыд-Гарадку ці не асноўнай работай, а таксама ж займеў апісальную назву: ехаць на вясну, ці, кажучы па-мясцоваму – “на вэсну”, і самі гарадчукі называлі сябе веснянікамі, або васнянікамі. Вясняніцтва гнала ляноту, вучыла аскетызму, умацоўвала цярплівасць, змушала да вандроўнага жыцця, рабіла думкі рухавымі, абуджала кемлівасць і спрыт, настройвала на знаходлівасць, а часам схіляла і да надзеі на выпадковы поспех…”, — расказвае аўтар.

“Цікеткі” – такую назву носіць адзін з раздзелаў. І вось як іх апісвае Леанід Дранько-Майсюк: “Цікеткі — шчырая плынь прастадушнага жывапісу; даверлівая радасць даступнага мастацтва; празрыстае маляванне, поўнае непадманнага дзіцячага святла і каляровага палескага свята”.

На многіх фотаздымках звычайныя людзі, якія займаюцца надзённымі справамі. На адным з іх маці з сынам капаюць градкі ў агародзе, старанна раўняючы іх граблямі і жалязняком. Усім вядома, што гарадчукі з’яўляюцца заслужанымі майстрамі агародніцтва.

“А межы – гэта вам не дробязь якая! Культура Давыд-Градоцкага агародніцтва строга патрабуе, каб града ад грады заўсёды аддзялялася роўнай, як нацягнуты шнур, мяжой… Жалязняк – яшчэ адзін сімвал Давыд-Гарадка, і таму да жалязняка ставіліся, можна сказаць, з рытуальным шанаваннем: пасля работы не пакідалі ў агародзе, хавалі ў адрыне і, каб не было рудых плям, жалязняк не мылі вадой – да вясёлага сухога бляску насуха праціралі шматай…” – расказваецца ў кнізе.

Асобны раздзел прысвечаны лодцы, якая размешчана на гербе Давыд-Гарадка. “Гарадзецкая лодка – праўдзівая мадэль свету; яе вымайстровалі з сямі дошак, і гэта невыпадковая лічба, нібыта сімвал сямі дзён, за якія бог стварыў усё жывое”.

Ёсць у кнізе яшчэ раздзелы “Вера”, “Конікі, “Гарадчук і гарадчанка”. Пісьменнік з асалодай расказвае пра мясцовыя стравы, смачнейшыя за якія ён не спрабаваў ні ў адной другой краіне.

Людзі слухалі Леаніда Дранько-Майсюка, затаіўшы дыханне. Многія пазнавалі сябе, сваіх родных і сяброў. Ад сябе пісьменнік падарыў кнігі былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Надзеі Васільевай і настаўніку замежнай мовы Васілю Харашуну.

Калі надышоў час развітвацца, з залы прагучала пытанне:

— Адзін з нашых землякоў Георгій Марчук быў прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію, журналістка і пісьменніца Святлана Алексеевіч стала яе лаўрэатам некалькі гадоў таму. Ці не збіраецеся вы таксама пацягнуць гэтую традыцыю?

— Ведаеце, ніводнага свайго твора я не ставарыў дзеля нейкіх ўзнагарод і прэмій. Калі мою творчасць адзначаюць, я, безумоўна, застаюся задаволены. Бо значыць па тым шляху пайшоў. А для мяне намнога важней пачуцці чытачоў і адчуванне таго, што ў мяне атрымалася дасягнуць сваёй мэты. Некалькі гадоў таму ў рабоце над гэтай кнігай, якую я прэзентаваў сёння, з’явіліся некаторыя цяжкасці, якія значна перашкаджалі яе выпуску. І тады я ўспомніў, як будучы школьнікам, бацькі загадалі мне ўскапаць два агароды. Будучы на полове шляху, я вельмі стаміўся і ўжо хацеў кідаць. А потым даў сабе абяцанне скончыць пачатае. І я скончыў, я перамог сябе. Вось і з кнігай. Я, нарэшце, прывёз яе ў свой родны горад. Таму яна і з’яўляецца маім ордэнам. Я бачу ў зале многа знаёмых людзей, сваіх аднакласнікаў, настаўнікаў, сяброў. І ў мяне радуецца сэрца. Спадзяюся, што будзем сустакацца і далей. Дзякуй вам, землякі, і дзякуй табе, любімы горад, — сказаў напрыканцы Леанід Дранько-Майсюк.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

 

 

 

 

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Новогодний конкурс от НП
Внимание всем!

Внимание всем!

18 декабря, 2024
Наши дети

Наши дети

18 декабря, 2024

Оставить комментарий

Похожие новости