НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Вось нездарма сёлетні год аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. А ў нас – на Палессі – яны насамрэч унікальныя, бо сваім жыццёвым прыкладам даказваюць, што няма таго, чаго нельга здолець. Рашучыя і смелыя, заўсёды ідуць наперад, не зважаючы на цяжкасці. Адна з такіх – Наталля Адамаўна Літвін з вёскі Сямігосцічы – першага красавіка адзначыла свой 90-гадовы юбілей.
Гэтыя гады былі напоўнены нястомнай працай, выпрабаваннямі і стойкасцю, жыццялюбствам і руплівасцю. А самае галоўнае, што Наталля Адамаўна і ў свае 90 гадоў працягвае ўсміхацца, жартаваць і верыць у лепшае. Згадзіцеся, ёсць чаму павучыцца ў гэтай моцнай жанчыны, якая з’яўляецца гонарам роднага краю.



Дзяцінства
Нарадзілася перад вайной, таму дзіцячыя гады былі звязаныя са страхам. Спачатку баяліся палякаў, потым вайны. Прыгадвае, як зусім маленькая хавалася пад нейкім кустом, калі пачула, што немцы ідуць у вёску. Тады ўсе былі спалоханыя, бо цяжкі час надышоў для савецкага народа. Супакоіла маці, якую звалі прыгожым іменем Марта. Абняла сваю адзіную дачушку, прытуліла да грудзей, паабяцала, што ўсё будзе добра. Яна і за маці, і за бацьку была, моцная жанчына, ніколі не здавалася і шмат працавала. Адна з першых пайшла ў паляводы ў толькі што створаны калгас. Наталлю часта з сабой брала, на плечах несла да ўчасткаў. Не шкадавала сябе, не скардзілася на лёс, ніколі не плакала, а проста ішла і рабіла. Дзяўчынка ахвотна дапамагала маці, Вось гэты прыклад жаночай сілы назаўсёды залажыўся ў памяці маленькай Наташы.

Юнацтва
Яно хоць і беднае было, але вясёлае. Вайна скончылася, людзі пачалі наладжваць мірнае жыццё. З маці жылі ў маленькай хацінцы, але з імі жыла радасць. Радасць ад таго, што ёсць дах над галовой і луста хлеба на стале. Здаецца, так мала, але і зараз Наталля Адамаўна лічыць гэта галоўным багаццем, якое павінен цаніць кожны чалавек.

Вяселле
Наталля рана пайшла замуж, не было яшчэ 18-ці гадоў. Затое хлопец быў зайздросным жаніхом на ўсё вёску. За Сцяпана Літвіна кожная згадзілася б пайсці – прыгожы, смелы, са слаўнага роду. Да таго ж вадзіцелем у калгасе быў – старшыню вазіў і па іншых справах ездзіў у раён.
Маці плакала з радасці, што ў надзейныя рукі трапіла яе дачушка. Пашанцавала і са свякроўю Параскай, якая прыняла Наталлю, бы родную, палюбіла за вясёлую і добрую натуру. Так і жылі ўсе разам у самым цэнтры вёскі, дзе зараз дзяржаўны магазін, у вялікай хаце. Спачатку нарадзілася Вольга, пасля Васіль. А потым маладую маці паклікалі ў калгас “XVII партз’езд»

Даярка
Паклікаў брыгадзір Пятро Іванчын (па-вясковаму). Бачыў, што маладзіца руплівая, да работы ахвочая, а ім якраз такія і трэба.
Адразу дзве групы цялушак далі – амаль 30 галоў. Іх трэба было раздаіць уручную пасля ацёлу. Хоць жывёлы, а свой нораў кожная мала. З некаторымі прыйшлося дамаўляцца, каб падпарадкоўваліся. Гэта зараз апараты дояць, а тады толькі ад спраўных і пяшчотных рук даяркі залежаў стан цялушкі, а значыць, і жывёлагадоўлі ў калгасе. Будучы настойлівай і рашучай, маладая даярка, не пасавала перад цяжкасцямі і зусім хутка стала лепшай па раздою цялушак.

Узнагароды
Пра працавітасць і ўмельства Наталлі Літвін пачала разносіцца чутка па вёсцы. Старшыня Аляксей Альгамец захацеў увачавідкі пабачыць, што так за даярка такая ўвішная ды смелая. Прыехаў на пашу, дзівіцца, як каровы самі да яе ідуць. І ў гэтым жа – 1970-ым – годзе Наталля была ўзнагароджана медалем “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”. І гэтая ўзнагарода стала пачаткам працоўных дасягненняў Наталлі Адамаўны. У 1973 годзе ўказам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР узнагароджваецца “Знакам Пашаны”, які даецца за вялікія дасягненні, значныя поспехі, высокія паказчыкі і плённую працу. Два гады запар Наталля Літвін – пераможца сацыялістычнага спаборніцтва Столінскага раёна. У 1975 годзе атрымлівае знак “Ударнік дзевятай пяцігодкі”, у 1980-ым – знак “Ударнік дзесятай пяцігодкі”.

Наталлю Адамаўну ставяць у прыклад і выбіраюць дэпутатам Столінскага раённага Савета дэпутатаў работнікаў Брэсцкай вобласці.
Да яе звяртаюцца з просьбамі і прапановамі вяскоўцы, неаднаразова запрашаюць на раённыя злёты пераможцаў. Жанчына прымае актыўны ўдзел у сацыяльным і культурным жыцці раёна. У святочным парадзе да Дня Перамогі ў ліку лепшых работнікаў неаднойчы ўскладала кветкі да помніка загінуўшым. І працягвала аддана працаваць.

Выдатны прыклад
Нягледзячы на безліч работы і абавязкаў, Наталля Адамаўна бездакорна спраўлялася з сямейным жыццём. Даглядала гаспадарку, пякла пірагі, рамантавала і шыла сукенкі, збірала сумкі дзецям на вучобу, ладзіла праводзіны ў армію і вяселлі. З мужам, які стаў для яе каханым, дарадчыкам і надзейным таварышам, разам пражылі 62 гады. Няма ўжо яе Сцяпана побач, але ў час размовы дагэтуль “мой чалавек” кажа пра яго Наталля Адамаўна.
А для дзяцей яна стала прыкладам жанчыны, якая паспявае ўсё на свеце, якая цэніць жыццё, якая любую праблему вырашыць імгненна, якая ніколі ні з кім не сварылася, якая заўсёды прыйдзе на дапамогу. Таму і яны такімі выраслі – працавітымі, адказнымі, добразычлівымі, шчырымі і вясёлымі. Вольга працавала поварам, Васіль – высакакласны электрык. Людміла звязала жыццё з малаком – спачатку прымала яго ў насельніцтва, а потом была лабарантам на ферме. А апошняя Наталля з’яўляецца загадчыкам магазіна “Родны кут” у Сямігосцічах. Пазітыўныя адносіны да жыцця перадаліся ўнукам і праўнукам Наталлі Адамаўны, якія лічаць бабулю сучаснай і часта наведваюцца да яе ў госці. А яна заўжды ўсіх прыме, распытае пра жыццё-быццё, параіць, пакамандуе і, канешне, пачастуе. А самае галоўнае – падарыць любоў, якой так многа жыве ў яе сэрцы.

З юбілей, Наталля Адамаўна, упрыгожвайце гэты свет сабой і далей! Вы нам патрэбны!

Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Без рецепта, но с советом
Хрыстос Уваскрос!

Хрыстос Уваскрос!

11 апреля, 2026
Гороскоп на 12 апреля

Оставить комментарий

Похожие новости