НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

На рабоце мы праводзім значную частку свайго жыцця. Таму вельмі важна правільна вызначыцца са сваёй прафесіяй.
Як гэта зрабіла Аксана Вабішчэвіч – галоўны заатэхнік ААТ «Палеская ніва», якая прызнана «Маладым чалавекам года» ў галіне сельскай гаспадаркі.

Разам з ёй трымаем шлях у Цераблічы, дзе знаходзіцца малочна-таварны комплекс «Пескі» – адзін з самых новых у нашым раёне, які адчынены ў гэтым годзе. Пакуль яшчэ не да канца добраўпарадкаваны, у бліжэйшы час паставяць агароджу. Затое на клумбах растуць некалькі гатункаў руж, петуній, туй і іншых раслін.

– Гэта нашы дзяўчаты пастараліся, – расказвае Аксана Якаўлеўна. – Усё ж прыемна, калі не толькі дома, а і на рабоце вока радуецца. Вось чакаем, калі зацвітуць нашы прыгажуні.
Нават такая дробязь сведчыць пра тое, што з прафесійным выбарам дзяўчына не памылілася. У сельскай гаспадарцы яна ў сям’і не першапраходзец. Маці Марыя многа гадоў працавала лабарантам на ферме. Прыкладам для Аксаны стаў і яе старэйшы брат Уладзімір, які зараз галоўны ветэрынарны ўрач па Мінскай вобласці. Таму ён для яе не проста родны чалавек, але і калега – часта сазвоньваюцца, каб абмеркаваць рабочыя справы.
Пасля заканчэння Веляміцкай сярэдняй школы ў 2008 годзе Аксана паступае ў Віцебскую ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны.
Вучоба прыносіла задавальненне, таму цудоўна скончыла ўстанову і вярнулася на Століншчыну. У яе быў выбар пайсці ці ў СВК «Рубельскі», ці ў СВК «Веляміцкі». Яна выбрала сваю гаспадарку і ўладкавалася на работу заатэхнікам-селекцыянерам.
Папрацаваўшы каля года, пайшла ў дэкрэтны водпуск і нарадзіла дачушку Марыю. За гэты час адбыліся значныя змены. Прайшла рэарганізацыя і гаспадарка была далучана да ААТ«Палеская ніва», куды Аксана вярнулася на сваё рабочае месца ў 2017 годзе. А яшчэ праз два гады была назначана галоўным заатэхнікам.
– Шчыра прызнаюся, вельмі хвалявалася, бо разумела, што гэта вялікая адказнасць. Удзячна дырэктару Аляксею Мікалаевічу Бародзічу, які не проста паверыў у мяне, а і падказваў першы час. Пакрысе я ўнікла ў справы і зараз у мяне ўсё пад кантролем. Да таго я адказная за нарыхтоўку кармоў, якая зараз вядзецца ў гаспадарцы. Кармы – гэта залог добрых надояў. Тут важна строга прытрымлівацца тэхналогіі, – кажа галоўны заатэхнік.
А яшчэ ў яе абавязкі ўваходзяць распрацоўка і ўкараненне навукова абгрунтаваных сістэм жывёлагадоўлі, якія забяспечваюць павелічэнне вытворчасці прадукцыі, зніжэнне сабекошту, павышэнне яе якасці і эфектыўнасці галіны. Таксама галоўны заатэхнік арганізуе мерапрыемствы па паляпшэнні ўзнаўлення статка, павышэнні прадукцыйнасці жывёлы, павелічэнні выхаду маладняку, кармленні і доглядзе жывёлы, рацыянальным выкарыстанні пашы i кармавых угоддзяў. Сумесна з ветэрынарнай службай прымае ўдзел у складанні плана ветэрынарна-прафілактычных мерапрыемстваў. Распрацоўвае прапановы па вытворча-эканамічных сувязях з іншымі гаспадаркамі. Ажыццяўляе сумесна з агранамічнай службай і кіраўнікамі падраздзяленняў мерапрыемствы па ўмацаванні кармавой базы. Кіруе селекцыйна-племянной работай па вывядзенні высокапрадуктыўных жывёл. Арганізуе правядзенне кантрольных доек і аналізаў па вызначэнні тлустасці, шчыльнасці, кіслотнасці і чысціні малака. Удзельнічае ў складанні заявак на набыццё абсталявання, запасных частак, рамонтных матэрыялаў і інш.
Трэба дадаць, што ААТ «Палеская ніва» – адна з самых буйных гаспадарак раёна. На яе балансе 11 фермаў з агульным пагалоўем статка 9580 галоў і адзін конезавод, на якім утрымліваецца 180 коней.
– Конезаводам займаецца галоўны заатэхнік Марына Юр’еўна Ярмоліч – вельмі дасведчаны спецыяліст, у якой я многаму вучуся, – гаворыць Аксана. – Але мы таксама вырашаем шмат пытанняў, што тычацца развіцця галіны. Увогуле я вельмі люблю вучыцца. І калі не разумею штосьці, не буду хаваць, спытаю яшчэ раз. На мой погляд, прызнаваць свае памылкі – гэта значыць рухацца наперад.
– Вы занялі пасаду галоўнага заатэхніка ў даволі маладым узросце. Як да гэтага паставіліся работнікі?
– Першы час, канешне, прыглядаліся. Але я ніколі не паказвала, што вышэй і гэтак далей. Увогуле лічу, што не трэба шкадаваць пахвалы, трэба цаніць людзей, тады і яны будуць з павагай ставіцца да цябе. Як гаворыцца, добрае слова цуды творыць. Да мяне звяртаюцца з пытаннямі і даглядчыкі, і даяркі, ды і ўсе, хто працуе ў жывёлагадоўлі. Я заўсёды рада дапамагчы, калі гэта ў маіх сілах. Адзінае, што не прымальна для мяне, гэта халатнасць і невыкананне сваіх прамых абавязкаў. А яшчэ проста цярпець не магу хлусні. Давер – рэч вельмі дарагая, таму я ніколі не паўтараю па два разы. Калі чалавек не зацікаўлены ў сваёй рабоце, ніхто яго трымаць не будзе. Бо эфектыўнасць работы залежыць ад кожнага работніка. Дысцыпліна павінна быць. Зараз у планах выйсці на 50 тон малака ў суткі, а пакуль мы доім 44 тоны. Гатунак малака – толькі экстра. Такога выніку дасягнуць складана, але магчыма. Гэта агульная заслуга ўсяго калектыву – ад даглядчыкаў да слесараў. Усе яны вялікія малайцы, на сваіх месцах людзі знаходзяцца. Дарэчы, на ферме ў Велямічах працуе мой бацька, а мой брат Мікалай – вадзіцелем. Так што ААТ «Палеская ніва» – гэта наш другі дом.
– Вы амаль штодня на рабоце. А калі ж адпачываеце? – пытаю дзяўчыну.
– Ведаеце, калі работа прыносіць задавальненне, то і вострай неабходнасці ў адпачынку няма. Я не магу сядзець без справы, таму ляжаць на канапе перад тэлевізарам – гэта дакладна не пра мяне. Лепш заскочу на некалькі хвілін на фермы, упэўнюся, што ўсё добра.
Калі ж дома ёсць нейкая работа, то бяру выхадны. Што тычыцца мора, то я туды не рвуся, бо не пераношу спёку. Мне лепш, як холадна. Увесь свой вольны час я ўдзяляю сваёй дачушцы, якая пойдзе ў першы клас. Часта наведваем з ёй наш конезавод. Маша, дарэчы, таксама вельмі любіць жывёл. Хто ведае, можа і яна пойдзе па маёй прафесійнай сцежцы, – усміхаецца Аксана.
Ганна МЕЛЬНІК

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости