Гэтыя словы належаць беларускаму пісьменніку і драматургу Івану Мележу. Згодна з ім настаўніца роднай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 аграгарадка Альшаны Вольга Сімановіч. Сваёй прафесійнай дзейнасці яна аддала 26 гадоў, а сярод яе вучняў ёсць пераможцы і прызёры раённых, абласных алімпіяд і рэспубліканскіх конкурсаў.
Настаўніца ўпэўнена, што няма больш мілагучнай і прыгожай мовы за беларускую. Жадае, каб наступныя пакаленні беларусаў таксама не сумняваліся ў гэтым. А яшчэ заклікае вучняў больш чытаць, бо толькі з дапамогай друкаванага слова чалавек развіваецца і разумее многія рэчы ў жыцці.
Вольга Васільеўна сама расла сярод кніг. Яе маці Марыя Іванаўна 37 гадоў працавала бібліятэкарам у школе, таму дзяўчынка пасля ўрокаў знікала каля стэлажоў з выданнямі беларускіх і замежных пісьменнікаў. Колькі цікавых і захапляючых апавяданняў прачытала, нават цяжка пералічыць. З дапамогай кніг Вольга вандравала, перажывала і радавалася за герояў.
Калі надышоў час вызначацца з прафесіяй, дзяўчына выбірала сярод некалькіх варыянтаў: настаўнік беларускай мовы і літаратуры, журналіст, бо лёгка даваліся сачыненні, і ўрач, бо любіла біялогію. Усе паперкі з назвамі спецыяльнасцяў паклала ў скрынку і перамяшала. Як бачым, выпаў першы варыянт.
– Мае вучні часта пытаюць мяне, як я выбрала сваю прафесію, – кажа Вольга Васільеўна. – Калі я ім расказваю, не вераць. Але бывае, што жыццё само дае падказкі. Трэба толькі ўмець іх заўважаць. Калі я закончыла школу і трэба было паступаць, быў 1991 год. Магутны Савецкі Саюз разваліўся, кожная краіна набыла самастойнасць і свая родная мова стала галоўнай. І мне так захацелася «дапамагчы» беларускай мове, каб яна гучала сярод моладзі, каб не знікла, каб выстаяла. І я вельмі рада, што тады мне выпала патрэбная паперка.
З удзячнасцю і павагай успамінае Вольга Васільеўна настаўніцу роднай мовы і літаратуры, а таксама свайго класнага кіраўніка Марыю Сцяпанаўну Быба. Яна была настаўнікам вышэйшай катэгорыі і рыхтавала многа адкрытых урокаў.
– Я добра памятаю, что на ўроках Марыя Сцяпанаўна магла заспяваць народную песню, каб паказаць, наколькі прыгожая наша мова. Гэта было настолькі гарманічна, што мы, вучні, слухалі з задавальненнем. Яна вучыла ўяўляць тое, пра што чытаеш. І вось ты, здаецца, увачавідкі бачыш Ганну Чарнушку з рамана «Людзі на балоце», у якой цёмныя, як спелыя вішні, вочы, шаўкавіста-чорныя бровы, доўгія смаляністыя косы, гнуткі стан. І адчуваеш яе хваляванні і эмоцыі. Калі я стала настаўнічаць, таксама сваім вучням паўтарала, што важна адчуць тое, пра што чытаеш. Тады гэта надоўга застанецца ў памяці.
Дома ў Вольгі Васільеўны таксама лепшым падарункам былі кнігі. І нават улетку яе дзеці з задавальненнем чыталі Якуба Коласа і Янку Купалу, Максіма Багдановіча і Івана Шамякіна. Дзве старэйшыя дачкі ўжо жывуць асобна. Марыя пасля школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і зараз працуе ў Мінску. Алеся – студэнтка першага курса Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сын Васіль – вучань пятага класа. Акрамя школы, Вольга Васільеўна паспявае і дома па гаспадарцы, бо, як і многія вясковыя жыхары, завіхаецца на полі.
Перад сном абавязкова чытае.
– Я не магу адпачыць, пакуль не прачытаю што-небудзь нанач. Зараз для сябе па-новаму адкрыла Уладзіміра Караткевіча, а таксама Івана Шамякіна. Аднойчы ў Давыд-Гарадку я купіла адразу чатыры тамы выданняў апошняга аўтара. Сяброўка жартавала: усе нармальныя жанчыны сукенкі купляюць, а ты кнігі. Але ж важна не тое, што звонку, а тое, што ў душы, – адказала я ёй.
Ганна МЕЛЬНІК