НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Днямі жыхар в. Туры Пучынскі Уладзімір Трафімавіч адзначыў 95-годдзе з дня нараджэння.
Яго віншавалі А. М. Ярашэвіч – старшыня раённага Савета дэпутатаў, які ўручыў грамату райсавета, А. А. Скрабец – старшыня Харомскага сельвыканкама, М. З. Карплюк – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, А. І. Лузай – старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, кіраўніцтва ААТ “Палеская ніва”, райсавет ветэранаў, родныя і блізкія.
– Уладзімір Трафімавіч, рэдка каму ўдаецца спраўляць такі юбілей. У чым ваш сакрэт даўгалецця?
– Думаю, нямала зрабілі для гэтага мае бацькі – Трафім Кліменцьевіч і Ірына Данілаўна, якія сышліся будучы ўдаўцом і ўдавою і маючы разам васьмёра дзяцей. У іх шлюбе нарадзілася яшчэ сямёра дзяцей. Я быў самы малодшы. Сям’я склалася вялікая, мелі добры кавалак зямлі, але нікога не наймалі, самі працавалі. Цяжка працавалі з самых малых гадоў. У тым ліку і я. Адукацыі вялікай не мелі. Я скончыў да вайны сем класаў польскай школы. Потым была вайна. У 1942 годзе немцы адправілі працаваць у Германію на завод. Вызваліла нас савецкая армія і адразу была адпраўка на будоўлі народнай гаспадаркі. Я працаваў на Паволжы, быў табельшчыкам, а потым вярнуўся на радзіму, стаў працаваць у родным калгасе “17 Верасня” рахункаводам, а праз год – бухгалтарам. Летам 1965 года калгаснікі калгаса “За Радзіму”, што быў у Велямічах, а цяпер далучыўся да ААТ “Палеская ніва”, выбралі мяне старшынёю. На гэтай пасадзе працаваў да выхаду на пенсію.
– І якімі жыццёвымі правіламі вы кіраваліся?
– Калі чалавек бачыць у акружаючых толькі дрэннае, ён павінен падумаць пра сябе. Магчыма, і ён вінаваты ў такім становішчы. У кожным чалавеку трэба знаходзіць толькі добрае. Не судзіце і не судзімыя будзеце. Самае галоўнае – сіла духу. Не думайце пра дрэннае, бо так і жыццё пойдзе. Думайце пра добрае – і жыццё набудзе вясёлкавыя колеры. Калі паважаеш сябе, то і іншых навучышся паважаць. Мала ведаць, што і дзе сказаць, трэба яшчэ ведаць, ЯК гэта сказаць. Не трэба быць хітрэй за іншых, бо і цябе падмануць. І яшчэ не трэба скардзіцца на здароўе. Яно можа пакрыўдзіцца і пайсці ад вас. Бо наш мозг паслабляецца ад раздражнення, крыку, нянавісці, сквапнасці, плётак. У выніку паслабляецца імунная сістэма – і чалавек хварэе. А мы ж прыходзім у гэты свет не пакутаваць, а жыць паўнацэнным жыццём. Якія ў нас думкі, словы, учынкі – такія, зрэшты, і мы самі. У свеце ўсё заканамерна: зло, народжанае табою, да цябе і вернецца.
– Вы гаворыце як філосаф, а ў сваім жыцці сустракалі не толькі цяжкасці, але і здраду, гора, смерць блізкіх…
– Было ўсё. Але заўжды шукаў тую саломіну, за якую чапляўся, каб вытрымаць удар лёсу. Трэба быць моцным, дастойна жыць, не зважаючы на перашкоды. Гэта не пустыя словы, а вопыт уласнага жыцця. Я быў мужам (нядаўна памерла жонка, з якой былі ра-зам 69 гадоў), я бацька, дзядуля і прадзед. Выгадаваў з жонкай дзвюх дачок, якім дапамаглі атрымаць вышэйшую адукацыю і якія дастойна працавалі, а цяпер на пенсіі. У мяне два ўнукі-працаўнікі і чатыры праўнукі, старэйшыя з якіх працуюць ужо, а малодшы ходзіць у садок. Я жыў па прынцыпу: “Не шкадуй пра тое, што не даў Бог, а радуйся таму, што ён не забраў”.
– Вы склалі такія радкі: “Годы мчатся чередой и зовут меня с собой. Говорю своим годам: «Я себя вам не отдам. Хоть вас много набежало, я бороться не устал»…
– Гэта так. Па жыцці я аптыміст. Старасць трэба сустракаць дастойна. Яе не трэба баяцца: усё роўна яна прыйдзе, так дадзена Богам. Жывіце так, каб ад вас не было дрэнна іншым. Рухайцеся, бо рух – гэта жыццё. Працуйце хоць крышачку, тады не будзе часу думаць пра кепскае. Наш узрост – гэта не зыход жыцця, а час самапазнання і атрымання радасці ад любімай справы. У нас, пенсіянераў, ёсць час спакойна падумаць пра ўсё і паслухаць цішыню ў вёсцы. Не трэба думаць пра мінулае, лепш – пра заўтрашні дзень.
– Вы 19 гадоў былі старшынёю калгаса…
– Кіраўніком быць цяжка, бо трэба ўкладваць у работу сілы, здароўе і душу. Але калі бачыш станоўчыя вынікі, калі жыццё людзей паляпшаецца, менш безгаспадарчасці і раўнадушных, то пра цяжкасці не ўспамінаеш. Мне пашанцавала працаваць з людзьмі стараннымі, працавітымі, умелымі.
– І на пенсіі не сядзелі без справы?
– Так. Доўгі час узначальваю Турскую ветэранскую арганізацыю, склаў радавод сям’і Пучынскіх, напісаў гісторыю вёскі Туры і калгаса “17 Верасня”, якую перадаў у школу і сельвыканкам. Калі наша вёска адзначала свой 495-гадовы юбілей, на свяце расказваў землякам, які шлях яна прайшла.
– Што б Вы хацелі сказаць чытачам раённай газеты?
– Трэба жыць і радавацца кожнаму дню і дзякаваць за гэта Богу. Трэба любавацца сонейкам, дрэвамі, кветкамі, дзецьмі і ўнукамі. Хачу пажадаць усім здароўя, цяпла і ласкі. Няхай ажыццяўляюцца вашы мары і жаданні! Будзьце шчаслівымі самі і дарыце шчасце іншым.
Гутарку
вяла
Валянціна
МІРАНОВІЧ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Сказка на «Берестейских санях»
Мечты сбываются

Мечты сбываются

14 января, 2025
Радуйся – Сын Божий родился!

Оставить комментарий

Похожие новости