НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

Юлія Апанасовіч – уражэнка вёскі Стахава, беларускі баксёр, майстар спорту міжнароднага класу, член нацыянальнай зборнай па боксу. З’яўляецца бронзавым прызёрам чэмпіянатаў Еўропы ў 2016 і 2019 гадах і бронзавым прызёрам чэмпіянату свету 2023 года, які прайшоў у Індыі.

Цяжка ўявіць, як гэтая мініяцюрная дзяўчына, ростам 158 і вагой 54 кг, наносіць удары другой дзяўчыне. Чаму яна выбрала такі від спорту і як атрымліваецца сумяшчаць жаноцкасць з сілай, – пацікавілася непасрэдна ў самой Юлі.
Нарадзілася Юля Апанасовіч у Стахава, дзе прайшло яе дзяцінства. Потым сям’я, у якой акрамя яе яшчэ чацвёра дзяцей, пераехала ў Відзібор. Там яна скончыла дзявяты клас і паступіла ў Гомельскі чагуначны каледж. Менавіта ў каледжы і адбылося яе знаёмства з боксам.
– Мы з аднагрупніцамі неяк вырашылі прыйсці ў секцыю па боксу, якая была ў каледжы, – расказвае Юлія. – Проста з-за цікаўнасці, ніякіх сур’ёзных намераў не было. І на першай жа трэніроўцы мяне добра так пабілі, таму вярнулася, каб даць здачы (смяецца). Трэнер адразу заўважыў мой намер і пачаў падказваць, як гэта зрабіць паспяхова. Той момант лічу адлікам сваёй спартыўнай кар’еры.
Ужо праз год Юлія Апа-насовіч дасягнула высокіх вынікаў. Трэніроўкі сталі часткай яе жыцця. Па атрыманай спецыяльнасці касіра-правадніка працаваць давялося толькі пяць месяцаў.
Тое, што бокс стане яе спадарожнікам па жыцці, Юля не сумнявалася, таму паступіла і скончыла факультэт фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны.
У 20-гадовым узросце дзяўчына адправілася на свой першы чэпіянат Еўропы, які праходзіў у сталіцы Балгарыі Сафіі. І там заваявала бронзавы медаль у вагавой катэгорыі да 57 кілаграмаў.
– Сэрца трымцела перад выхадам, – расказвае Юля. – А калі ты бачыш суперніцу, толькі адно жаданне – перамагчы. Бой складаецца з трох раундаў па тры хвіліны. Гэта толькі здаецца, што мала часу, а яны доўжацца як гадзіны. Вялікую ролю ў маім станаўленні, як спартсмена, грае мой трэнер Ігар Анатольевіч Фігурэнка, з якім працягваем працаваць зараз. Ён часта паўтарае такое крылатае выказванне: «бокс вам не шахматы, тут думаць трэба». Мажліва, для кагосьці гэта будзе навіна, але ў боксе кожная секунда павінна быць абдумана, паколькі рашэнні прымаюцца імгненна. Калі доўга думаеш – прайграеш, калі не думаеш увогуле – прайграеш. Мне гэтым і падабаецца бокс, што не сілай перамога здабываецца, а розумам.
Свой бронзавы поспех дзяўчына паўтарыла праз тры гады на чэпіянаце Еўропы ў Іспаніі, дзе дабралася да паўфінала, у якім уступіла сваёй саперніцы з Расіі Карыне Тазабекавай. А год таму Юлія Апанасовіч таксама заняла трэцюю прыступку п’едэстала на XIII чэмпіянаце свету, які праходзіў у Індыі. І ў тым жа годзе стала лаўрэатам прэміі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія спартыўныя дасягненні.
Гэта толькі самыя сур’ёзныя спаборніцтвы, а так у скарбонцы дзяўчыны безліч медалёў нацыянальных спаборніцтваў і другіх прэстыжных турніраў. Зараз Юлія з’яўляецца спартсменам-інструктарам рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі. Трэніруецца пад кіраўніцтвам таго ж трэнера, з якім пачынала больш за 10 гадоў таму.
– У інтэрв’ю іншым выданням ты падкрэсліваеш, што будзеш выступаць да таго часу, пакуль ёсць высокія вынікі. Цікава, а да якога ўзросту выступаюць жанчыны ў боксе?
– У нашай групе ёсць жанчына, якой 38 гадоў, і яна вырашыла, што гэты год – апошні. Спорт – гэта цяжкая работа як фізічна, так і маральна. Добрая спартыўная форма – гэта яшчэ не гарантыя, што ты будзеш перамагаць. Трэба быць гатовым і ментальна, у тым ліку і да таго, што прайграеш. Нездарма са спартсменамі працуюць псіхолагі. Уступіць таксама трэба ўмець. У нас часта праходзяць зборы, на якіх мы працуем не толькі над тэхнікай, але і над сваім псіхалагічным станам. Важна, каб спартсмен быў спакойны ўнутры. Дарэчы, апошнія зборы праходзілі ў Кабардзіна-Балкарыі, на якіх проста ўлюбілася ў горы. Але, дзе б ні была, толькі ў роднай краіне адчувае сябе на сваім месцы. А па-сапраўднаму адпачываю на сваёй радзіме, на Століншчыне. Хоць і не так часта даводзіцца бываць, два-тры разы ў год. Я – патрыёт Беларусі і хачу дастойна прадстаўляць яе на турнірах. Калі бачыш сцяг краіны, падняты ў твой гонар, гэта не перадаць словамі.
– Юлія, упэўнена, гэтае пытанне цікавіць усіх прадстаўніц слабай паловы чалавецтва. Няўжо не хвалюешся за сваю прыгажосць і знешні выгляд? Усё ж бокс і траўмы рознага характару амаль сінонімы. А ў час бою ты выглядаеш ну зусім не па-жаноцкі.
– Ну, за гэта абсалютна не хвалююся. Па-першае, мы ў спецыяльнай экіпіроўцы, а па-другое, траўмы зажываюць, нас жа вучаць тэхніцы і прыёмам. Хаця і мяне напаткалі гэтыя «пабочныя эфекты», як траўмы. Апошняя з іх, пералом рукі менш за год таму, але зараз, цьфу-цьфу, усё добра.
– Ведаю, што тваім галоўным балельшчыкам з’яўляецца маці Ларыса Іванаўна. Няўжо ніколі не хапалася за сэрца, калі бачыла, як дачушку б’юць?
– Можа і хапалася, але мне не казала (смяецца). Яна спачатку не вельмі разумела, куды гэта я пайшла, але потым прыняла мой выбар. Маці ў нас мудрая жанчына, добрая і разам з тым моцная. Шкада, бацькі майго няма ўжо чатыры гады. Памятаю яго словы: «Ну раз пайшла ў бокс, то ніколі не здавайся!» Яны і зараз у маёй галаве. Мае браты і сёстрамі заўсёды ў курсе маіх дасягненняў, тэлефануем часта адзін аднаму. Я шчаслівая, што ў мяне такая вялікая сям’я. Гэта важна ў сучасным свеце – адчуваць, што ты не адзін.
Дарэчы, 8 Сакавіка Юлія амаль ніколі не адзначае, бо знаходзіцца на турнірах. І гэты год не выключэнне, бо з 6 па 9 сакавіка ў Маскве праходзіць турнір на прызы алімпійскага прызёра Сафіі Ачыгавы. Віншуем нашу зямлячку і жадаем ёй поспехаў!
Ганна МЕЛЬНІК

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости