НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

1 Мая – Свята працы – уся ўвага прыкавана да чалавека працы – простых беларусаў, якія штодня кожны на сваім працоўным месцы будуюць квітнеючую, незалежную і шчаслівую Беларусь.
«Мір. Праца. Май» – лозунг з больш чым векавой гісторыяй гучыць і сёння. Першамай для нас – добрая традыцыя, якая аб’ядноўвае тысячы беларусаў і падкрэслівае працавіты і стваральны характар нашага народа.
Пра чалавека працы – у сённяшнім выпуску раённай газеты.

Пад’ём у пяць раніцы і праца да позняга вечара, калі ідзе самая гарачая пара ў сельскай гаспадарцы – а гэта з вясны і да канца восені. Людзі, якія жывуць у сельскай мясцовасці, лічаць такі распарадак дня цалкам звыклым. У сям’і Бойка, патомных аграрыяў з Вугальца, у ААТ «Новая Прыпяць» працуюць усе мужчыны – бацька Рыгор і яго сыны Руслан і Дзмітрый.
Напярэдадні Свята працы прыйшлося ладна пастарацца, каб сабраць работнікаў разам. Сыноў у адной кропцы на вялізнай карце ААТ «Новая Прыпяць» можна сустрэць часта, бо абодва практычна ўвесь час працуюць побач у полі.

Так і ў гэты раз было – Руслан рыхтаваў глебу, а Дзмітрый сеяў кукурузу паблізу Давыд-Гарадка. Каб не адрываць аграрыяў ад працоўнага працэсу, прыйшлося бацьку сямейства ехаць да сыноў, бо звычайна ён працуе на пагрузчыку на ферме ў Вугальцы ці Харомску.
– Хоць пагляджу, як сыны працуюць, – кажа Рыгор Іванавіч. – А то ўсё няма калі прыехаць, усё справы нейкія. А паглядзець на працу цяперашніх хлопцаў заўсёды прыемна – якія роўныя палі, прыгожыя ўсходы. І я кажу не толькі пра сваіх сыноў – усе малайцы. Што тут скажаш – тэхніка на некалькі парадкаў больш магутная і эфектыўная, чым тая, на якой у іх гады працаваў я.
Рыгор Іванавіч некалькі хвілін стаяў моўчкі і глядзеў, як па-майстэрску і бойка кіруюць тэхнікай яго сыны. Яшчэ ледзь-ледзь і, здавалася, па бацькавай шчацэ пацячэ сляза. Не, не ад крыўды. А ад гонару за тое, што здолеў выгадаваць і выхаваць сапраўдных мужчын, якія пайшлі па слядах бацькі.
– Гэта ж у наступным годзе будзе 60 гадоў, як я працую ў сельскай гаспадарцы, – працягвае Рыгор Іванавіч. – Як у сярэдзіне 60-х гадоў скончыў восем класаў школы, так адразу і пайшоў вучыцца на трактарыста. У раёне такой магчымасці не было, таму давялося ехаць у Драгічын. Гэта цяпер моладзі лягчэй – ехаць далёка не трэба. Галоўнае – жаданне і любоў да зямлі.

Калі скласці працоўны стаж у сельскай гаспадарцы сыноў Руслана і Дзмітрыя, то ледзь-ледзь атрымаецца палова бацькоўскага. Але Рыгор Іванавіч не сумуе з гэтай нагоды, а толькі дадае, што ў іх яшчэ ўсё наперадзе.
– Сёння жыццё такое, што хочацца паспрабаваць сябе ў розных месцах, – разважае Іванавіч. – Так і сыны мае – не адразу прыйшлі ў сельскую гаспадарку. Але ўсё ж паступова «прычалілі», тым больш цяперашняя гаспадарка – перадавая ў раёне, добрыя ўмовы працы і годная аплата. Скардзіцца няма на што. Хто хоча працаваць, той працуе і не плача. Праца ў полі ніколі не была лёгкай.
Рыгор Іванавіч пачынаў працаваць яшчэ ў калгасе імя Кірава. Раней апрацоўваліся не тысячы, а сотні гектараў, а ўраджайнасць збожжавых была ў разы меншая. Вырошчвалі ўсё запар – і бульбу, і збожжавыя, і лён, і буракі, і гародніну.

– Рыгор Іванавіч, напэўна, Вы працавалі яшчэ ў эпоху кіраўніцтва тут Рыгора Дзямко?
– Працаваў. І да яго яшчэ працаваў. А потым, калі Рыгор Аляксеевіч з’ехаў кіраваць у Фядоры, то і мяне з сабой клікаў. Я, вядома ж, падзякаваў за давер, але вырашыў застацца ў родных палях. Лічу, што ўсё зрабіў правільна. Як бы там не было, свой выбар я зрабіў.
Пра тое, што Рыгор Іванавіч выдатны работнік сведчыць той факт, што ў 1982 годзе ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай славы ІІІ ступені, а яго імя назаўжды запісана ў кнігу «Працоўная слава Століншчыны».

Калі сонца пачынае садзіцца, толькі тады два трактары Руслана і Дзмітрыя адзін за адным вяртаюцца ў парк. Раней кампанію ім мог скласці і бацька, але ў 75 гадоў ужо сілы не тыя – у полі не працуе. Але, нягледзячы на гэта, заўтра зноў пад’ём у пяць раніцы, зноў пыл і пах саляркі, новыя задачы. Гледзячы на тое, як сыны па-гаспадарску аглядаюць сваю тэхніку перад выхадам, Іванавіч упэўнены: яго справа ў надзейных руках.
– Мы, Бойкі, працуем бойка, – з усмешкай на развітанне сказаў Іванавіч.
Сям’я Бойка – яркі прыклад сапраўднай дынастыі аграрыяў. Жонка Рыгора Іванавіча – Ганна – працавала даяркай, а дачка Ала таксама нейкі час працавала юрыстам у адным з сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна, але некалькі гадоў таму змяніла сферу дзейнасці.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Оставить комментарий

Похожие новости