• ru
  • by
  • 17 апреля

    USD

    EUR

    Столин

    6C

    Лес любіць клопат

    16.07.2021

    391

    0

    Rate this post

    Чалавек будзе спяшацца на работу тады, калі ён яе па-сапраўднаму любіць. Як Аляксандр Пашкевіч – ляснічы Рубельскага лясніцтва Палескага лясгаса.
    Сваю прафесію ён выбраў сэрцам яшчэ ў дзяцінстве. Бывала, з сябрамі неаднаразова бавіў час на Чыровоным беразе, Целяжах і Галаве, як па-мясцоваму называліся лясныя жывапісныя мясціны.
    – Гэта зараз дзеці ў тэлефонах лета праводзяць, а мы тады з самага ранку беглі на прыроду. Лес быў нашым казачным светам. Ляжаць у цяньку і слухаць спевы птушак, збіраць ягады, грыбы, а потым несці дары лесу дахаты – гэта нам за шчасце было, – успамінае Аляксандр Пятровіч.
    Таму без сумненняў пасля заканчэння Рубельскай сярэдняй школы ў 1987 го-дзе юнак паступіў у Беларускі тэхналагічны інстытут імя Кірава на лесагаспадарчы факультэт. Калі надышоў час размеркавання, Аляксандра адправілі ў Старобінскі лясгас. Два гады ён працаваў памочнікам ляснічага. Работа падабалася, калектыў таксама, але вабіла родная вёска. І ў 1994 годзе ён вярнуўся ў Рубель. Спачатку быў майстрам лесу, а апошнія тры гады займае пасаду ляснічага.
    Пра сваю работу Аляксандр Пятровіч можа гаварыць гадзінамі. Хвалюецца пра тое, што няма добрай дарогі. Таму, калі, не дай Божа, пажар, то гэта становіцца сур’ёзнай праблемай: тэхніка не даедзе. Уся справа ў тым, што знаходзіцца лясніцтва на тэрыторыі заказніка «Альманскія балоты» і добраўпарадкаванне забаронена.
    – Нашы леснікі і іншыя работнікі штодзень прахо-дзяць пешшу не адзін кіламетр, паколькі заехаць на машыне ці нават матацыкле – нерэальна. Я і сам, бывала, па 30 кіламетраў за дзень праходзіў, дабіраючыся да цяжкадаступных месцаў. У мінулым годзе з прычыны сухой вясны мы сутыкнуліся з ляснымі пажарамі. Тушыць было складана, бо вакол балоты. А сэрца баліць, калі бачыш полымя вышэйшае за дрэвы. Я неаднаразова казаў, хай бы ўсе прыродаахоўныя арганізацыі прыехалі і пабачылі, што робіцца. А не потым толькі прыбудуць на дзень, гняздо птушкі знойдуць і ўсё, – бядуе Аляксандр Пятровіч.
    Па тым, наколькі эмацыянальна расказвае ляснічы пра праблемы, відавочна, што ён усім сэрцам турбуецца пра лес.
    – Кожная сцяжынка мне родная, – дадае ён. – Я ўсё дзяцінства правёў у лесе. Вось і зараз па абавязку службы працую тут. Усяго ў нас 21 тысяча гектараў лесу, што больш за ўсе астатнія лясніцтвы ў Палескім лясгасе. Дакладна магу сказаць, што ўсе леснікі гатовыя дняваць і начаваць у лесе, аберагаючы яго. На жаль, даводзіцца сустракацца з варварскімі паводзінамі. У сваёй большасці лясныя пажары ўзнікаюць з-за чалавечага фактару. І колькі б ні праводзілі размоў ці іншых прафілактычных мерапрыемстваў, калі ў людзей няма асабістай адказнасці перад прыродай, мы не можам нічога зрабіць. Лес – гэта жывы арганізм, з ім лагодна трэба, – дае наказ ляснічы.
    Кіраўніцтва лясгаса паважае Аляксандра Пятровіча за яго неабыякавасць і працавітасць. А яшчэ мужчына добры сем’янін. З жонкай Святланай пазнаёміўся ў роднай вёсцы. Яна працуе ў Рубельскай амбулаторыі фармацэўтам. Маюць чатырох сыноў. Дарэчы, у гэтыя выхадныя будзе вяселле старэйшага з іх – Аляксея. Уся сям’я ў прыемных клопатах.
    На мой погляд, з такіх лю-дзей, як Аляксандр Пятровіч, патрэбна браць прыклад моладзі. Столькі гадоў на рабоце, але колькі ў яго жадання зрабіць усё магчымае, каб лес быў дагле-джаны і каб праз гады сустракаў людзей.
    – Такі ў мяне абавязак – лес берагчы. І я буду выконваць яго, пакуль ёсць сілы, – кажа мой суразмоўца.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика