НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Няма нічога важней, чым сям’я, у якой пануюць любоў і павага, існуюць правільныя каштоўнасці і прыярытэты. Бо з моцных сем’яў, як з цаглінак, будуецца нацыя. І чым больш яны трывалыя, тым мацнейшай будзе краіна. Менавіта такой трывалай «цаглінкай» з’яўляецца сям’я Васіля і Алы Пінчук з вёскі Сямігосцічы.
Калі завітала да іх, кожны быў заняты сваёй справай. Гаспадыня толькі-толькі напякла смачных духмяных дранікаў, гаспадар займаўся ўгнаеннем агарода. Са школы хутка павінен быў прыйсці сын-дзевяцікласнік Аляксей, а дзве старэйшыя дачкі – Вольга і Марыя – ужо даўно маюць свае сем’і.
– Здаецца, нядаўна пажаніліся, а вось ужо 33 гады ў верасні было, як разам, – расказвае Ала. – І, ведаеце, нягледзячы на цяжкі перабудовачны час, вяселляў у той – 1991 год – было многа. Ды якіх, па тры дні! Загадзя рыхтаваліся – свінню забівалі, у кожнай хаце родных і знаёмых сям’і гатаваліся прысмакі на стол. А потым яшчэ тыдзень посуд разносілі (смяецца). Цікавы быў час…
Цікава і тое, што будучыя муж і жонка сядзелі за суседнімі партамі – былі аднакласнікамі. Ала пасля 8-га класа пайшла вучыцца ў Ганцавіцкае прафесійнае вучылішча на повара. Прыехала ўлетку на канікулы, а Васіль прапанаваў дахаты правесці. Не пазнала спачатку, бо той з падлетка ператварыўся ў прывабнага юнака. Так і пачалася гісторыя іх сям’і. Васіля забралі ў армію пасля школы, і службу ён праходзіў аж у трох краінах. Пачынаў у ваенным гарадку Печы, потым накіравалі ў Германію, а пасля вываду савецкіх войскаў перавялі ў Крывы Рог. Былі прапановы і далей працягваць вайсковую справу, але Васіль не пажадаў. Тым больш, дома каханая дзяўчына чакала.
Ала тым часам пасля вучобы была поварам кавальскага цэха Мінскага трактарнага завода, а ўлетку працавала на базе адпачынку «Вяча», што пад Мінскам. Але не прывабіла гарадское жыццё, нягледзячы на тое, што перспектыва застацца ў сталіцы была.
– Так, пэўна, лёс распарадзіўся, – кажа ўжо Васіль. – Бо я нават не ўяўляю сябе без сваіх гаспадаркі, прыроды і Прыпяці.
Хутка ў сям’і нарадзіліся дзве дачушкі. Васіль уладкаваўся вадзіцелем у мясцовы тады яшчэ калгас, дзе, да слова, працуе слесарам дагэтуль. Ала стварала ўтульнасць у доме, які маладым дапамаглі купіць бацькі. З’явілася свая гаспадарка, якую ўмела вялі маладыя муж з жонкай і працягваюць займацца гэтай справай і зараз. Ала і Васіль – нямногія з вёскі, што трымаюць свойскую жывёлу: дзве каровы, 30 курэй, займаюцца развядзеннем свіней. І робяць гэта з вялікай ахвотай.
– У тыя гады, калі пажаніліся, маладым сем’ям калгас адразу выдаваў карову, надзелы зямлі на полі. Такая дапамога была ад дзяржавы, – прыгадваюць мае суразмоўцы. – З кожнай вуліцы быў свой статак прыкладна з трох дзясяткаў кароў. Буракі і сена самастойна нарыхтоўвалі, даглядалі. А яшчэ парнікі трымалі і нават самі едзілі ў Маскву прадаваць агуркі на аўтобасах «Ікарус». Упэўнены, многія зараз успомняць, як гэта было весела, хоць і нябеспечна іншы раз. З парнікамі з цягам часу развіталіся, бо стала нявыгадна, а са свойскай жывёлай не змаглі. Яны як члены сям’і. Нашыя каровы – Мілка і Белка – карміцелькі, бо забяспечваюць не толькі нас малаком і прадуктамі з яго, але яшчэ і іншых вяскоўцаў, якія аддаюць перавагу натуральнаму прадукту. Лішкі рэалізуем дзяржаве. Палічылі, што толькі 12 сем’яў зараз у вёсцы трымаюць кароў. Аматары засталіся (смяецца).
Таксама сям’я разводзіць свіней, сёлета было 13 парсюкоў, якіх потым прадалі. А за курэй адказвае наш сын Лёша, які кожнай нават клічкі даў. Раней і конь быў, але тэхніка ўсё ж перамагла. Тым больш гаспадар залатыя рукі мае і зварачнай справай валодае. Каля хлява, які з гадамі ўсё станавіўся даўжэйшы, знахо-дзяцца розныя прыставанні ручной работы – ад вілаў да тачак. А ў кадр трапіў знакаміты дзядулеў міні-трактар «халк», як яго назвалі ўнукі і з дапамогай якога гаспадар выконвае ўсю работу па гаспадарцы.
Дачка Марыя жыве з мужам у Іванаве, таму ўнукі – Валерыя і Гардзей – прыязджаюць рэдка. А вось унукі Ігнат, Глеб і Ілья – частыя госці ў бабулі з дзядулем, бо жывуць у Давыд-Гарадку. Вольга разам з мужам па нядзелях і святах прыязджаюць на службу ў царкву вёскі Сямігосцічы, а сыночкаў прывозяць да бацькоў. А тыя заўсёды загадваюць бабулі, каб напякла сваіх фірменных блінчыкаў альбо сваё «чароўнае» пюрэ з катлетамі прыгатавала. Не дзіўна ж, масла і малако сваё – дамашняе! Ала – кулінар як па прафесіі, так і па прызванні. Пірагі, булачкі, хрусцікі, стравы з мяса – з’ядаюцца ў адзін момант. Некаторы час працавала поварам у мясцовым дзіцячым садку, потым у магазіне «Санта» ў вытворчым цэху. Зараз па стану здароўя дома, таму мае час і магчымасць удзяліць увагі ўсім сваім родным і блізкім.
– Ведаеце, жыццё вельмі хуткаплыннае і непрадказальнае, таму трэба цаніць кожны яго момант, атрымліваць асалоду і ад сонечнага дня, і ад дажджлівага. Заставацца добрым і спагадлівым, бо ў гэтым сапраўдная сіла чалавека. Умець дараваць сваім ворагам, бо крыўда – цяжкая ноша для душы. Мне пашанцавала сустрэць чалавека з такімі ж прынцыпамі, як у мяне. Таму мы і не сварыліся амаль ніколі. Калі дзе і напаткае спрэчка, то на паўхвіліны, не больш. Васіль не толькі як муж, але як бацька і дзядуля – дастойны, бо няма такога дня, каб ён не пацікавіўся справамі нашых дзяцей і ўнукаў. Дзякаваць Богу за ўсё, – кажа Ала Мікалаеўна.
А яшчэ ў гэтым годзе сям’я Пінчук атрымала рэкордны ўраджай мускатных гарбузоў. Усе людзі, якія праходзілі міма агарода, здзіўляліся іх формай і памерамі. Не дзіўна, бо самы больш з іх па даўжыні каля паўтара метра і вагой амаль 40 кг! Аказваецца, менавіта з гарбузоў такога гатунку гатуюць кулінары ўсяго свету. І, як вы зразумелі, у маёй суразмоўцы падрыхтаваны безліч рэцэптаў.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости