НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
2.5/5 - (12 голосов)


Так ласкава называюць Аляксандру Андрэеўну Талмачэвец родныя, аднавяскоўцы ды і ўсе знаёмыя. Нават унучка Таццяна, якая пяшчотна абдымае сваю любімую бабулю на здымку, крыху задумалася, перш чым назваць імя па бацьку маёй гераіні.
– Яна для нас усіх баба Лекса. Вось і мая дачка Жанна толькі так яе кліча і часта просіцца ў госці, – дзеліцца Таццяна, пакуль мы крочым па адной з вуліц вёскі Талмачава, дзе і жыве гераіня. – Бо наша бабуля – неверагодная жанчына, якая нават нас, маладых, здзіўляе сваёй жыццярадаснасцю і актыўнасцю. 20 лютага ёй споўнілася 82 гады, а яшчэ два гады таму яна ездзіла на веласіпедзе за некалькі кіламетраў па ягады ў лес, які ведае бы свае пяць пальцаў! І гэта пры тым, што ў яе аперыравана левая нага. Мы ўжо нават сварыліся (смяецца). А тая толькі ўсміхалася, маўляў, нішто са мной не здарыцца.

Баба Лекса – гэта дырэктар усёй нашай вялікай сям’і, ведае, чым жыве кожны з яе 17-ці унукаў і 17-ці праўнукаў. Заручыны, вяселлі, праводзіны, выпускныя вечары, паступленні, уладкаванні на работы, проста дні нараджэння – яна ў курсе ўсіх спраў і падзей. Мудрая і вопытная, дасць адказы на ўсе пытанні, дапаможа знайсці выйсце з любой сітуацыі, падтрымае альбо дасць прачуханца, калі трэба. Любіць жартаваць, заўсёды ў добрым настроі, які і нам падыме. Хоць жыццё яе было зусім нялёгкім…
Многа журбы і цяжкасцей выпавала на лёс бабы Лексы. Нарадзілася ў 1944 годзе, таму дзяцінства прыйшлося на цяжкія пасляваенныя гады. З маленства жвавая дзяўчынка завіхалася з бацькамі па гаспадарцы. Клапацілася пра іншых, імкнулася быць карыснай, таму ніколі не сядзе-ла без справы. Цікаўная дзяўчынка выдатна вучылася ў школе, у якой сядзела за адной партай са сваім будучым мужам Аляксеем.
– Ён быў баявы хлопец, настойлівы, як сказаў, што мы ажэнімся, так і здарылася. Абяцаў, што панаваць за ім буду, хату вялікую пабудуе і старасць разам сустрэнем. Смелы быў мужчына, – на хвіліну на твары бабы Лексы з’явіўся смутак.
Бо ў 35 гадоў жанчына стала ўдавой. Пяць сыноў засталіся сіратамі. Старэйшаму Аляксею 14 гадоў было, малодшы Васіль толькі ў школу пайшоў. Няшчасны выпадак забраў кармільшчыка, які ехаў на заробкі і разбіўся на машыне.

– Калі прывезлі майго Аляксея, я нават не плакала – не хацела верыць, што трэба развітвацца назаўсёды, – прыгадвае жанчына. – Пахаванне добра не памятаю, бо галава бы ў тумане была. Як так? Вось праводзіла яго, ён цалаваў мяне, абдымаў, а зараз больш ніколі не прытуліць. Я не шкадавала сябе. Яго шкадавала, што не пабачыць, як растуць сыночкі, што не дачакаецца ўнукаў, што больш не з’есць свае любімыя блінцы са шкваркамі. Так маркотна было, што жыццё яго раптоўна скончылася. А праз некаторы час ужо шкадавала дзяцей, якія больш не пачуюць бацькоўскі загад, не павядуць з ім каня на пашу, не паціснуць руку, калі пойдуць служыць. Адзінае, за што я хвалявалася, гэта ці змагу выгадаваць з хлопцаў добрых лю-дзей, каб не знатурыліся без строгага бацькоўскага позірку.
Але дзякаваць Богу гэтыя хваляванні аказаліся дарэмнымі, бо сыны бабы Лексы раслі на радасць. Калі была ў калгасе звеннявой і ўставала на досвітку, юнакі ўпарадкоўвалі гаспадарку, а далей беглі ў школу. Калі ж маці стала даяркай, таксама прыходзілі на ферму ёй дапамагаць, таму ўсе да аднаго ўмеюць даіць кароў.
– Мабыць, так Усявышні паклапаціўся пра мяне, што было лёгка з сынамі. Ніколі на іх не сварылася і загадаў не давала. Усё самі рабілі. Памятаю, як усе захварэлі на адзёр (корь), а мне трэба на буракі бегчы. Сярэдні Лёнік кажа: «Ідзі, маці, мы самі сябе вылечым». А я маладая была, жвавая, прыйду ў абед, яшчэ і ўсіх даганю ў полі, – з гонарам падкрэслівае жанчына. – Калі юнакамі ўжо сталі, дзяліліся са мной думкамі, парады пыталі. Сябравала з імі, нават навучыла танцаваць, каб не сорамна ў клубе было. І зараз магу сказаць, што даверлівыя адносіны – гэта самы дзейсны спосаб выхавання.
Старэйшы брат дапамог Аляксандры Андрэеўне дабудаваць хату, якую пачыналі яшчэ разам з мужам. Падраслі сыны, трэба было ў армію праводзіць. Старэйшы Аляксей служыў у Афганістане. Маці доўга не ведала спачатку, але чамусьці шчымела яе сэрца, калі развітвалася. Кожны дзень сустракала і праводзіла ў малітве. І дачакалася. Аляксей Талмачэвец зараз механізатар-перадавік у ААТ «Палессе-АВМ».

Калі жыццё крыху стала лягчэйшым, знайшоўся час для песні.
– Я даіла кароў разам з Параскай Дарошка – жонкай загадчыка клуба, – працягваем размову з бабай Лексай. – Яна чула, як мы спяваем з жанкамі, і прапанавала нам стварыць калектыў. Я згадзілася, і нават пашыла ўсім спадніцы для канцэртаў. Як мы спяшаліся на рэпетыцыі, не перадаць словамі! Так хацелі спяваць! Увесь раён аб’ездзілі з гастролямі, нават у Брэсце і Баранавічах выступалі. Цудоўны час быў.
Калі ўжо ўсіх хлопцаў ажаніла, мая гераіня вырашыла зноў паспрабаваць знайсці сваё жаночае шчасце. І ў 50-гадовым узросце сышлася з удаўцом Іванам Ковалем з Кароціч. Той застаўся з чатырма дочкамі на руках. Баба Лекса і для іх стала дарадчыкам, сяброўкай. Асабліва для 12-гадовай Каці, якая звала яе матуляй. На жаль, дзяўчынка была вельмі хворай і памерла ў 27 гадоў ад невылечнага захворвання. На руках у бабы Лексы пайшоў на той свет і другі муж Іван, з якім яна ў згодзе пражыла без малого два дзясяткі гадоў.
– Нягледзячы ні на што, ніколі не скардзілася на Бога, бо ён пасылае столькі выпрабаванняў, колькі чалавек вытрымае, – з вышыні пражытых гадоў кажа мая субяседніца. – Лічыцца, што туга – таксама грэх, таму заўсёды стойка прымала ўсе выпрабаванні. Кожнаму свой лёс наканаваны, не заўсёды атрымліваецца так, як хочаш. Але трэба быць удзячным за ўсё, што маеш.
Дзякуе Богу за ўсё баба Лекса ў храме Ражджаства Хрыстова вёскі Талмачава, у якім 30 гадоў была ў царкоўным хоры. Кожную нядзелю, кожнае свята спяшаецца на службу, заўсёды прымае актыўны ўдзел у царкоўным жыцці. За што ў мінулым годзе атрымала Архіерэйскую Грамату, якая важна вісіць на покуце.

Не сядзіць без справы і зараз баба Лекса. Раней многа вышывала крыжыкам, зараз вяжа сурвэткі кручком. А ў святы гатуе свае фірменныя пампушкі, якія любяць дзеці ўсіх пакаленняў сям’і Талмачэвец.
Сям’і, дырэктарам якой з’яўляецца баба Лекса.

Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Без рецепта, но с советом
Хрыстос Уваскрос!

Хрыстос Уваскрос!

11 апреля, 2026
Гороскоп на 12 апреля
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости