НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Надзея Грышко – настаўнік па класу фартэпіяна Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў – творчая і таленавітая асоба. Адкрываць свет мастацтва дзецям, захапляць іх музыкай, вучыць, падтрымліваць… Штодзень малады настаўнік ідзе на заняткі да сваіх выхаванцаў, каб дарыць дзецям кроплю сваіх ведаў, уменняў.
Надзя з хваляваннем узгадвае, як упершыню пазнаёмілася з фартэпіяна. Калі ёй было пяць гадоў, разам з бацькам паехалі ў госці ў Добруш. У сваякоў у кватэры стаяў музычны інструмент. За ім сядзела дзяўчынка і іграла. Гэтая карціна захапіла Надзею, прыцягнула яе ўвагу. У думках адразу ўзнікла жаданне навучыцца іграць на гэтым інструменце. У будучыні дзіцячая мара стала рэальнасцю. Надзея Грышко не толькі добра асвоіла мастацтва ігры на фартэпіяна, а і звязала сваё жыццё з музыкай на прафесійным узроўні.
Дзяўчына родам са Століна. Да шостага класа вучылася ў сярэдняй школе № 2 райцэнтра, а потым – у дзяржаўнай гімназіі.
У СШ № 2 наведвала клас з музычным ухілам. Яе настаўнікам была Аксана Камарова. Калі перайшла ў гімназію, пачала наведваць дзіцячую школу мастацтваў. Сувязі з выкладчыкам не страціла, паколькі Аксана Міхайлаўна пачала працаваць у гэтай установе.
Надзя наведвала заняткі, старанна вучылася, асвойвала музычную навуку і развівала свае таленты. Аксана Камарова пайшла ў дэкрэтны водпуск, настаўнікам Надзеі стала Вікторыя Савачка. Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, спынілася на музыцы. Паколькі ўжо тады адчувала, што гэтая справа асабліва адгукваецца ў душы, прыносіць радасць, дорыць добрыя эмоцыі, натхняе. Настаўнік Вікторыя Мікалаеўна падтрымала рашэнне дзяўчыны.
У час вучобы Надзя ўдзельнічала ў многіх конкурсах, фестывалях, але самыя незабыўныя эмоцыі падарыла паездка ў краіны Балтыкі. Не толькі музычная частка мерапрыемства вельмі спадабалася, і знаёмства з новымі краінамі, іх культурай і самабытнасцю.
Пасля яна паступіла ў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага на аддзяленне «фартэпіяна». Цяжкасцяў хапала: высокія патрабаванні, шматгадзіннае адточванне навыкаў на інструменце, часам апаноўваў сум па доме.
– Каб іграць на музычным інструменце, патрэбна мець любоў да яго і прыкладваць намаганні. Прычым, пастаянна, – кажа Надзея Грышко. – Калі адно з гэтых складнікаў адсутнічае, будзе цяжка і наўрад ці атрымаецца дасягнуць добрага выніку.
Кожны навучэнец, які прыходзіць на музычныя заняткі з жаданнем, праяўляе ўседлівасць, хутчэй за ўсё яго сяброўства з музыкай перарасце ў нешта большае. Зараз у Надзеі Сяргееўны на занятках займаецца 14 навучэнцаў. Яны прыходзяць два разы на тыдзень. Ёсць выпадкі, калі школу наведваюць дзеці з адной сям’і.
Пацікавілася ў маладога спецыяліста, да чаго трэба быць гатовым бацькам, якія вядуць сваё дзіця ў музычны клас. Надзея Сяргееўна адказала: «Па-першае, да таго каб набыць музычны інструмент. Толькі заняткаў у школе будзе мала. Па-другое, важна аказваць падтрымку і назапасіцца цярпеннем».
– Стараюся ствараць на занятках добразычлівую абстаноўку, – дзеліцца Надзея Грышко. – Размаўляю, пытаю, гуляю з імі. Гэта выклікае ўзаемную прыхільнасць.
Надзея слухае самую розную музыку: ад класікі да сучасных выканаўцаў.
У вольны час захапляецца фатаздымкамі. Некалькі гадоў таму маці на Новы год падарыла Надзі фотакамеру. З таго часу яна пачала знаёміцца з азамі фотасправы. Прызнаецца, што зараз больш за ўсё любіць фатаграфаць парт-рэты. Твар чалавека можна перадаць па-рознаму: праз пэўныя пачуцці і эмоцыі.
Зараз запісалася ў аўташколу, таму ў апошні час яе настольная кніга – «Правілы дарожнага руху».
У дзяўчыны многа планаў на будучыню. І, думаю, у Надзеі Грышко ўсё атрымаецца.
Святлана
МАРОЗ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс

Оставить комментарий

Похожие новости