НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Знаёмцеся, паважаныя чытачы, гэта Міхаіл Кузьміч – узыходзячая зорка з Давыд-Гарадка.

Яго барытон добра знаёмы жыхарам горада, паколькі ён пастаянна выступае на розных мерапрыемствах і прымае ўдзел у канцэртах. Сёлета юнак скончыў Давыд-Гарадоцкую дзіцячую школу мастацтваў, у якой сем гадоў займаўся па класу фартэпіяна пад кіраўніцтвам настаўніка Ніны Сцяпура. А яшчэ ў школе раскрыў свой патэнцыял у спевах.
Міхаіл не так даўно вярнуўся з ІІІ Абласнога адкрытага конкурсу вакалістаў імя М. І. Арэнскай, які праходзіў у Брэсце. Арганізатарамі выступілі Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт і Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы.
Конкурс праводзіўся ў дзвюх намінацыях: акадэмічныя спевы і эстрадныя спевы.
Міхаіл выступіў у апошняй намінацыі сярод 17-ці ўдзельнікаў. Прычым з ім канкурыравалі навучэнцы прафесійных вакальных студый Брэста, Кобрына і нават Мінска. А вось з дзіцячых школ мастацтваў было мала прадстаўнікаў, што сведчыць пра высокую канкурэнцыю.
На сцэну Міхаіл выйшаў з песняй «Сіняя вечнасць» легендарнага спевака Мусліма Магамаева і проста пакарыў журы сваім выкананнем. У выніку стаў лаўрэатам дыплома ІІ ступені.
– Міхаіл, віншую цябе з гэтым дасягненнем. Адкажы, калі ласка, чаму ты выбраў менавіта гэтую песню?
– Вялікі дзякуй за віншаванне. А гэтую песню выбраў таму, бо яна з душой. Мне вельмі падабаецца творчасць Мусліма Магамаева, кожная яго песня – гэта шэдэўр. Ён адчувае тое, пра што спявае. І няхай я здамся старамодным, але такі ў мяне пункт погляду. А сучасная музыка мне не падабаецца наогул. Ніякай мелодыі, набор слоў, прычым часта ненарматыўнай лексікі. Для мяне гэта не прымальна. Я ўвогуле забараніў бы такім выканаўцам выступаць, бо падлеткі вучацца на іх і думаюць, што гэта модна. У мяне іншае разуменне. Канешне, ёсць зоркі, песні якіх кранаюць сэрца, але канкрэтных куміраў сярод іх у мяне няма.
– Відавочна, што ты любіш музыку. Плануеш звязаць з ёй жыццё ці гэта для цябе проста хобі?
– Пасля заканчэння школы я буду спрабаваць паступаць Беларускую дзяржаўную музычную акадэмію. Гэта мая мара. Разумею, што будзе не так проста, але ж хто не стукае, таму не адчыняюць. Трэба заўсёды выкарыстоўваць усе магчымасці, якія дае лёс. Калісьці маці прывяла мяне ў музычную школу, заўважыўшы нейкія здольнасці, за што ўдзячны ёй. І гэты дыплом для мяне вялікае значэнне мае. Значыць, я сапраўды штосьці з сябе ўяўляю (смяецца). Да таго падтрымліваюць мяне родныя, настаўнікі, сябры, – кажа Міхаіл.
– Зараз надышоў час летніх канікулаў. Чым хочаш заняцца?
– У мяне многа планаў, але дзяліцца імі не буду. А раптам яны не здзейсняцца? І ў людзях я паважаю, калі спачатку ідзе справа, а потым слова. Зараз дапамагаю маці па гаспадарцы. Сустракаюся з сябрамі ў вольны час. Займаюся спортам, якім даўно захапіўся. Ну і, канечне, не забываю пра музыку, – кажа Міхаіл.
Дазволю сабе падзяліцца асабістым меркаваннем наконт гэтага юнака. Імпануе яго прынцыповасць, сур’ёзнасць і разам з тым сціпласць. За такой моладдзю наша будучыня. Неаднаразова бачыла, як ён спявае і наколькі ён гарманічны ў сваім выкананні. Яго хочуць бачыць на сцэне, і шчырыя апладысменты доказ гэтага. Упэўнена, імя Міхаіла Кузьміча мы яшчэ абавязкова пачуем.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Актуальные вопросы подготовки выборов
Аккредитовано 593 национальных наблюдателя
Диабет – не приговор

Оставить комментарий

Похожие новости