У Столінскім ГДК адбыўся справаздачны канцэрт заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага хору «Крыніца».
Ацэньвала мастацкую праграму калектыву спецыяльная камісія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у складзе прафесара кафедры беларускай народна-песеннай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, мастацкага кіраўніка фальклорнага ансабля «Грамніцы» Уладзіміра Зяневіча, вядучага метадыста па вакальна-харавым мастацтве Марыі Аласюк і загадчыка аддзела аматарскай творчасці Наталлі Бернат Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, кансультанта ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Івана Галабурды, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Неруш» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Валянціны Гладкай, мастацкага кіраўніка Пінскага ГДК, кіраўніка народнага хору палескай песні Ларысы Дзмітрэнка, намесніка дырэктара Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Марыны Клімук.
Хор «Крыніца» быў створаны ў 1973 годзе па ініцыятыве дырэктара музычнай школы Мікалая Вайцяхоўскага як хор Юнішчанскага сельскага клуба.
Рэпертуар складаўся з народных мясцовых песень, твораў беларускіх прафесійных і самадзейных кампазітараў, а таксама аўтарскіх твораў самога кіраўніка. За творчыя дасягненні, высокае выканаўчае майстэрства, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць у 1977 годзе яму прысвоена званне «Народны».
Калектыў аб’яднаў апантаных людзей, якія не ўяўлялі свайго жыцця без народнай творчасці, музыкі і песні.
У 1982 годзе хор узначаліла Алена Аўсянік, якая цалкам аддалася служэнню творчасці і калектыў стаў часткай яе жыцця. А педагагічныя і арганізатарскія здольнасці, бясконцая энергія і настойлівасць у спалучэнні з карпатлівай і нястомнай працай Алены Канстанцінаўны спрыялі поспеху і папулярнасці хору.
У 2011 годзе за развіццё нацыянальнай культуры калектыву было прысвоена званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Хор «Крыніца» прымае ўдзел практычна ва ўсіх значных мерапрыемствах на тэрыторыі горада і раёна, паспяхова прадстаўляе Століншчыну на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях і аглядах-конкурсах. Калектыў атрымлівае шмат узнагарод, якія сведчаць пра высокі ўзровень выканаўчага майстэрства, набывае папулярнасць за межамі краіны і гастралюе ў Польшчы, Германіі, Балгарыі, Расіі і інш.
На жаль, Алена Канстан-цінаўна пайшла з жыцця, але аднадумцы, сябры памятаюць таленавітую жанчыну, якая прысвяціла сябе служэнню творчасці і людзям. Не стала Валянціны Неўдах, Фёдара Стахаўца, Наталлі Дастанка, Надзеі Дабрынец, Фёдара Галузы і іншых выдатных артыстаў, якія зрабілі для калектыву вельмі многа.
Пасля таго, як не стала Алены Аўсянік, павяла за сабой аднадумцаў ўдзельніца хору, якая аддала яму 27 гадоў, Вольга Навумовіч. Гэта быў няпросты перыяд для ўсіх: пандэмія, хваробы, балючая страта сяброў, але «Крыніца» годна працягвала свой творчы шлях.
Сёння ў склад калектыву ўваходзяць артысты, якія сэрцам адданыя папулярызацыі народнай творчасці нашага раёна, – Адам Клочка, Мікалай Сімончык, Сяргей Мельнік, Ігар Разановіч, Аляксандр Камароў, Сяргей Бяляк, а цяпер і маладая змена артыстаў Сяргей Кудласевіч, Аляксандр Навумовіч, Аляксандр Дзенісовіч, Іван Ляшкевіч. У ліку жаночай групы – салістка Алена Дубойская, якая мае неймаверны голас. А таксама Вольга Адамовіч, Аксана Камарова, Валянціна Міцько, Аксана Гембіцкая, Ірына Шульжык, Вольга Шумко і маладыя спявачкі Ніна Вайцяхоўская, Крысціна Савачка, Алена Буднік, Наталля Пратасавіцкая.
Значную ролю ў дзейнасці калектыву іграюць і ў прамым, і ў пераносным сэнсе баяністы Мікалай Вайцяхоўскі і Пётр Астапчук. Цяжка ўявіць «Крыніцу» без групы акампаніятараў – заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь інструментальнага ансамбля «Брыз».
Рэпертуар калектыву ўвесь час пашыраецца. Артысты выконваюць беларускія, рускія і ўкраінскія песні, аўтарскія кампазіцыі былога кіраўніка Мікалая Вайцяхоўскага і інш. Сёння «Крыніца» – вядучы калектыў аматарскай творчасці не толькі ў раёне, але і ў вобласці. І да справаздачнага канцэрта рыхтаваліся цэлы год, выступілі з новай праграмай, якая ўразіла да глыбіні душы гледачоў.
Заўсёды адчуваецца значная падтрымка кіраўніцтва аддзела культуры і мясцовай улады. Не абмінулі яны гэтую значную падзею: хваляваліся і падтрымлівалі калектыў у час справазначнага канцэрта. Напрыканцы мерапрыемства слова ўзяў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сідарэвіч, які падкрэсліў важную ролю, якую адыграла «Крыніца» ў культурным асяродку раёна, пажадаў далейшага росквіту, павіншаваў з такой значнай падзеяй. Вольга Наумовіч не змагла стрымаць слёз, бо гэты чалавек на самай справе не ўяўляе сябе без хору, які стаў для яе другой сям’ёй, і падкрэслівае: «Хіба гэта не патрыятызм, калі мы зможам захаваць калектыў, якому ў наступным годзе споўніцца 50? Хіба мы не патрыёты, калі наша народная песня льецца па ўсім Палессі, а нас ведаюць за межамі краіны? Гэта мелодыі жыцця нашых бацькоў, якія мы павінны захаваць і дапамагчы палюбіць нашым дзецям, каб песня перадавалася з вуснаў у вусны і жыла сярод нас. «Крыніца» павінна жыць, а хор папаўняцца новымі і новымі талентамі». І высокая ацэнка прафесійнай камісіі і пацверджанне звання – гэта яшчэ адзін крок наперад па прафесійнай і творчай лесвіцы калектыву.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара